Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё наадварот, віетнамскі шпіён, скарбы ў Беларусі — летнія чытанкі 2019


Праверце сваю валізку. Магчыма, вы забыліся ўзяць у адпачынак нешта самае важнае.

Кніга — вось што самае важнае на летніх вакацыях.

Начытаныя і абазнаныя ў літаратуры людзі дзеляцца сваімі думкамі пра кнігі, якія яны рэкамэндуюць абавязкова прыхапіць з сабой, выпраўляючыся ў адпачынак. Выдаўцы са свайго боку таксама маюць што падказаць і параіць.

Сяргей Макарэвіч, супрацоўнік культурніцкага фонду «Вяртаньне»:

1. Міленка Ергавіч, «Арэхавы палац».

Прачытаўшы некалі кнігу «Сараеўскае мальбара» Міленкі Ергавіча ў перакладзе Сяргея Шупы, я з радасьцю затым сустрэў і пераклад кнігі «Іншала, Мадона, іншала». Толькі гэта былі зборнікі хоць і выдатных, але апавяданьняў. Я ж найбольш люблю раманы. І вось у пачатку гэтага года выйшаў «Арэхавы палац» (яго таксама пераклаў Шупа), а сьледам прыехаў у Менск і сам Міленка.

«Арэхавы палац» — раман на 500 старонак. Шчыльна надрукаваных старонак. Я чытаў яго доўга, але з радасьцю. Аўтар апісаў жыцьцё адной сямʼі ў ХХ стагодзьдзі. І зрабіў гэта ў адваротным парадку: ад сьмерці галоўнай гераіні, Рэгіны Дэлавале, да яе нараджэньня. Нібы аўтар гартае сямейны альбом і расказвае гісторыі кожнага сямейніка. І ты сьледам за ім разглядаеш гэтыя здымкі. Ён арганічна ўплёў біяграфіі сваякоў у жыцьцё Рэгіны.

У кнізе ёсьць адзін эпізод, які мяне не адпускае і празь некалькі месяцаў пасьля прачытаньня рамана. Вось ён. Месячы цеста на хлеб у 1927 годзе памірае 42-гадовая Ката. Старэйшыя дзеці зьбіраюцца каля яе. Меншага, Луку, на руках прыносіць сястра нябожчыцы. «Ну, маленькі, пацалуй маму апошні раз». Лука не разумее, што мама нежывая. І ён затым усё спрабуе ўлезьці ў пакой, куды яе паклалі. Пацалуй апошні раз… Сумная карціна пракручваецца перад вачыма.

Прэзэнтацыя кнігі басьнійска-харвацкага пісьменьніка Міленкі Ергавіча «Арэхавы палац». Менск, 25 красавіка 2019 году
Прэзэнтацыя кнігі басьнійска-харвацкага пісьменьніка Міленкі Ергавіча «Арэхавы палац». Менск, 25 красавіка 2019 году

Увогуле гэты раман мяне прымушаў шмат разоў пераносіць гісторыю, апісаную Ергавічам, на сваю сям’ю, на беларускія вёскі і гарады, у якіх жылі мае сваякі. І часьцей нават не пераносіць, а ўспамінаць гісторыю маёй сям’і. На сустрэчы з Ергавічам у Менску я спытаўся, ці ён прыдумаў гісторыі пэрсанажаў рамана альбо нейкія былі рэальнымі. Міленка адказаў, што з канкрэтных людзей ня сьпісваў іх. Хаця такія гісторыі маглі мець месца. А я вось прачытаў кнігу і веру, што яны рэальныя. Так праўдзіва яны выглядаюць нават за дзьве тысячы кілямэтраў на ўсход ад месца апісаных падзей.

2. Альгерд Бахарэвіч, «Мае дзевяностыя».

Гады два таму я прачытаў кнігу Альгерда Бахарэвіча «Бэзавы і чорны: Парыж праз акуляры беларускай літаратуры». Чытаў і атрымліваў асалоду. Здаецца, Дзьмітры Гурневіч тады ў сваім водгуку назваў яе найлепшай у пісьменьніка. І я разумею яго захапленьне. Бо кніга, прынамсі для мяне, не пра беларускую літаратуру, нават не пра Парыж, а пра аўтара. Шчырыя эсэ пра самога аўтара. А шчырасьць мяне заўжды падкупляе.

Вось і «Мае дзевяностыя» — гэта незвычайныя ўспаміны па пэўны час. Кніга найперш пра маладосьць Бахарэвіча. А тое, што прыпала яна на дзевяностыя, толькі зьбег абставінаў.

Аўтар і выдавец: Альгерд Бахарэвіч і Андрэй Янушкевіч з выданьнем «Мае дзевяностыя». Фота Юлі Цімафеевай
Аўтар і выдавец: Альгерд Бахарэвіч і Андрэй Янушкевіч з выданьнем «Мае дзевяностыя». Фота Юлі Цімафеевай

Часта чую ў дачыненьні да «Маіх дзевяностых» адну і тую ж заўвагу: «У мяне былі свае 90-я». Маўляў, не хачу чытаць пра чужыя. І ў мяне яны былі свае. Я, праўда, яшчэ школы ня скончыў з прыходам нулявых. Але гэта кніга аднаго з найлепшых сучасных пісьменьнікаў Беларусі. Таму я ўспрымаю яе таксама і як раман-эсэ, напісаны клясным аўтарам, зь яго адметным стылем. Проста галоўны герой у ім — сам Бахарэвіч.

Пару дзён таму размаўляў са знаёмай літаратаркай. Яна кажа: «Прачытала пераклад на беларускую „Стамбулу“ Архана Памука. Харошая кніга. Але наш Бахарэвіч піша ня горш».

І сапраўды, ён піша ня горш. Ён піша такую літаратуру, якую аднолькава цікава будзе чытаць паўсюль у Эўропе, а то і шырэй. Гэты аўтар — як Сяргей Жадан ва Ўкраіне, гэтая кніга — як «Стамбул» Архана Памука.

3. Віет Тан Нгуен, «Той, які спачувае» (анг. The Sympathizer).

Я гэтую кнігу не прачытаў, а праслухаў. Некалькі месяцаў таму аформіў падпіску на сэрвіс з аўдыёкнігаміі, пачаў штораніцы па дарозе на працу слухаць раман за раманам. Кніга Нгуена прыцягнула ўвагу дзьвюма рэчамі: па-першае, амэрыканскі аўтар віетнамскага паходжаньня — значыць, раман з нацыянальным калярытам, па-другое, атрымаў Пулітцэраўскую прэмію ў 2016 годзе — і гэта за дэбютны раман! Дэбют, які The New York Times назвала бэстсэлерам, варты ўвагі.

У рамане аўтар расказаў гісторыю падзеньня Паўднёвага Віетнаму. Апавяданьне ён уклаў у вусны галоўнага героя, які нарадзіўся па-за шлюбам ад сувязі амэрыканскага сьвятара і віетнамскай жанчыны. Атрымаўшы амэрыканскую адукацыю, ён вярнуўся на радзіму. І стаў камуністычным шпіёнам на карысьць Паўночнага Віетнаму. Кніга, пра гістарычную дакладнасьць якой не маю ўяўленьня, тым ня менш раскрыла для мяне гэтую далёкую краіну. Не паглыбляючыся ніколі ў гісторыю Віетнама, я не разумеў, што там у 1960–1970-х рабілі савецкія і амэрыканскія вайскоўцы. Гэты раман падштурхнуў мяне прачытаць парачку артыкулаў па тэме.

Бастард, які ня стаў ні амэрыканцам у ЗША, ні віетнамцам на радзіме. Герой кнігі, імя якога аўтар не называе, ці не на апошнім самалёце вылятае з Сайгона ў 1975-м і зноў трапляе ў ЗША. Нгуен шмат піша пра адносіны амэрыканцаў да эмігрантаў: часта гэта непрыманьне прыежджых за роўных сабе.

