Раніцай 23 траўня да адной з актывістак руху «Маці 328» Марыны Мацулевіч, па яе словах, прыйшлі праваахоўнікі. Пасьля ператрусу, як напісала актывістка ў «Фэйсбуку», яе павезьлі ў аддзел Сьледчага камітэту Цэнтральнага раёну Менску. Меркаваная прычына — завядзеньне крымінальнай справы за абразу службовай асобы.
«КК РБ 369. Абраза службовай асобы. Далі загад людзям, якія нават ня ведаюць гэтага артыкулу, забраць тэхніку», — пасьпела напісаць Марына Мацулевіч на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».
Спраўдзіць зьвесткі ў Сьледчым камітэце пакуль не ўдалося, але там паабяцалі ўдакладніць інфармацыю пазьней.
Сын Марыны Мацулевіч асуджаны паводле артыкулу 328 — за распаўсюд наркотыкаў. Маці мяркуе, што ён атрымаў занадта жорсткае пакараньне, і дамагаецца перагляду справы. Таксама жанчына патрабуе больш актыўнага змаганьня з тымі, хто пастаўляе ў Беларусь наркатычныя рэчывы ў вялікіх памерах, але чамусьці пазьбягае адказнасьці.
Жанчына не выключае, што наркатычны бізнэс пакрываецца зьверху, і вядзе актыўную перапіску зь беларускімі чыноўнікамі. Таксама яна падтрымлівае прапановы аб зьменах у артыкул 328 Крымінальнага кодэксу. Летась Марына Мацулевіч на знак пратэсту больш за суткі галадала каля менскага сьледчага ізалятару на вуліцы Валадарскага.