У Ганконгу працягваюцца масавыя пратэсты супраць закону аб экстрадыцыі. Дэманстранты выступаюць супраць магчымасьці перадачы жыхароў гэтай кітайскай аўтаноміі ў КНР.
Сёньня экстрадыцыя немагчымая праз дамову кітайцаў з брытанцамі. Пакінуўшы Ганконг, Вялікабрытанія дамовілася з КНР, што да 2047 года гэтая адмістрацыйная адзінка будзе захоўваць аўтаномію ў складзе Кітая.
Пратэсты пачаліся яшчэ ўвесну, але пазьней прыпыніліся. Апошнія некалькі тыдняў на іх выходзіла некалькі мільёнаў чалавек. Сусьветныя СМІ зьвяртаюць увагу на тое, што неафіцыйным гімнам пратэсту стала хрысьціянская песьня «Hallelujah to the Lord».
Ад пачатку ў пратэстах удзельнічала група хрысьціянаў, якія занепакоеныя тым, што прыняцьце законапраекту можа дазволіць Кітаю перасьледаваць вернікаў. Падчас пратэсту яны моляцца, чытаюць Біблію і сьпяваюць рэлігійныя сьпевы. Песьню «Hallelujah to the Lord» падхапілі і іншыя пратэстоўцы, у тым ліку няверуючыя.
Адныя ўдзельнікі кажуць, што песьня вельмі лёгка запамінаецца, бо складаецца з аднаго сказу. Іншыя тлумачаць, што рэлігійная песьня магла зьняць напружанасьць і паўплываць на паліцыю, якая ня мае права разганяць людзей, якія моляцца.
У Ганконгу хрысьціянаў — 12%. Самае распаўсюджанае верывызнаньне— кітайскія рэлігіі (59,5%). 21% жыхароў раёну лічаць сябе нерэлігійнымі.