Прыгадаўся іншы амэрыканскі бэстсэлер, напісаны нігерыйскай англамоўнай пісьменьніцай Чымаманда Нгозі Адычы (Chimamanda Ngozi Adichie) — раман «Амэрыканка». Паміж часам, апісаным у Нгуена і Адычы, больш за трыццаць гадоў, але праблема расавай дыскрымінацыі на побытавым узроўні ў ЗША нікуды не зьнікае. Прынамсі, у абодвух раманах ёй адведзенае значнае месца.

У кнізе Нгуена мяне парадавала вялікая колькасьць мэтафараў. А яшчэ раман можна разабраць на афарызмы. Як гэты, напрыклад: «Абшмароўваць прапагандысцкім гноем проста, калі гаворка вядзецца пра салдат». Я слухаў раман у расейскім перакладзе. Набыць арыгінал таксама не праблема — абы англійская была на належным узроўні».

Выдавецтва «Мастацкая літаратура»:

1. Яраш Малішэўскі, «Дзіцячы атляс Беларусі. Замкі, крэпасьці, бажніцы».

Знаўца беларускай гісторыі, зьбіральнік айчынных старажытнасьцяў, адзін з найлепшых гідаў Беларусі Яраш Малішэўскі апавядае пра сто і адзін скарб сваёй краіны. Якія ж гэта скарбы: трыкутны ці без аднае вежы, з найстарэйшым у Беларусі гадзіньнікам альбо напалову мураваны, напалову драўляны, найвышэйшы альбо найменшы…

Гэтыя скарбы ва ўсіх куточках Беларусі. Яны чакаюць тых, хто не стамляецца захапляцца, хто гатовы ўзьняцца на высокія вежы і спусьціцца ў глыбокія сутарэньні, хто бачыць мінулае і будучыню. У кожнага скарбу ёсьць сэрцайка. Пакуль што ўнутры яно белае. Але кожны — як будучы дарослы, гэтак і даўно дарослы — мае магчымасьць размаляваць тое сэрцайка, якое бачыў, альбо тое, якое марыць пабачыць.

Як піша аўтар: «Нашыя помнікі — адзін з тых падмуркаў, на якіх і будуецца ўсьведамленьне сябе, як чалавека, што ведае свае карані. І яны даюць моц — жыць і ствараць».

І як гэта бывае з найлепшымі кнігамі: назва на вокладцы «дзіцячы» — умоўная, бо цяжка ўявіць беларуса, які не шукае скарбаў.

2. Генадзь Бураўкін, «Ніці лёсу: вершы». Укладальнік Віктар Шніп, мастак Леанід Шчамялёў (сэрыя «100 вершаў»).

Надвор’е ўлетку зьменлівае: то цёплы дожджык, то сьпёка, то грымоты і маланкі. Але пры любой зьменлівасьці нязьменнымі застаюцца цудоўныя вершы Генадзя Бураўкіна.

Зь першага ж радка кнігі паэт мовіць: «Не шукайце красы за морамі…». Ды і як не пагадзіцца, калі

І вось мы цэлы месяц бадзяемся па лесе,
Дзьвіну на бераг цягнем у мокрых невадах,
А ў вачах —
смугою —
сіняе Палесьсе,
а на губах —
тугою —
далёкай мяты пах.

«Я веру, што і ў кветак ёсьць душа», — заўважае Генадзь Бураўкін. Цеплынёй і рамантыкай прасякнутыя вершы не адпускаюць ад сябе:

Я жыву сярод птушак і пчол,
Мне на рукі садзяцца стракозы.
І я ўсіх
Рамантычна цьвярозых
Да сябе запрашаю за стол.

Каханьнем і любоўю поўніцца кніга. І верай:

Я веру:
нешта ў сьвеце застанецца.
Застанецца
на роднай зямлі грудок.
Застанецца
на роднай мове радок…

І, вядома ж, застанецца чытач, для якога сто вершаў Генадзя Бураўкіна выдадзеныя ў суладзьдзі з карцінамі Леаніда Шчамялёва.

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG