Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка вязьня просіць дапамогі: муж памірае ў турме Жодзіна


Сьледчы ізалятар №1 ГУВД на вуліцы Валадарскага, дзе цяпер знаходзіцца вязень
Сьледчы ізалятар №1 ГУВД на вуліцы Валадарскага, дзе цяпер знаходзіцца вязень

Вязень жодзінскай турмы № 8 хварэе на цукровы дыябэт і сем разоў быў у коме. Жонка баіцца за ягонае жыцьцё.

Жыхарка Менску Алена зьвярнулася ў рэдакцыю Свабоды з кароткім допісам: «Зьняволены памірае ў Жодзіне. Зьвяжыцеся, калі ласка!»

Пазьней у тэлефоннай размове яна расказала, што яе муж, вязень жодзінскай турмы, знаходзіцца ў вельмі небясьпечным стане.

«Высьветлілася, што ён ледзь не памёр. За 2 месяцы адседкі 7 разоў правальваўся ў каматознае становішча, і ў суботу, калі я была ў яго, быў як гародніна. У яго цукровы дыябэт, і невядома, што яму давалі ў турме», — распавяла Алена.

За што зьняволены

Муж Алены Андрэй, якому 45 гадоў, адбывае 1,5 года зьняволеньня ў жодзінскай турме за тое, што другі раз сеў нецьвярозы за руль. Андрэя асудзілі ў лютым 2019 году ў Менскім раённым судзе. У суд ён зьбіраўся, спадзеючыся на штраф, але далі рэальны тэрмін зьняволеньня і адразу павезьлі ў турму № 8 у Жодзіна. Паводле Алены, адміністрацыя жодінскай вязьніцы не магла ня ведаць, што яе муж хворы на дыябэт, але чаму гэта не дапамагло прадухіліць пагаршэньне стану ягонага здароўя, яна ня ведае.

«Летась ён пралячыўся ў звычайнай бальніцы, усё было добра. Што стала зь ім там, у Жодзіне, незразумела».

Сымптомы хваробы

Першы раз пра тое, што муж пабываў у коме, Алена даведалася ад яго ў сакавіку на першым спатканьні.

«Спытала, што зь ім, калі пабачыла, як яго „прывялі па сьценачцы“. Сказаў, што быў у коме, што яму бывае вельмі дрэнна. А чаму, сам ня ведаў. Я тады ўжо пачала біць у званы, пісала ў пракуратуру, у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, але мне адказвалі, што ўсё нармальна. І вось прыяжджаю да яго ў суботу, а ён ужо ў турэмнай лякарні — ніякі».

Паводле Алены, дактары вязьніцы на ўсе яе пытаньні аб прычынах такога стану мужа адказалі: «Нічога сказаць ня можам». А турэмнікі дадалі, што гэта ў яго ўжо сёмая кома і што ён нібыта сам сябе ўводзіць у такі стан, маўляў, сымулянт».

«Як можна кому сымуляваць, вось скажыце мне?» — абураецца жанчына.

Вязьня ўжо шпіталізавалі

Прозьвішча Андрэя Алена просіць у друку пакуль не называць. Кажа, што пасьля скандалу, які яна падняла, яе мужа тэрмінова адправілі ў менскае СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага, і там яго, па яе словах, добра даглядаюць.

«Мяне запэўнілі, што ён пад пільным наглядам. Сёньня пайду да лекараў на „Валадарку“, можа, чым абнадзеяць», — сказала Алена.

Якая рэакцыя Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў

Дзяжурны Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС ня стаў камэнтаваць сытуацыю зь вязьнем Андрэем N., спаслаўшыся на службовую інструкцыю і накіраваў у прэсавую службу дэпартамэнту. Аднак туды дазваніцца пакуль не ўдалося. Адмовіліся ад камэнтароў таксама дзяжурныя жодзінскай турмы і Менскага сьледчага ізалятара № 1.

Справа сьмерці вязьня Ігара Пцічкіна

У 2013 годзе ў СІЗА № 1 Менску памёр вязень Ігар Пцічкін, які адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, ня маючы правоў.

Там да яго былі ўжытыя «меры фізычнага стрымліваньня ў выглядзе фіксацыі рамянямі», у такім стане малады чалавек знаходзіўся больш за 20 гадзін — да моманту сьмерці.

Адміністрацыя ізалятара заявіла, што Пцічкін памёр ад сардэчнай хваробы, але сваякі выявілі на целе сінякі і сьляды пашкоджаньняў.

На судзе стала вядома, што Ігара Пцічкіна ахоўнікі прывязвалі да ложка, больш за суткі не давалі піць і хадзіць у прыбіральню. У выніку фэльчар «Валадаркі» Аляксандар Крылоў быў асуджаны на 2 гады і 9 месяцаў абмежаваньня волі. Суд прызнаў яго вінаватым у невыкананьні службовых абавязкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG