Тэрмін экстрадыцыйнага арышту беларускага грамадзяніна Ўладзімера Юрчанкі, выдачы якога дамагаецца МУС Беларусі, заканчваецца 25 ліпеня.
Новазаводзкі раённы суд Чарнігава вызваліў са сьледчага ізалятара і зьмясьціў пад хатні арышт з абавязковым нашэньнем электроннага бранзалета грамадзяніна Беларусі Ўладзімера Юрчанку, затрыманага летась у ліпені на запыт беларускага МУС праз абвінавачаньне ў арганізацыі злачыннай групоўкі, якая займалася міжнародным трафікам цяжкіх наркотыкаў.
Сёлета ў сакавіку апэляцыйная судовая інстанцыя пацьвердзіла статус уцекача, які Ўладзімер Юрчанка атрымаў у 2017 годзе. Але Дзяржаўная міграцыйная служба паўторна пазбавіла яго гэтага статусу. Адвакаты беларуса аспрэчылі і гэта, але суд пакуль ня вынес канчатковага рашэньня.
Паводле ўкраінскага заканадаўства, тэрмін экстрадыцыйнага арышту Ўладзімера Юрчанкі заканчваецца 25 ліпеня. У выпадку, калі да гэтага часу Генэральная пракуратура Ўкраіны не пацьвердзіць абгрунтаванасьць экстрадыцыі, а суд зноў прызнае незаконным рашэньне аб скасаваньні статусу ўцекача, ягоная выдача Беларусі стане немагчымай.
У Беларусі яго абвясьцілі ў вышук у 2013 годзе, а праз год — у міжнародны. Ва Ўкраіне ён жыў у Чарнігаве на падставе статусу ўцекача, які атрымаў у 2017-м. Украінскія праваахоўнікі затрымалі Ўладзімера Юрчанку ў ліпені 2018 году ў Чарнігаве. Увесь час пасьля затрыманьня ён знаходзіўся ў Чарнігаўскім сьледчым ізалятары.
Гісторыя справы
Як адзначаецца ў судовых рашэньнях, апублікаваных ва Ўкраіне ў справе Ўладзімера Юрчанкі, беларускія праваахоўныя органы зацікавіліся ім у 2009 годзе як арганізатарам міжнароднай злачыннай групоўкі, створанай у 2008-м для атрыманьня прыбытку ад незаконнага абарачэньня наркотыкаў у Расеі, Таджыкістане, Казахстане і Беларусі.
Паводле матэрыялаў справы, з 26 красавіка па 2 траўня 2010 году Ўладзімер Юрчанка разам зь іншымі зламысьнікамі закупілі ў расейскім Омску гераін (асабліва небясьпечны наркотык) і плянавалі яго перавезьці і рэалізаваць у Беларусі. Ішлося аб вялікай партыі — ня менш як 46 кіляграмаў, але яе затрымала расейская міліцыя.
У верасьні 2010 году групоўка зрабіла другую спробу пераправіць у Беларусь наркотыкі, закупленыя месяцам раней у расейскай Пермі, але зноў няўдала — на гэты раз машыну з 28 кіляграмамі гераіну спыніў беларускі наркакантроль у пункце збору дарожнага мыта «Рэдзькі» на аўтадарозе Берасьце — Менск — мяжа Расейскай Фэдэрацыі. Наркотык везьлі ў машыне «Опэль-Астра» з расейскім рэгістрацыйным нумарам, а гераін быў схаваны пад выглядам 187 цыбулін.