За час свайго прэзыдэнцтва Аляксандар Лукашэнка пабываў у 102 з 118 раёнаў Беларусі. На падставе адкрытых зьвестак Свабода падлічыла ягоныя рабочыя паездкі па краіне і стварыла інтэрактыўную мапу. Чаму Лукашэнка ігнаруе Горадзеншчыну і ўсходнюю Віцебшчыну і чым адрозьніваюцца ягоныя паездкі ад перадвыбарчых тураў заходніх палітыкаў? Глядзіце вынікі дасьледаваньня з нашым аналізам.
Як мы склалі мапу
Свабода падлічыла рабочыя паездкі Аляксандар Лукашэнкі ад часу выбраньня яго прэзыдэнтам Беларусі. Выйшла больш за 300 візытаў. Гэты сьпіс складзены на падставе адкрытых зьвестак, найперш з сайту president. gov. by і sb. by. Інфармацыя пра паездкі ў 1990-я гады — з папяровай вэрсіі газэты «Советская Белоруссия». Там публікаваліся навіны і рэпартажы з паездак Лукашэнкі па Беларусі.
Інфармацыю пра 16 раёнаў, якія не наведаў Лукашэнка, мы пераправерылі ў райвыканкамах і раённых газэтах*.
Аб’ехаць больш за 100 раёнаў — лічба сапраўды ўражвае. Хоць бы і за 25 гадоў. Але навошта Лукашэнку такая мэта — пабываць у кожным кутку Беларусі? Чаму на мапе рабочых паездак ёсьць прагалы на захадзе і поўначы? На гэтыя пытаньні адказвае Валер Карбалевіч, палітычны аглядальнік Свабоды.
Нагадвае стыль Машэрава
— Рабочыя паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў нечым падобныя на аналягічныя ваяжы па рэспубліцы Пятра Машэрава. Бо і тагачасны кіраўнік БССР таксама быў стыхійным папулістам. І эканамічная мадэль была падобная, вымагала неабходнасьці «ручнога кіраваньня».
Падабенства гэтых паездак у тым, што і тады, і цяпер выкарыстоўваюцца неэканамічныя мэтады кіраваньня. Але ёсьць і розьніца. Машэраў больш апэляваў да сацыялістычнай сьвядомасьці, спрабаваў распальваць працоўны энтузіязм. Лукашэнка ж увесь час заклікае да дысцыпліны, парадку, робіць стаўку на рэпрэсіі, пагражае пасадзіць мясцовых кіраўнікоў у турму.
Асьвятленьне ў друку візытаў Машэрава і Лукашэнкі падобнае. У тым стылі, што прыехаў кіраўнік, навёў парадак, заклікаў да лепшай працы, і адразу справы ў рэгіёне пайшлі на лад.
Чаму ён пазьбягае Горадзеншчыну і Віцебшчыну?
Лёгіка наведваньня Лукашэнкам тых ці іншых рэгіёнаў існуе. Напрыклад, ён любіць наведваць горад ці раён, дзе ўступае ў строй новы завод, дарога, мост, лядовы палац, каб перарэзаць чырвоную стужку. Таксама часьцей наведвае пасьпяховыя прадпрыемствы, каб прадэманстраваць краіне посьпех. Цалкам рэальна, што існуе і пэўнае лабіяваньне паездак кіраўніка дзяржавы. Маўляў, прыедзе Лукашэнка і раёну выдзеліць дадатковыя рэсурсы.
У мапе ягоных візытаў ёсьць два прагалы. Горадзеншчына (ня быў у Ашмянскім, Воранаўскім, Дзятлаўскім і Зэльвенскім раёнах) і Віцебшчына (ня быў у кожным трэцім раёне). Думаю, Лукашэнка з насьцярогаю ставіцца да Горадзеншчыны. Там большы ўплыў Захаду, Польшчы, каталіцызму. Таму ён інтуітыўна адчувае нешта чужое і баіцца сапсаваць настрой.
Віцебская вобласьць у пляне сельскай гаспадаркі — самая праблемная ў Беларусі. І чаго туды езьдзіць? Каб чарговы раз убачыць брудных кароў?
Затое ў Аршанскім і Шклоўскім раёнах Лукашэнка пабываў больш як па 20 разоў у кожным. Гэта ягоная радзіма. У гарадзкім пасёлку Копысь (Аршанскага раёну) ён радзіўся. У Шклоўскім раёне жыў і працаваў. Таму на гэтыя раёны ён бюджэтных грошай не шкадуе. Тут спрацоўвае і настальгія, і разуменьне, што мясцовыя жыхары — ягоны самы надзейны электарат.
Езьдзіць па краіне, каб псыхалягічна сілкавацца ад людзей
Адразу пасьля выбраньня прэзыдэнтам Лукашэнка пачаў актыўна езьдзіць па краіне і працягвае гэта рабіць дасюль. І вось чаму.
1. Каб падтрымаць статус «народнага прэзыдэнта». У першыя гады ягоныя паездкі былі нібы працягам прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Напярэдадні выбараў 1994 году Лукашэнка паказаў сябе больш актыўным за іншых кандыдатаў, ладзіў па некалькі сустрэч на дзень, і ў асноўным у рэгіёнах. Ён пабачыў вялізны эфэкт, які даюць ягоныя выступы; колькасьць прыхільнікаў хутка расла. І ён упэўніўся ў сваёй вялізнай харызьме. Потым, пасьля выбраньня, яму трэба было падтрымліваць статус «народнага прэзыдэнта», сустракаючыся з гэтым самым народам.
2. Неабходнасьць адміністрацыйнай мадэлі кіраваньня. Сама беларуская сацыяльная мадэль абумоўлівае стыль ручнога кіраваньня эканомікай. Гэта калі прэзыдэнт прыяжджае ў Воршу і разганяе ўрад за неадрамантаваны дах аднаго з корпусаў заводу ці здымае віцэ-прэм’ера, міністра за брудных кароў. Без такіх пэрыядычных імпульсаў зьверху адміністрацыйная мадэль гаспадараньня не працуе.
3. Папулісцкія прыёмы. Іх трэба дэманстраваць на простых, зразумелых ягонаму электарату прыкладах. Вось тэма брудных кароў зразумелая ўсім, таму ролік з тым славутым разносам у аграхолдынгу «Купалаўскае» набыў вялізную папулярнасьць.
4. Разьвезьці «падарункі» па рэгіёнах. У першыя гады кіраваньня ён ехаў у рэгіёны з падрыхтаванымі падарункамі. Калі яму расказвалі аб праблемах, ён заяўляў, што выдзяляе на іх вырашэньне пэўную суму грошай. Нешта рамантавалася, прыводзілася ў парадак. Таму ягоныя паездкі і давалі такі эфэкт.
5. Дэманстрацыя актывізму. Тое, што Лукашэнка не сядзіць у кабінэце, а езьдзіць па краіне, падтрымлівала эфэкт шчырага прэзыдэнта. Маўляў, можа, ня ўсё ў яго атрымліваецца, але ж ён стараецца.
6. Каб сілкавацца ад народу. У першыя гады кіраваньня Лукашэнка псыхалягічна падсілкоўваўся ад народу падчас такіх сустрэч. Ён так прызвычаіўся купацца ў народнай любові, што яму тое было неабходна для ўласнага самаадчуваньня. Гэта пазьней ягоныя паездкі ператварыліся ў бюракратычныя, казённыя падзеі, калі ён сустракаецца з падрыхтаванымі людзьмі. А ў першыя гады гэта былі сапраўдныя сустрэчы з народам.
У чым розьніца паміж паездкамі Лукашэнкі і заходніх палітыкаў?
— Кіраўнікі дэмакратычных краін таксама наведваюць рэгіёны. Гэта, як правіла, адбываецца падчас перадвыбарчай агітацыі. Вядомая амэрыканская традыцыя пацісканьня рук выбарнікаў. Але там палітычныя лідэры не кіруюць эканомікай, не наведваюць прадпрыемствы і не даюць указаньні, як трэба працаваць. А ў Беларусі гэта паўсядзённая практыка. Паводле афіцыйнага канцэпту, дырэктары-недарэкі самі, без каштоўнага ўказаньня кіраўніка дзяржавы, ні на што ня здольныя.
Спэцпраект «Дзе не ступала нага Лукашэнкі»
Мы зьезьдзілі ў рэгіёны, дзе ні разу ня быў Аляксандар Лукашэнка. Неўзабаве чытайце на нашым сайце рэпартаж зь Сеньненскага раёну, радзімы Машэрава, і Воранаўскага, дзе 80% насельніцтва назвалі сябе падчас перапісу 2009 году палякамі.
*Мы стваралі мапу на падставе адкрытых зьвестак. Калі вы пабачылі недакладнасьць, напішыце нам.