У Пастаўскім райвыканкаме зьняпраўдзілі інфармацыю, якая зьявілася ў сацсетках, пра будаўніцтва каля пасёлка Лынтупы на Віцебшчыне магільніка для радыяактыўных адкідаў зь Беларускай АЭС.
6 чэрвеня ў будынку Лынтупскага сельсавету адбудзецца сход, які мае абмеркаваць справаздачу аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе новага пясочна-гравійнага кар'ера. Поўная назва аб'екта: «Распрацоўка і рэкультывацыя кар’ера ў паўночнай частцы радовішча пясчана-гравійнай сумесі Вінцантоўскае Пастаўскага раёну Віцебскай вобласьці».
Пясочна-гравійная сумесь будзе выкарыстоўвацца для рамонту дарог.
«І ніякага будаўніцтва магільніка», — сказала начальніца аддзелу землеўпарадкаваньня Алена Іванькова.
«У нас ёсьць кар’ер у Пятровічах і будзе ў Лынтупах. Бо адзін з кар’ераў выпрацаваны і закрываецца. Ёсьць выведанае радовішча, працуем у рамках закону. У інтэрнэце можна пісаць усё што заўгодна. Я кажу, што будзе насамрэч», — сказаў начальнік Пастаўскага ДРСУ № 132 Станіслаў Рагіня.
Ірына Сухій з грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» назвала распаўсюджаную ў інтэрнэце інфармацыю пра будаўніцтва магільніка фэйкам.
«Ва ўсякім разе, там будзе абмеркаваньне Ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе распрацоўкі кар’ера. У нас гэтыя дакумэнты ёсьць. Адзін з актывістаў чамусьці зрабіў выснову, што там потым будуць хаваць адкіды з АЭС. Гэта домысел», — сказала Ірына Сухій.
У Міністэрстве энэргетыкі карэспандэнту Свабоды адказалі, што «выбар пляцоўкі для будаўніцтва сховішча радыяактыўных адкідаў Беларускай АЭС не адбываўся. Дадзеная работа будзе выконвацца пасьля 2021 году ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».
Гарадзкі пасёлак Лынтупы знаходзіцца каля мяжы зь Літвой. Ад Астраўца да Лынтупаў каля 67 кілямэтраў.
Раней у Нацыянальнай акадэміі навук і Аб’яднаным інстытуце энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны» вырашылі, што спачатку адпрацаванае паліва будуць каля 10 год захоўваць на назапашвальнай пляцоўцы ў Беларусі, потым павязуць на перапрацоўку ў Расею. Там зь яго выдзеляць «карысныя прадукты» і вернуць для пахаваньня ў Беларусі. Гэты варыянт выбралі як прыярытэтны, сказаў Аляксандар Парфёнаў, намесьнік галоўнага інжынэра Беларускай АЭС.
Разглядаліся яшчэ два варыянты. Але ва ўсіх прадугледжваецца, што адкіды, перапрацаваныя ці не, будуць пахаваныя ў Беларусі — у «прыпаверхневых збудаваньнях».