Чарговае надзвычайнае здарэньне адбылося 27 траўня на Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце. Рабочы ўпаў зь сямімэтровай вышыні, пасьля чаго быў шпіталізаваны зь пераломамі ног, паведамілі Свабодзе дзьве нязьвязаныя паміж сабой крыніцы, знаёмыя з сытуацыяй.
Пазьней афіцыйны прадстаўнік УСК па Гомельскай вобласьці Марыя Крываногава пацьвердзіла БЕЛТА факт здарэньня. Рабочы 1984 году нараджэньня ўпаў, калі спрабаваў дастаць тэлефон, які ўпаў на тэхналягічнае пакрыцьцё падлогі.
Сьледчы камітэт праводзіць праверку па факце траўмаваньня чалавека.
Гэта ня першае здарэньне на камбінаце, запуск якога суправаджаецца пратэстамі мясцовых жыхароў.
14 траўня зьявіліся здымкі імавернай аварыі на заводзе беленай цэлюлёзы. Па сьведчаньнях работнікаў заводу, на адным з цэхаў абваліўся дах. Прэсавая сакратарка канцэрну «Белляспаперпрам» Ружэна Навіцкая ў камэнтары Свабодзе зьняпраўдзіла гэтую інфармацыю. Аднак празь некалькі дзён прэм’ер-міністр Сяргей Румас пры наведваньні Сьветлагорску прызнаў, што аварыя мела месца. Узімку на тэрыторыі прадпрыемства здарыўся выкід бруду і пены з ачышчальных збудаваньняў.
Пасьля зьяўленьня ў СМІ фота надзвычайных здарэньняў на Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце кіраўніцтва прадпрыемства распарадзілася забараніць работнікам здымкі мабільнымі тэлефонамі.
Што важна ведаць пра завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам
- У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў распачаты.
- Смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасьля першых пусканаладачных работ.
- Кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што выкіды не аказваюць нэгатыўнага ўплыву на здароўе, аднак пасьля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, прызнала, што «газы з кепскім пахам» — мэтыльмэркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
- 25 сьнежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам».
- 7 ліпеня 2018 году ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасьці беленай цэлюлёзы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.
- 15 верасьня мясцовыя жыхары зноўку выйшлі на пратэст у Сьветлагорску супраць выкідаў з кітайскага заводу.
- Вытворчасьць беленай цэлюлёзы нясе выкіды мэтыльмэркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць сьмерць.
- За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
- За 350 мэтраў — вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.
- Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.
Канцэрн «Белляспаперпрам» запэўнівае, што запуск вытворчасьці беленай цэлюлёзы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:
- тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
- парнікі і адкрытыя надзелы Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі;
- сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.
«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Сьветлагорскам запускаюць кітайскі завод
У ліпені кіраўніцтва ЦКК абяцала, што будзе праводзіцца рэгулярны маніторынг экалягічнай сытуацыі ў раёне. Цяпер амаль штодзень на сайце Сьветлагорскага ЦКК разьмяшчаецца адпаведная інфармацыя, паводле якой выкіды не перавышаюць усталяваныя экалягічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).