Падчас наведваньня Студэнцкай вёскі Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў скандал з затрыманьнем былога начальніка сваёй аховы і чальца Рады Бясьпекі Андрэя Ўцюрына. Кіраўнік краіны таксама распавёў, чаму дае дзяржслужачым зямлю і кватэры, паведамляе Белта.
«Ад іх залежаць мільярды рублёў. Я кавалак зямлі даю чыноўнікам пабудаваць дом або кватэру, каб ён ня краў гэтыя мільярды і яны засталіся ў дзяржавы. І калі ты парушаеш гэты парадак — адказвай на ўсю катушку», — сказаў Лукашэнка.
Ён дадаў, што падтрымлівае дзяржслужачых, бо яны ўносяць вялікі ўклад у разьвіцьцё краіны.
Тым ня менш, у рэйтынгу міжнароднага руху па супрацьдзеяньню карупцыі Transparency International, пад назвай «Індэкс успрыманьня карупцыі», Беларусь заняла 70-ае месца, апусьціўшыся на дзьве пазыцыі з 68-га. Рэйтынг быў апублікаваны сёлета ў студзені.
Беларусь у індэксе ўспрыняцьці карупцыі саступае Польшчы, Літве, Латвіі і Грузіі, аднак апярэджвае іншыя постсавецкія краіны, у тым ліку Армэнію, Малдову, Украіну і Расею
Заява Лукашэнкі была зробленая на фоне арышту былога намесьніка дзяржсакратара Савета бясьпекі Андрэя Ўцюрына. 4 траўня КДБ Беларусі паведаміў, што Уцюрын затрыманы пры атрыманьні хабару ў 148,6 тысяч даляраў ад прадстаўніка расейскай камэрцыйнай структуры за садзейнічаньне ў прасоўваньні яе інтарэсаў у Беларусі.
На пачатку траўня КДБ паведаміла, што ў атрыманьні хабару ў 15 000 эўра ад грамадзяніна Расеі за садзейнічаньне ў пастаўках тэлекамунікацыйнага абсталяваньня абвінавачваецца і гендырэктар «Белтэлекама» Сяргей Сівадзедаў. Па месцы яго жыхарства выяўлена і канфіскавана 470 000 даляраў ЗША, атрыманых апошнім па іншых эпізодах хабарніцтва.