10 чэрвеня ў Дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася часовая экспазыцыя «Васіль Быкаў. Пункціры жыцьця». Яна прымеркаваная да 95-гадовага юбілею народнага пісьменьніка і 75-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Экспазыцыя раскрывае старонкі жыцьця пісьменьніка і грамадзкага дзеяча праз аўтографы на кнігах, якія ён цягам свайго жыцьця дарыў сябрам і калегам — Марыі Хайноўскай, Лідзіі Арабей, Аляксею Карпюку, Валянціну Тарасу, Алесю Адамовічу, Рыгору Барадуліну, Генадзю Бураўкіну, Івану Чыгрынаву і многім іншым. Таксама выстаўленыя фатаздымкі, лісты і паштоўкі з фондаў музэю.
Як адзначыў дырэктар музэйнай установы Міхаіл Рыбакоў, не адно пакаленьне выхоўвалася на творах Васіля Быкава, але і да сёньня цікавасьць да асобы пісьменьніка не зьмяншаецца: да ягонай творчасьці зьвяртаюцца літаратуразнаўцы, мастакі, драматургі, рэжысэры.
«Васіль Быкаў прапускаў празь сябе ўсё, што бачыў навокал, — сказаў ён падчас адкрыцьця экспазыцыі. — І каб не было такіх ахвярных людзей, цяжка сказаць, што было б з намі далей. Бо ён уласным прыкладам заклікаў землякоў ня быць абыякавымі, раўнадушнымі, а сваімі імпульсамі-пункцірамі захоўваць наш агульны дом — Беларусь».
У 2014 годзе на мапе быкаўскіх мясьцінаў зьявіўся новы мэмарыяльны адрас — музэй-дача ў Ждановічах. Да яго зьяўленьня прыклаў руку тагачасны міністар культуры Павал Латушка, цяперашні дырэктар Купалаўскага тэатру.
«Кожны народ мае выключных асобаў, якія фармуюць нацыю, — сказаў ён. — Дык вось бяз Быкава ўявіць Беларусь папросту немагчыма. Асабіста для мяне ён уваходзіць у вялікую пяцёрку літаратараў, якіх можна лічыць сумленьнем нашага народу: гэта Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Уладзімер Караткевіч, Васіль Быкаў... Мы — вартасная нацыя і маем права ганарыцца тымі, хто вызначае лёс нашай краіны».
Як падкрэсьлілі арганізатары экспазыцыі, галоўнай мэтай было паказаць чалавечнасьць Быкава празь ліставаньне з блізкімі людзьмі і аўтографы, якія ён пакідаў ім разам з новымі кніжкамі.
Былі агучаныя аўтографы і пажаданьні так званай «Васілёвай кагорце» — найбліжэйшым сябрам Быкава, сярод якіх Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Валянцін Тарас, Аляксей Карпюк. А ці не найбольшая калекцыя назьбіралася ў сябра і аднадумцы Алеся Адамовіча.
«Васіль Уладзімеравіч і мой бацька не расставаліся з таго самага дня, як Быкаў пераехаў у Менск з Горадні, — згадвае Натальля Адамовіч, дачка пісьменьніка. — А да таго яны рэгулярна ліставаліся, стэлефаноўваліся. І гэта было шчырае сяброўства, бо неяк сам Быкаў, калі ўжо прыяжджаў з-за мяжы, прызнаўся: «Быццам і засталіся ў Менску людзі, а пагаварыць няма з кім — Саша сышоў...»
Паэт Сяргей Законьнікаў расказаў, што ў канцы 1970-х падчас працы ў ЦК КПБ, дзе ён адказваў за сучасную беларускую літаратуру, у літаральным сэнсе даводзілася «прабіваць» кожны новы твор Васіля Быкава — такое было насьцярожанае стаўленьне ў Маскве да беларускага «праўдаруба».
«Многія думаюць, што Васіль Уладзімеравіч — адлюстраваньне сваёй паўночнай зямлі: суровы, няўсьмешлівы, — сказаў Сяргей Законьнікаў. — Але хто зь ім быў бліжэй, ведаў, што ён і пяшчотны, і сэнтымэнтальны. Насамрэч яму было вельмі цяжка, бо можна толькі ўявіць, як ён унутрана перажываў усе напады супраць сябе — ісьці ж на кампрамісы ні пры якіх умовах не пагаджаўся».
Яшчэ адзін зямляк Васіля Быкава — паэт Навум Гальпяровіч. Паводле яго, Васіль Уладзімеравіч неяк расказаў, што для вушацкіх «выбрацца ў горад» азначала зьезьдзіць у Полацак, адкуль якраз Гальпяровіч. Гэта потым стала іх агульным «пазыўным».
«Нам усім пашчасьціла жыць у адным часе з Васілём Быкавым — асобай, маштаб якой яшчэ давядзецца ўсьвядоміць, — перакананы літаратар. — Асабіста для мяне было вялікім шчасьцем кантактаваць зь ім, а яшчэ большае задавальненьне — атрымаць прызнаньне ў выглядзе вось такога аўтографа: «Навуму, рупліўцу і „адвакату“ роднай Віцебшчыны».
Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 году ў вёсцы Бычкі на Вушаччыне. Навучаўся на скульптурным аддзяленьні Віцебскай мастацкай вучэльні. Быў мабілізаваны ў Чырвоную армію, прайшоў па тэрыторыі Румыніі, Баўгарыі, Вугоршчыны, Югаславіі, Аўстрыі, двойчы паранены.
Упершыню творы Быкава былі апублікаваныя ў 1947 годзе. Тэматыка раньніх апавяданьняў вызначыла далейшы лёс пісьменьніка, а бескампраміснасьць прозы стала прычынай нападаў савецкай крытыкі, якая абвінавачвала аўтара ў «ачарненьні савецкага ладу».
Тым ня меней шэраг твораў — «Трэцяя ракета», «Альпійская баляда», «Мёртвым не баліць», «Сотнікаў», «Абэліск», «Пайсьці і не вярнуцца» — паставілі Быкава ў адзін шэраг з выдатнымі майстрамі ваеннай прозы XX стагодзьдзя. Многія апавяданьні былі экранізаваныя.
У 1974 годзе Васіль Быкаў быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР, а ў 1980-м атрымаў званьне Народнага пісьменьніка Беларусі.
Аднак сярэдзіна 1990-х абярнулася новай хваляй цкаваньня: напады ў дзяржаўнай прэсе, забарона на выхад новых твораў, цэнзура вымусілі зьехаць з краіны. Васіль Быкаў з жонкай некалькі гадоў жылі ў Фінляндыі, Нямеччыне, Чэхіі.
У Празе Быкаў перанёс апэрацыю па выдаленьні ракавай пухліны страўніка. Пасьля вяртаньня ў Беларусь быў на рэабілітацыі, аднак цалкам спыніць разьвіцьцё хваробы не ўдалося.
Народны пісьменьнік памёр 22 чэрвеня 2003 году ў рэанімацыйным аддзяленьні анкалягічнага шпіталя ў Бараўлянах.