Спэцыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура Ўкраіны распачала дасудовае расьсьледаваньне ў дачыненьні да былога прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.
Яго, а таксама шэраг найвышэйшых службовых асобаў, падазраюць у перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Пра гэта ведамства паведаміла сёньня ў Фэйсбуку.
Справа тычыцца прызначэньняў у кампанію «Цэнтрэнэрга» — аднаго з найбуйнейшых вытворцаў электраэнэргіі ва Ўкраіне.
Напярэдадні Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны (ДБР) пачало папярэдняе расьсьледаваньне ў дачыненьні да Пятра Парашэнкі паводле факту магчымай дзяржаўнай здрады. Заяву з абвінавачаньнем Парашэнкі падаў у ДБР былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі былога прэзыдэнта Віктара Януковіча Андрэй Партноў.
«Гаворка ідзе пра падзеі 25 лістапада 2018 году, зьвязаныя з ажыцьцяўленьнем пераходу карабельнай групай ВМС ВС Украіны з Чорнага ў Азоўскае мора ў раёне Керчанскай пратокі», — гаворыцца ў паведамленьні ДБР.