Народны артыст СССР Інакенці Смактуноўскі да канца жыцьця не расказваў, што ягонага дзядзьку расстралялі, а бацька адседзеў у турме.
Даведка з НКУС аб аднаўленьні ў правах селяніна Міхаіла Смактуновіча — шараговы дакумэнт савецкай эпохі. Год зьняволеньня і тры гады высылкі на фоне Вялікага тэрору здаюцца драбязой. Асаблівасьць гэтай справы ў тым, што Смактуновіч — родны бацька народнага артыста СССР Інакенція Смактуноўскага.
Дакумэнты, якія сьведчаць аб тым, што блізкія сваякі Смактуноўскага трапілі пад рэпрэсіі, выявіў томскі краязнаўца, чалец Томскага рэгіянальнага гісторыка-краязнаўчага таварыства «Мэмарыял» Віктар Нілаў.
З дакумэнтаў архіўнай крымінальнай справы № П-8631 сталі вядомыя факты, пра якія народны артыст Савецкага Саюза не казаў да самай сьмерці. Ягоны дзед па маці, Махнёў Акім Сцяпанавіч, быў арыштаваны 19 лютага 1930 году і асуджаны «за контрарэвалюцыйную паўстанцкую дзейнасьць» на 10 гадоў папраўча-працоўных лягераў.
Нілаў накіраваў запыт у ФСБ, там пацтвердзілі: «Махнёў — адзін з кіраўнікоў і натхняльнікаў антысавецкай кулацкай групоўкі, які праводзіў сыстэматычную агітацыю сярод сялян супраць хлебазагатовак, лесанарыхтовак, заклікаў да непадпарадкаваньня мерапрыемствам савецкай улады на вёсцы, зрываў сходы, рыхтаваў замахі на актывістаў і савецкіх работнікаў вёскі».
Зь лягераў дзед Смактуноўскага ўжо не вярнуўся дадому: паводле сьведчаньняў сваякоў, ён загінуў там праз два гады. Яго аднавілі ў правах на падставе заключэньня абласной пракуратуры толькі ў чэрвені 1989 году.
Пошукі ў архівах прывялі Нілава да яшчэ аднаго адкрыцьця: роднага бацьку Інакенція Смактуноўскага таксама рэпрэсавалі. Міхаіл Пятровіч Смактуновіч быў млынаром ў сыбірскай вёсцы Тацьянаўка ў Томскай вобласьці. Ён быў асуджаны паводле 107-га артыкулу — за «спэкуляцыю». Суд палічыў яго вінаватым у продажы хлеба па завышанай цане і эксплюатацыі беднаты, прысудзіўшы да года пазбаўленьня волі і трох гадоў высылкі.
Траюрадная пляменьніца Смактуноўскага, Эма Аляксандраўна Іванова, у дзявоцтве Смактуновіч, у інтэрвію праграме «Сибирь. Реалии» ўспамінае яшчэ адзін трагічны эпізод сямейнай гісторыі. Яе роднага дзеда, Рыгора Пятровіча — дзядзьку Смактуноўскага — расстралялі ў 1937 годзе ў справе аб стварэньні кадэцка-манархічнай арганізацыі.
Упершыню ён трапіў на заметку карным органам сямю гадамі раней, у 1930-м, калі яго хацелі «раскулачыць». У той час браты Рыгор і Міхаіл разам валодалі млынам.
Цалкам верагодна, што Інакенці Смактуноўскі сьвядома ўтойваў гэтыя факты сямейнай гісторыі, каб не псаваць сабе біяграфію. У пяцідзесятыя гады, калі пачыналася ягоная тэатральная кар’ера, клясавае паходжаньне ўсё яшчэ грала важную ролю пры паступленьні ў інстытут і ўладкаваньні на працу. З гэтым жа меркаваньнем можа быць зьвязаная і зьмена прозьвішча.
У кнізе «Иннокентий Смоктуновский. Жизнь и роли» славуты актор так расказваў пра свайго прадзеда Мікалая Смактуновіча, якога сам называў беларусам: «Ён служыў егерам у Белавескай пушчы і ў 1861 годзе забіў зубра. Нехта данёс, і яго саслалі ў Сыбір — разам з усёй сям’ёй». Паводле іншай вэрсіі, Смактуновічаў саслалі ў Сыбір за ўдзел у паўстаньні 1863 году.
Перамену прозьвішча Смактуноўскі ў шэрагу ўспамінаў тлумачыў парадамі тэатральнага кіраўніцтва ў атмасфэры паваеннага антысэмітызму, калі ў расейскім Нарыльску любое прозьвішча на -іч выклікала асацыяцыі з габрэйствам. Цытата з «Акторскіх сшыткаў» Інакенція Смактуноўскага: «Мяне прымусіў зьмяніць прозьвішча дырэктар Нарыльскага тэатру, дзе я працаваў. Прапанаваў узяць псэўданім Славянін. Я не пагадзіўся, ён пагражаў звольніць, тады з узаемнай згоды памянялі канчатак».
Дырэктарка Томскага дома мастацтваў Вольга Ільіна кажа, што засталося шмат сьведчаньняў прывязанасьці актора да бацькі, які загінуў на вайне ў 1942 годзе:
«Смактуноўскі быў вельмі да яго падобны: рост, колер валасоў, рысы твару. Ён усё жыцьцё захоўваў пра яго памяць. Нават калі ён іграў Гамлета, у яго на шыі ў мэдальёне вісеў партрэт бацькі. Ён ніколі зь ім не расставаўся, і ў Вялікую Айчынную таксама. А яшчэ ён заўсёды лічыў, што талент яму перадаўся менавіта ад яго».
Адкрыцьці, якія тычацца лёсаў рэпрэсаваных, дагэтуль робяцца рэгулярна, кажа Васіль Ханевіч, загадчык музэю «Следственная тюрьма НКВД» у Томску. Усе яны ўносяцца ў электронную базу дадзеных міжнароднага таварыства «Мэмарыял».
— Нам патокам ідуць лісты, тэлефонныя званкі і электронныя звароты. — кажа Ханевіч. — Нядаўна было нават гнеўны ліст, калі ўнучка аднаго з названых у гэтым сьпісе пісала, што база ілжывая, што мы фальшуем гісторыю, а яе дзяды былі камсамольцы і камуністы. Я разумею, што ўнукі, тым больш праўнукі, вельмі многіх фактаў з біяграфіі сваіх продкаў проста ня ведаюць. Ніхто ім у сям’і не казаў праўды пра тое, што іх продкаў прыцягвалі, арыштоўвалі, пазбаўлялі выбарчых правоў. Гэта таямніца для многіх тысяч людзей.
Даведацца лёс рэпрэсаванага сваяка можна праз электронную базу «Мэмарыялу». Аднак ня ўсім падабаецца такая празрыстасьць і даступнасьць зьвестак, якія многія дзесяцігодзьдзі прынята было трымаць у сакрэце. Вядомыя выпадкі, калі людзі зьвяртаюцца ў рэгіянальныя таварыствы «Мэмарыялу» ня з просьбай знайсьці інфармацыю, а наадварот, прыбраць з адкрытага доступу зьвесткі аб рэпрэсаваных сваяках. Людзі кажуць, што баяцца за сябе і за сваіх блізкіх, бо рэпрэсіі могуць паўтарыцца ў любы момант.
(Першая публікацыя 26 чэрвеня 2018 году)