Адмысловы мэдаль, заснаваны Радай БНР да 100-гадовага юбілею, у Віцебску ўручылі грамадзкім актывістам Сяргею Каваленку і Барысу Хамайду.
Узнагароду за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга ў самых цяжкадаступных месцах, у тым ліку на гарадзкой ёлцы ў Віцебску, за Сяргея Каваленку атрымала яго жонка Алена, бо сам ён знаходзіцца ў Польшчы.
Барыса Хамайду ўганаравалі мэдалём за выдавецкую і рэдактарскую дзейнасьць. У 1990-я гады ён на ўласныя грошы заснаваў гарадзкую незалежную газэту «Выбар» і быў яе рэдактарам. А таксама за папулярызацыю беларускіх нацыянальных і дэмакратычных каштоўнасьцяў — за грамадзкую дзейнасьць, якую спадар Хамайда вядзе ўжо каля 30-ці гадоў каля «сіняга дому» ў Віцебску, дзе ён ладзіць пікеты і распаўсюджвае незалежную прэсу.
Уручэньне мэдалёў праходзіла ў арт-пабе «Торвальд» у вузкім сяброўскім коле.
«Гэта ня толькі мой мэдаль, — сказаў Барыс Хамайда, — Гэты мэдаль мусіў бы атрымаць Уладзімер Плешчанка, які пачаў пікетаваньні каля „сіняга дому“, але ён не дажыў да гэтага дня. Я ня змог бы працаваць адзін, мне дапамагалі блізкія людзі — і тыя, хто цяпер тут, і каго ўжо няма з намі. Мне дапамагалі набываць бел-чырвона-белыя сьцягі, маляваць плякаты, зь якімі я выходзіў, дапамагалі нават адзеньнем або ежай. Я магу шчыра сказаць: гэты мэдаль — узнагарода ўсім вольным людзям Віцебску. Кожны зь іх заслужыў яго часьцінку».
Мэдалём «100 год БНР» уганараваны больш за 130 асобаў зь Беларусі і замежжа.