Старшыня палітрады партыі «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё» Віктар Медвядчук зьвярнуўся да кіраўнікоў груповак «ДНР» і «ЛНР» з просьбай вызваліць украінскіх палонных, якія знаходзяцца на акупаваных тэрыторыях Данбаса.
Як паведамляе ў чацьвер расейскае агенцтва ТАСС, кіраўнікі баевікоў Дзяніс Пушылін і Леанід Пасечнік далі згоду на вызваленьне чатырох утрыманых асобаў. І гэта адбудзецца 28 чэрвеня.
«Дзякуй за гэты аднабаковы крок. Гэта павінна стаць сур’ёзным сыгналам для цяперашняй улады », — цытуе ТАСС Віктара Медвядчука.
Акрамя таго, расейскае агенцтва піша, што Медвядчук заявіў, што «ўлада Ўкраіны не настроена на мірнае ўрэгуляваньне сытуацыі ў Данбасе і правядзеньне поўнага вызваленьня ўсіх утрыманы асобаў». Паведамляецца, што чатыры асобы будуць перададзеныя заўтра Медвядчуку ў Менску.
У той жа час аднапартыец Медвядчука Вадзім Рабіновіч у сацсетках паведаміў, што баевікі вызваляць Дзьмітрыя Вялікага, Якава Верамейчыка, Эдуарда Міхеева і Максіма Гараінава. Рабіновіч піша, што трое зь іх — вайскоўцы. Пацьверджаньня гэтай інфармацыі зь іншых крыніц няма.
Па дадзеных Міністэрства замежных спраў Украіны, Расея незаконна ўтрымлівае больш за 70 ўкраінцаў. У гэты лік не ўваходзяць 24 ўкраінскіх маракі, захопленыя Расеяй каля Керчанскага праліва ў канцы лістапада 2018 года.
Па дадзеных СБУ на студзень 2018 года, баевікі на Данбасе ўтрымліваюць 108 закладнікаў.