Званок у браму раздаўся ў гадзіну ночы. Я выйшла на вуліцу, агледзелася — нікога.
Праз 15 хвілінаў званок паўтарыўся. Я прытаілася ля вакна за фіранкай: пуста.
Пайшла спаць — у тую ж хвіліну брынк! Я зрабіла засаду ў сваёй машыне, прыпаркаванай у двары. Зноў бясплённа.
Шматкроць я ўскоквала на званок і, шалеючы, вярталася ў ложак. Як раптам затромкала акурат тады, калі я выскачыла да брамы. Ён званіў сам!
4:00. Я, як сапёр, з абцугамі схілілася над дроцікамі, што вядуць ад званка: які рэзаць — чырвоны ці жоўты? Чык!
Спаць!
Раніцай разабралася: званок закараціўся, бо намок, а я псыхічна здаровая!
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org