У кінатэатры «Мір» з 10 па 17 траўня пройдзе пяты кінафэстываль «Паўночнае зьзяньне», на якім пакажуць 18 гульнявых і дакумэнтальных фільмаў з краінаў Паўночнай Эўропы і Балтыі. У сямі кароткіх пунктах мы раскажам, чаму варта схадзіць.
1. Кіно на такія тэмы ў Беларусі не здымаюць. Усё яшчэ
Тут толькі нядаўна ўсе сталі гаварыць пра хатні гвалт, сузалежныя адносіны, талерантнасьць, фэмінізм. А ў краінах Скандынавіі і Балтыі гэтым тэмам ужо даўно ўдзяляюць увагу.
Напрыклад, у фільме «Бяры ці бяжы» расказваецца пра маладога чалавека, які раптам дазнаўся, што ў яго неўзабаве народзіцца дачка.
Заснавальніца і праграмная дырэктарка «Паўночнага зьзяньня» Вольга Чайкоўская кажа:
«Гэты фільм надзённы, таму што мы шмат гаворым пра жаноцкасьць і пра гендэрныя пытаньні, а гэты фільм ставіць пытаньне пра вобраз мужчыны і маскуліннасьць. Гэта шчырая, сямейная і цёплая гісторыя».
2. Дзіця пабачыць незвычайны мультфільм па-беларуску і навучыцца маляваць комікс
У праграме два анімацыйныя фільмы зь беларускім агучваньнем і некалькі дзіцячых імпрэзаў.
Анімацыйны фільм латвійскага рэжысэра Эдмунса Янсанса «Якаб, Мімі і сабакі, якія размаўляюць» — аб прыгодах сабак, якія гавораць па-чалавечы і сябруюць зь дзецьмі. Таксама на фэстывалі пакажуць нарвэскую анімацыйную стужку «Вясёлая фэрма» пра карову, якая марыла стаць рок-зоркай.
11 траўня для дзяцей 7-12 гадоў пройдзе майстар-кляса ад архітэктаркі Дзіяны Рафальскай «Горад будучыні», дзе ўдзельнікі разам падумаюць, якім можа быць ідэальны сьвет.
Майстар-кляса «Справа мары» для дзяцей 7-12 гадоў ад дызайнэркі і мастачкі коміксаў Валерыі Манковіч пройдзе 12 траўня. Падчас майстар-клясы дзеці паразважаюць, якія прафэсіі могуць зьявіцца праз 10 ці 15 гадоў і хто пра што марыць, а таксама зробяць уласны комікс.
3. Фільмы паказваюць на арыгінальнай мове зь беларускімі субтытрамі
Па словах крэатыўнага дырэктара фэстывалю Антона Меха, гэта дазваляе ня толькі сачыць за дэталямі, але і вывучаць замежную мову:
«Так, нязвыкла на першых парах сачыць за малюнкам і чытаць субтытры, але з часам прывыкаеш і пачынаеш чуць нюансы інтанацый актораў, а такім чынам лепш разумець учынкі іх пэрсанажаў.
Калі я быў у Швэцыі, сябры прапанавалі схадзіць у кінатэатар, я адмаўляўся, кажучы, што нічога не разумею па-швэдзку, але аказалася, у іх усе фільмы толькі на мове арыгінала. Апроч усяго іншага, яшчэ і мову вучыш. Так што толькі плюсы!»
4. Дакумэнталкі ўзрываюць мозг і кранаюць сэрца
Як заўсёды, на фэстывалі значную частку праграмы займае сэкцыя дакумэнтальнага кіно. Вольга Чайкоўская кажа, што гэтыя фільмы дазваляюць дакрануцца да сьвету, зь якім мы іначай бы ніякім чынам не пазнаёміліся.
12 траўня можна будзе паглядзець чорна-белую стужку «Куды вяртаецца чалавек» пра 75-гадовага Стэйнара, які жыве на поўначы Эўропы адзін са сваім сабакам.
14 траўня будзе паказаны дакумэнтальны фільм літоўскай рэжысэрскі «Animus Animalis» пра таксыдэрмію — выраб чучалаў з жывёлаў. «Гэта вельмі візуальнае кіно. У гэтым ёсьць пэўны сюррэалізм», — кажа Вольга Чайкоўская.
5. Даведаецеся, што такое сфэрычнае кіно
У Беларусі паўночнае зьзяньне зьява рэдкая, але здараецца. А ў плянэтарыі 12 і 16 траўня пакажуць поўнакупальныя навукова-папулярныя фільмы «Палярнае зьзяньне Кагая» і «Аўрора: Цудоўнае сьвятло».
6. Ёсьць майстар-кляса, варкшоп, канцэрт і шмат чаго яшчэ
11 траўня пройдзе лекцыя грэнляндзкай акторкі Нукакі Костар-Вальдаў, падчас якой яна распавядзе пра кіно ў Грэнляндыі.
11 і 12 траўня пройдзе двухдзённая рэтраспэктыва і воркшоп ад легенды латвійскай дакумэнталістыкі Лайлы Пакалныні. Можна будзе паглядзець фільмы рэжысэркі з аўтарскімі камэнтарамі і атрымаць экспэртызу ад Лайлы па адным са сваіх бягучых праектаў.
У аўторак 14 траўня заплянаваная канцэрт-выстава «Насустрач Паўночнаму зьзяньню». Там можна паслухаць музыку скандынаўскіх кампазытараў Яна Сыбэліюса, Тойва Куулы, Сэліма Пальмгрэна і Хэйна Каскі і пабачыць працы фінскага фатографа Оскара Кесеркі.
7. Культура краінаў Паўночнай Эўропы стане бліжэйшай
Калі вам падабаецца незвычайнае пачуцьцё гумару, разьмеранасьць і шчырыя дыялёгі, то захапляльныя і ўдумлівыя фільмы Скандынавіі і краінаў Балтыі якраз для вас.
Ганна Шарко, мэдыякаардынатар «Паўночнага зьзяньня»: «Шмат каму блізкі скандынаўскі дэкор, прырода. Людзі ідуць на фэст, таму што ім падабаецца такая эстэтыка».