Рэктар Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі Леанід Губерскі разарваў на патрабаваньне студэнтаў пагадненьне з выкладчыкам Андрэем Партновым.
Перад гэтым адміністрацыя ВНУ прызначыла яго на пасаду прафэсара катэдры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэту.
20 чэрвеня каля 200 студэнтаў наладзілі акцыю пратэсту. Яны трымалі ў руках плякаты: «Партноў, пара ў Растоў!», «Месца Партнова — у турме, а не ва ўнівэрсытэце», «Сёньня — Партноў, заўтра — Януковіч». Таксама надпісы тычыліся і рэктара; у прыватнасьці, на адным з плякатаў было напісана «Губерскі = Пуцін».
Пасьля гэтага навучэнцы распачалі сядзячы страйк пад кабінэтам Губерскага. У выніку кіраўнік унівэрсытэту разарваў пагадненьне з Партновым, падпісаўшы позна ўвечары адпаведны загад.
Андрэй Партноў працаваў у адміністрацыі колішняга прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, стаўшы ў 2014 годзе першым намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі. Пасьля ўцёкаў Януковіча Партноў гэтаксама пакінуў Украіну і 5 гадоў хаваўся за мяжой. Ягонае вяртаньне студэнтаў ня ўзрадавала, а сваю перамогу маладыя людзі адзначылі калектыўнымм сьпевам гімну Ўкраіны.
Сам Партноў адзначыў, што спакойна ставіцца да свайго адхіленьня ад выкладчыцкай дзейнасьці ва ўнівэрсытэце і мае заняцца іншымі праектамі.