Праверце сваю валізку. Магчыма, вы забыліся ўзяць у адпачынак нешта самае важнае.
Кніга — вось што самае важнае на летніх вакацыях.
Начытаныя і абазнаныя ў літаратуры людзі дзеляцца сваімі думкамі пра кнігі, якія яны рэкамэндуюць абавязкова прыхапіць з сабой, выпраўляючыся ў адпачынак. Выдаўцы са свайго боку таксама маюць што падказаць і параіць.
Юля Цімафеева, паэтка, перакладчыца:
«Лета для мяне — самая вольная пара году. Летам мы свабодныя ад цяжкой зімовай вопраткі, ад неабходнасьці хавацца ад сьнегу і дажджу, летам у нас больш магчымасьцяў вандраваць і выходзіць за асабістыя (і дзяржаўныя) межы, летам мы можам быць не такімі перадузятымі да кніг.
„Птушка ўва мне ляціць, куды захоча“. Сара Лундбэрг, пераклад са швэдзкай Надзеі Кандрусевіч-Шыдлоўскай.
І таму адна з кніг, якія я раю прачытаць менавіта цяпер, — гэта кніжка-карцінка швэдзкай пісьменьніцы і ілюстратаркі Сары Лундбэрг, якая ня так даўно выйшла ў перакладзе Надзеі Кандрусевіч-Шыдлоўскай у выдавецтве „Коска“.
Галоўная гераіня кнігі — дзяўчынка-падлетак Берта — выхоўваецца на фэрме, дзе яна жыве разам з бацькам, сёстрамі і хворай на сухоты маці, якую дзяўчынка бачыць толькі ў ложку. Бацьку складана спраўляцца зь вялікай гаспадаркай самому, таму ён чакае, што дочкі, калі падрастуць, зробяцца яму сапраўднай падмогай, аднак Берта адчувае ўнутры моцнае пакліканьне маляваць і хоча зьехаць вучыцца…
З аднаго боку, гэта вельмі паэтычная і літаратурна тонкая кніга, а з другога боку, амаль дасканалая візуальна. Скарыстоўваючы разнастайныя тэхнікі і розныя пляны, ведучы аповед ад першай асобы, Сара Лундбэрг дае нам магчымасьць адчуць сябе нязграбным і летуценным дзяўчом, што носіць у вёдрах ваду, доіць карову, варыць гарохавы суп, але прагне тымі самімі рукамі „перастварыць“ сьвет наўкола паводле ўласных уяўленьняў і наважваецца стаць творцай.
За аснову кнігі пісьменьніца Сара Лундбэрг узяла гісторыю швэдзкай мастачкі Берты Хансан. Дарэчы, спэцыяльна для дарослых чытачоў у пасьлямове да кнігі можна пачытаць яе больш празаічную гісторыю і пабачыць архіўныя фатаграфіі.
За гэтую кнігу ў Швэцыі Сара Лундбэрг атрымала прэмію Аўгуста Стрындбэрга ў галіне дзіцячай літаратуры ў 2017 годзе. „Птушка ўва мне ляціць, куды захоча“ таксама была прызнанай найлепшай кнігай-падарункам. Я думаю, гэта шыкоўны летні падарунак і для беларускіх чытачоў.
„Пыха і перадузятасьць“. Джэйн Остэн, пераклад з ангельскай Ганны Янкуты.
У адрозьненьне ад папярэдняй кнігі, амаль навінкі, раману Джэйн Остэн пра жыцьцё „дробнапамеснага англійскага дваранства на мяжы ХVІІІ і ХІХ стагодзьдзяў“ ужо больш за 200 гадоў. Ня ведаю, ці варта пераказваць сюжэт, думаю, беларуская публіка так ці іначай сутыкалася з гісторыяй Элізабэт Бэнэт і містэра Дарсі, або пазнаёміўшыся з гэтым клясычным раманам па-расейску, або паглядзеўшы адну са шматлікіх экранізацый. Але ня думаю, што чытачы Джэйн Остэн так ужо баяцца спойлераў. Хутчэй мы чытаем гэтую кнігу, каб насалодзіцца іроніяй ці часам нават сарказмам, якой яна прасякнутая, уважлівасьцю да характараў і дэталяў, гульлівасьцю стылю і выкшталцонасьцю мовы.
Мне асабіста забаўна ўяўляць, як Джэйн Остэн, маладая дзяўчына на выданьні, хаваючыся ад сваіх сямейнікаў ці нават пішучы ў агульнай гасьцёўні на вачах ва ўсіх (наўрад ці ў яе быў асабісты кабінэт), унутрана заходзіцца ад сьмеху, ажыўляючы сваіх герояў атрамантам на паперы.
Паводле яе ўласных прызнаньняў, Ганна Янкута працавала над гэтым перакладам амаль дзевяць гадоў, што, безумоўна, пайшло беларускай вэрсіі рамана толькі на карысьць. Перакладчыца стварала зь нічога мастацкі стыль, якога ў беларускай літаратуры дагэтуль практычна не існавала.
Ну, і, канечне, вокладка кнігі і забаўныя ілюстрацыі Натальлі Паваляевай вылучаюць беларускае выданьне, робячы кнігу іранічнай не толькі па зьмесьце, але і па форме.
Па-мойму, „Пыха і перадузятасьць“ — цудоўнае чытво для сонечных дзён».
Выдавецтва «Кнігазбор»:
1. Рыгор Барадулін «Дзёньнікі і запісы». Том 6
Мы хочам ведаць ня толькі вершы любімых паэтаў, але і абставіны, у якіх яны ствараліся, хто і што спрыяла-неспрыяла ім, калі і што любілі-ненавідзелі. Многае з «закадравага» Рыгора Барадуліна раскрываюць ягоныя «Дзёньнікі і запісы», шосты том якіх вось-вось выходзіць у «Кнігазборы».
2. Васіль Быкаў «Поўны збор твораў». Том 10, кніга 2
Прыхільнікі ж прозы Васіля Быкава будуць усьцешаныя навіной пра хуткі выхад 2-й кнігі 10-га тому «Поўнага збору твораў» народнага пісьменьніка.
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.