Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забарона абортаў у Алабаме — бяда для беларусак


Пратэст супраць новага закону каля заканадаўчага сходу штату Алабама, 14 траўня 2019
Пратэст супраць новага закону каля заканадаўчага сходу штату Алабама, 14 траўня 2019

У амэрыканскім штаце Алабама забаранілі аборты ва ўсіх выпадках, акрамя сытуацый, калі захаваньне цяжарнасьці пагражае жыцьцю цяжарнай і калі ў плода дыягнаставалі адхіленьні, несумяшчальныя з жыцьцём. Гэты закон — сапраўдная катастрофа, якая можа стаць пачаткам хвалі заканадаўчага прыцясьненьня жанчын ва ўсім сьвеце.

Цяпер пралайфэры ў іншых краінах будуць радасна спасылацца на амэрыканскі прыклад: нават у такой прагрэсіўнай краіне забараняюць аборты!

Цяжка прыдумаць больш жорсткі для дзяўчат і жанчын закон, чым той, які вымушае ахвяр згвалтаваньняў нараджаць.

Даволі цяжка прыдумаць больш жорсткі для дзяўчат і жанчын закон, чым той, які вымушае ахвяр згвалтаваньняў нараджаць. Дванаццацігадовыя дзяўчаткі, згвалчаныя старэйшымі братамі, татамі, дзядзькамі і настаўнікамі. Дарослыя жанчыны, згвалчаныя знаёмымі ці незнаёмымі мужчынамі. Жанчыны, якіх падвялі кантрацэптывы. Жанчыны, якія проста ня хочуць мець дзяцей. Іх усіх у выпадку цяжарнасьці пазбавілі права выбару і з шэрагу асобаў перавялі ў шэраг інкубатараў.

Толькі аднаго не пралічылі: жанчыны, у адрозьненьне ад інкубатараў, могуць сябе забіваць. Разам са звышкаштоўнымі эмбрыёнамі, дарэчы.

Жанчыны, у адрозьненьне ад інкубатараў, могуць сябе забіваць.

Але заканадаўцам не да такой драбязы, як жыцьці жанчын і няздольнасьць эмбрыёнаў разьвівацца па-за жаночым целам. У іх карціне сьвету эмбрыён чарговы раз аказваецца важнейшым за жывую дарослую жанчыну з разьвітымі органамі і здольнасьцю адчуваць боль. Жаданьні саміх жанчын зноўку прызнаюцца чымсьці нявартым увагі.

У Беларусі сытуацыя з рэпрадуктыўнымі свабодамі жанчын пагаршаецца год за годам.

У Беларусі сытуацыя з рэпрадуктыўнымі свабодамі жанчын і так павольна, але ўпэўнена пагаршаецца год за годам: гінэколягі могуць адмаўляцца праводзіць працэдуру перарываньня цяжарнасьці (што прывяло да існаваньня мінімум аднаго горада без абортаў), на дзяржаўным узроўні практыкуюцца тыдні без абортаў, перад перарываньнем цяжарнасьці жанчын абавязваюць прайсьці «перадабортнае кансультаваньне», фактычна накіраванае на тое, каб угаварыць цяжарную захаваць плод. Шырока распаўсюджваецца ілжывая інфармацыя пра тое, наколькі небясьпечна для фізычнага і псыхічнага здароўя перарываць цяжарнасьць, пра так званы постабортны сындром, непазьбежнае пачуцьцё віны і іншыя рэчы, з якімі нікому, вядома, не хацелася б сутыкацца.

Барацьба з абортамі нават уключана ў беларускі Нацыянальны плян дзеяньняў па дасягненьні гендэрнай роўнасьці. І чаго нам чакаць цяпер, калі ў Злучаных Штатах, якія часам называюць краінай, дзе перамог фэмінізм, жанчынам забараняюць абіраць, што рабіць са сваім целам у выпадку цяжарнасьці? Прапагандысты абавязкова выкарыстаюць гэтую гісторыю. Выглядае быццам мы ўсе ў пакоі, куды занесьлі бомбу, і ніхто ня ведае, калі будзе выбух.

Жаночымі і мужчынскімі вачыма прагрэс бачыцца па-рознаму.

Рэч у тым, што жаночымі і мужчынскімі вачыма сусьветны прагрэс бачыцца вельмі па-рознаму. Пакуль мужчыны шчыра радуюцца касьмічным і іншым дасягненьням, жанчынам даводзіцца змагацца за права распараджацца сваім целам. Можна, вядома ж, спрабаваць сумяшчаць, але гэта ня так проста, як можа падацца на першы погляд. Мы вымушаны ўвесь час літаральна прабівацца праз стэрэатыпы, забароны і забабоны.

Але хочацца верыць, што аднойчы заканадаўцы нарэшце зразумеюць, што змагацца з абортамі трэба іначай — сэксуальнай адукацыяй, даступнасьцю кантрацэпцыі і зьнішчэньнем табу на сэкс. І заўважце, я нават не прапаноўваю пагалоўную вазэктамію з папярэднім донарствам спэрмы для ўсіх хлопцаў пры дасягненьні палавой сьпеласьці. Хоць гэта дакладна вырашыла б праблему з абортамі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG