Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Восем рэчаў, якія трэба ведаць пра выбары ў Эўрапарлямэнт


Сэсія Эўрапарлямэнту ў Страсбуры
Сэсія Эўрапарлямэнту ў Страсбуры

Брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк распавядае пра выбары ў Эўрапейскі парлямэнт, якія адбудуцца ў апошнія выходныя траўня, і адказвае на восем галоўных пытаньняў гэтых выбараў.

Калі будзе галасаваньне і хто ўдзельнічае ў выбарах?

Выбары адбудуцца 23–26 траўня, большасьць грамадзян у 28 краінах Эўразьвязу будуць галасаваць у нядзелю, 26 траўня. Папярэднія вынікі чакаюцца позна ў нядзелю, іх павінны абвясьціць у будынку Эўрапарлямэнту ў Бруселі.

Якія галоўныя партыі і фракцыі?

У Эўрапарлямэнце восем палітычных блёкаў, чатыры зь якіх можна назваць вельмі праэўрапейскімі. Найбуйнейшы зь іх — Эўрапейская народная партыя (ЭНП), у якую ўваходзяць правацэнтрысцкія і хрысьціянска-дэмакратычныя партыі. У ЭНП уваходзіць, напрыклад, партыя нямецкай канцлеркі Ангелы Мэркель, але таксама і партыя «Фідэс» вугорскага прэм’ера Віктара Орбана, сяброўства якой у ЭНП спынілі, хоць і не пазбавілі канчаткова.

Галоўная левацэнтрысцкая група называецца «Сацыялісты і дэмакраты» (СД), і складаецца яна, як кажа назва, з розных сацыял-дэмакратычных партый.

Ёсьць таксама лібэральная-дэмакратычная фракцыя «ALDE», а таксама фракцыя «Зялёных». Гэтыя чатыры групы, кажучы ў цэлым, зьяўляюцца праэўрапейскімі і звычайна супрацоўнічаюць пры прыняцьці заканадаўства — нават нягледзячы на рознагалосьсі.

Будынак Эўрапарлямэнту ў Брусэлі
Будынак Эўрапарлямэнту ў Брусэлі

Пятая група складаецца з кансэрватыўных партыяў і называецца «Эўрапейскія кансэрватары і рэфармісты». Яна дзесьці пасярэдзіне паміж праэўрапейскім лягерам і відавочнымі эўраскептыкамі. У гэтай групе і брытанскія кансэрватары, і флямандзкія сэпаратысты, і польская партыя «Права і справядлівасьць».

У эўраскептычным лягеры знаходзяцца «Эўрапейскія аб’яднаныя левыя», куды ўваходзяць сацыялісты і камуністычныя партыі, і дзьве крайне правыя групоўкі — брытанца Найджэла Фаража і францужанкі Марын Лё Пэн.

Усе гэтыя партыі змагаюцца за 751 месца ў Эўрапарлямэнце; месцы падзеленыя сярод 28 дзяржаў ЭЗ у адпаведнасьці з колькасьцю насельніцтва. Скажам, Нямеччына будзе мець 96 дэпутатаў, а малыя краіны, напрыклад Кіпр, Эстонія, Люксэмбург ці Мальта, будуць мець па шэсць дэпутацкіх месцаў кожная.

Якіх вынікаў чакаць?

Калі верыць апытаньням, правацэнтрысцкая Эўрапейская народная партыя, як чакаецца, зойме першае месца і атрымае каля 170 мандатаў з 751. ЭНП можа выйграць выбары ў 13 з 28 краін ЕС. Левацэнтрысцкія «Сацыялісты і дэмакраты» зноў фінішуюць другімі, атрымаўшы каля 150 мандатаў.

Прэзыдэнт Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер
Прэзыдэнт Эўракамісіі Жан-Клёд Юнкер

Істотным момантам зьяўляецца тое, што абедзьве вядучыя партыі страцяць разам каля 40 мандатаў. А гэта значыць, што ўпершыню з моманту ўвядзеньня прамога галасаваньня ў Эўрапарлямэнт у 1979 годзе, яны разам апынуцца бяз большасьці. Але прынамсі адна з гэтых дзьвюх групаў можа прэтэндаваць на пэўную перамогу дзякуючы стварэньню сыстэмы «вядучага кандыдата», паводле якой першы кандыдат на чале сьпісу партыі-пераможцы становіцца наступным прэзыдэнтам Эўракамісіі. Прынамсі, так лічыць Эўрапарлямэнт. Але шмат хто ў Радзе Эўразьвязу, дзе засядаюць кіраўнікі краін-сябраў ЭС, незадаволены. Там хочуць выбраць прэзыдэнта Эўракамісіі самі, за зачыненымі дзьвярыма.

А што з «папулісцкай хваляй»?

Галоўнай тэмай у асвятленьні еўрапейскіх выбараў у СМІ зьяўляецца чаканьне «папулісцкай хвалі». У 2014 годзе крайнія левыя атрымалі 52 мандаты і, верагодна, атрымаюць такую ж колькасьць мандатаў і цяпер. Але значнага павелічэньня колькасьці мандатаў чакаюць з крайняга правага флянгу.

Пяць гадоў таму крайне правыя эўраскептычныя партыі падзяліліся на дзьве групы, якія агулам мелі 82 мандаты. На гэты раз апытаньні прадказваюць, што крайне правыя атрымаюць больш за сто мандатаў. Крайняя правая «Ліга Поўначы» італьянца Матэа Сальвіні, як чакаецца, будзе другі партыяй па колькасьці мандатаў пасьля хрысьціянскіх дэмакратаў Ангелы Мэркель.

Манфрэд Вэбэр, старшыня Эўрапейскай народнай партыі ў Эўрапарлямэнце з 2014 году
Манфрэд Вэбэр, старшыня Эўрапейскай народнай партыі ў Эўрапарлямэнце з 2014 году

Менавіта Сальвіні зможа казаць, што зьяўляецца пераможцам выбараў. Яго спробы аб’яднаць правых эўраскептыкаў у новай групе пад назвай «Эўрапейскі альянс народаў і нацый» ужо ўключае аўстрыйскую Народную партыю, францускіх правых пад кіраўніцтвам Марын Лё Пэн і «Альтэрнатыву для Нямеччыны» — усе гэтыя партыі, паводле прагнозаў, пакажуць добрыя вынікі на выбарах. Гэты блёк можа атрымаць 75 мандатаў і стаць трэцяй па колькасьці фракцыяй ў новым Эўрапарлямэнце.

Не ўсе эўраскептыкі далучацца да групы. Польская партыя «Права і справядлівасьць», напрыклад, застаецца ў больш прагматычнай групе «Эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў». Але можна меркаваць, што разам правыя і левыя папулісты складуць прыкладна траціну новага Эўрапарлямэнту. Яны ня змогуць узяць верх і заблякаваць заканадаўчы працэс, але Эўрапарлямэнт стане больш бурным і радыкальным месцам цягам наступных пяці гадоў.

Што зробіць прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон?

Францускі прэзыдэнт Эмануэль Макрон пакуль лічыцца сымбалем лібэральнай Эўропы і антыдотам супраць нацыяналізму і эўраскептыцызму Матэа Сальвіні. Але яго спробы неяк перакроіць эўрапейскую палітыку сустрэліся з пэўным неразуменьнем у Брусэлі. Ён усё яшчэ не сказаў публічна, што яго партыя, якой апытаньні даюць роўныя шанцы з Нацыянальным фронтам Марын Лё Пэн, далучыцца да лібэральнай групы «ALDE» ў Эўрапарлямэнце.

Эмануэль Макрон і Ангела Мэркель
Эмануэль Макрон і Ангела Мэркель

І што зрабіць вугорскі прэм’ер Віктар Орбан?

Вугорскі прэм’ер зьяўляецца такім жа непрадказальным, як і францускі лідэр. Яго партыю не выключылі з ЭНП, а толькі спынілі яе сяброўства ў сакавіку.

Матэа Сальвіні і Віктар Орбан
Матэа Сальвіні і Віктар Орбан

У апошні час Орбан, якому хутчэй прыпынілі сяброўства ў Эўрапейскай народнай партыі, чым выключылі зь яе, пачаў весьці адкрытую вайну супраць галоўнага кандыдата ад ЭНП Манфрэда Вэбэра, заяўляючы, што не падтрымае яго кандыдатуру на пост прэзыдэнта Эўракамісіі. Орбан кажа, што ЭНП павінна «працаваць з антыімігранцкімі правымі сіламі» замест «дрэйфаваць налева». Звычайна спакойны Вэбэр прарэагаваў востра, заявіўшы, што не хацеў бы абірацца з дапамогай галасоў партыі Орбана «Фідэс». Гэта рызыкоўная заява, таму што «Фідэс», як чакаецца, можа атрымаць 15 з 21 месцы ад Вугоршчыны, згодна з апытаньнямі. А разрыў паміж ЭНП (уключаючы мандаты «Фідэс») і «Сацыялістамі і дэмакратамі» складае, паводле прагнозаў, 20 мандатаў,. Таму поле для манэўру абмежаванае.

Што з брытанцамі?

Брытанцы да гэтага часу ўжо павінны былі выбыць з ЭЗ. Але пры адсутнасьці канчатковага пагадненьня аб выхадзе з ЭЗ Вялікабрытанія вымушаная ўдзельнічае ў выбарах у Эўрапарлямэнт. Гэта азначае, што брытанскія эўрадэпутаты будуць з мандатамі прынамсі да 31 кастрычніка.

Зразумела адно: яны не атрымаюць кіруючых пасад у камітэтах і ня будуць дакладчыкамі. Яны могуць нават ня езьдзіць на сэсіі ў Страсбур ці Брусэль. Але эўрадэпутаты-прыхільнікі «Брэксіту», — а такіх будзе шмат! — будуць шумнымі.

Найджэл Фараж
Найджэл Фараж

Шмат хто ў Брусэлі спадзяваўся, што галоўны рупар «Брэксыту» ў Эўрапарлямэнце, Найджэл Фараж, ужо пакінуў іх, але вось ён зноў будзе на арэне. Яго новая «Партыя Брэксыту», як чакаецца, набярэ на выбарах у Эўрапарлямэнт больш галасоў, чым кансэрватары і лейбарысты.

Якая яўка на выбарах?

Усяго ў ЭС 374 мільёны грамадзян маюць права голасу. Але нешматлікія зь іх скарыстаюцца гэтай магчымасьцю.

Прыкрым парадоксам зьяўляецца тое, што Эўрапарлямэнт стаў больш важным палітычна ў апошнія гады, але яго дэмакратычная легітымнасьць зьнізілася. Фактычна актыўнасьць выбаршчыкаў падала з кожнымі выбарамі: яўка складала 62% на першых выбарах у 1979 годзе. Праз 20 гадоў актыўнасьць была на ўзроўні 50%. Пяць гадоў таму — 42,5% — на паўпрацэнта менш, чым у 2009 годзе. І гэта нягледзячы на вялікую піяр-кампанію і тэлевізійныя дэбаты паміж кандыдатамі.

Толькі 13 адсоткаў славакаў прагаласавалі ў 2014 годзе, а ў Чэхіі актыўнасьць складала 19 адсоткаў.

Фактам застаецца і тое, што большасьць грамадзян ЭС у лепшым выпадку разглядаюць эўрапейскія выбары як рэпэтыцыю выбараў у іх уласных краінах. Напрыклад, летам і восенню будуць важныя выбары ў Харватыі, Даніі, Грэцыі, Польшчы і Румыніі. У горшым выпадку шмат хто можа разглядаць прыход на ўчастак для галасаваньня на выбарах у Эўрапарлямэнт як «плян Б» пры адсутнасьці лепшага «пляну, А» ў апошнія выходныя траўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG