Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самы просты спосаб палепшыць жыцьцё


Адзін са сваіх апошніх артыкулаў у газэце The New York Times аўтар рубрыкі «Жывіце разумна» Тым Гэрэра прысьвяціў праблеме недасыпаньня і яе ўплыву на здароўе людзей.

Толькі ўявіце сабе, піша Гэрэра, што нехта падыходзіць да вас і прапануе набыць новыя чароўныя таблеткі. Гэтыя таблеткі могуць прыкметна палепшыць вашу памяць, агульную пазнавальную здольнасьць, здольнасьць да навучаньня і засваеньня новай інфармацыі.

Таблеткі таксама могуць палепшаць вашу ўвагу, настрой, здольнасьць процістаяць жыцьцёвым праблемамі, дапамогуць справіцца з парушэньнем абмену рэчываў, рызыкай сардэчна-судзінных хвароб і праблем з імуннай сыстэмай.

Ці купіце вы такія таблеткі? Вядома, так.

Праблема ў тым, што такі лек сапраўды існуе. Толькі ня ў выглядзе таблетак, якія трэба купляць. Усе названыя выгады для жыцьця і здароўя мы можам мець бясплатна. І, пры гэтым, усё, што трэба зрабіць, гэта пачаць класьціся спаць крыху раней.

Праблема

Амэрыканскі Цэнтар кантролю і прафіляктыкі хваробаў назваў недахоп сну крызысам грамадзкай аховы здароўя, заявіўшы, што адна траціна дарослых грамадзян краіны не атрымліваюць дастаткова сну. Каля 80 працэнтаў людзей паведамляюць аб праблемах са сном, прынамсі адзін раз у тыдзень.

Паводле дасьледаваньня 2016 году, недахоп сну «штогод прыводзіць да эканамічных страт на суму больш чым $400 мільярдаў у Злучаных Штатах і зьвязаны са штогадовай стратай 1,23 мільёна працоўных дзён».

Шкодныя вынікі, да якіх прыводзіць недахоп сну

  • Ваша агульная кагнітыўная (пазнавальная) прадукцыйнасьць, асабліва зрокавая ўвага і здольнасьць фармаваць ўспаміны, рэзка пагаршаецца.
  • Ваша здольнасьць успрымаць новую інфармацыю і вучыцца новаму аслабляецца, і ня важна, ня высьпіцеся вы да заняткаў, ці пасьля іх.
  • Вы наўрад ці правільна прачытаеце выраз твару і іншыя невэрбальныя сыгналы, якія падаюць людзі. Вы можаце няправільна іх інтэрпрэтаваць і нават памылкова ўспрыняць як пагрозу.
  • Вы, зь вялікай доляй верагоднасьці, станеце больш капрызнымі і будзеце з большым раздражненьнем рэагаваць на перашкоды.
  • Апрача такога моцнага ўплыву на разумовыя здольнасьці, недахоп сну ўплывае і на вашу фізычную кандыцыю. Недахоп сну выклікае павелічэньне вагі, рызыку разьвіцьця дыябэту і сардэчна-судзiнных хваробаў. Ён таксама робіць вас значна менш устойлівыя да вірусных інфэкцый.

Састарэлая норма

Найперш, трэба даведацца, колькі сну вам трэба. Агулам, калі вы прачынаецеся стомленым — значыцца вы не атрымалі дастаткова сну.

Залаты стандарт — восем гадзін у суткі — дзейнічае не для ўсіх. Дасьледаваньне, праведзенае ў 2015 годзе, паставіла пад сумнеў правіла, што нам абавязкова трэба спаць восем гадзін. Аказваецца, у кожнага чалавека свая норма.

Што можна зрабіць, каб палепшыць сон

Адзіны шлях гэта высьветліць — вывучыць свае ўласныя цыркадныя (сутачныя) рытмы. І адзіны рэальны арыенцір тут — адчуваньне сьвежасьці і бадзёрасьці на наступны дзень. Калі гэтага няма, значыць вы ня выспаліся.

Дапаможа зрабіць гэта вядзеньне дзёньніка сну, каб вы ведалі, калі і колькі спалі і як сябе адчувалі на наступны дзень.

Магчыма, трэба проста прызнаць, што вы ня «жаўранак» або не «зязюля».

Галоўная і апошняя парада — гэта жорсткі графік сну. Лепш за ўсё класьціся ў ложак і ўставаць у адзін і той жа час і ў працоўныя, і ў выхадныя дні. Гэта можа быць найбольш важнай фішкай у вашай агульнай гігіене сну.

З графікам сну шчыльна зьвязаныя графік прыёму ежы, графік спартовых практыкаваньняў і кантакту з экранамі гаджэтаў.

Ну і спальня, піша Тым Гэрэра, заўсёды павінна быць дастаткова зацемненай і ахалоджанай.

(Першая публікацыя 5 лістапада 2018 году)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG