Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лаўроў і Пампэо абмеркавалі Іран, Вэнэсуэлу і Ўкраіну


Майк Пампэо і Сяргей Лаўроў
Майк Пампэо і Сяргей Лаўроў

У расейскім Сочы прайшлі перамовы дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым. Пасьля іх завяршэньня Лаўроў і Пампэо далі сумесную прэс-канфэрэнцыю.

Абодва заявілі, што сустрэча можа стаць крокам да паляпшэньня адносін паміж краінамі, аднак паміж імі застаюцца вялікія рознагалосьсі па шэрагу пытаньняў.

Паводле Пампэо, абмяркоўваліся кантроль над узбраеньнямі, Сырыя, Іран і яго ядзерная праграма, канфлікт на ўсходзе Ўкраіны. Дзяржсакратар ЗША таксама сказаў, што ўзьняў перад Лаўровым пытаньне расейскага ўмяшаньня ў выбары прэзыдэнта ў 2016 годзе і арыштаваных у Расеі амэрыканскіх грамадзян.

  • Лаўроў заявіў, што дамовіўся з Пампэо пра шэраг канкрэтных крокаў па паляпшэньню адносін Расtі і ЗША, але не сказаў, што гэта за крокі. Ён таксама пацьвердзіў, што Ўладзімір Пуцін будзе гатовы сустрэцца з Дональдам Трампам ў Японіі ў чэрвені.
  • Кажучы пра Ўкраіну, Пампэо заявіў аб неабходнасьці вызваленьня Расеяй захопленых украінскіх маракоў. Ён таксама заклікаў Расею наладжваць адносіны з абраным прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
  • Адносна Вэнэсуэлы Лаўроў і Пампэо на прэс-канфэрэнцыі не сышліся ў меркаваньнях: дзяржсакратар заявіў пра неабходнасьць сыходу Нікаласа Мадура ад улады, а Лаўроў засьцерагаў ад умяшальніцтва ў справы Вэнэсуэлы звонку.
  • Пампэо сказаў, што ЗША не імкнуцца да вайны з Іранам, але хочуць, каб ён зьмяніў палітыку, і заклікаў Расею паўплываць на Тэгеран.

Чакаецца, што сёньня ўвечары Пампэо сустрэнецца ў Сочы з прэзыдэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.

Гэта першы візыт дзяржсакратара зь цяперашняй адміністрацыі ЗША ў Расею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG