Пасольства Расеі ў Менску атрымала афіцыйнае паведамленьне ад МЗС Беларусі аб затрыманьні беларускім КДБ трох расіянаў.
Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар пасольства Аляксей Маскалёў, беларускі МЗС паінфармаваў, што грамадзяне РФ затрыманыя ў сувязі з падазрэньнем у дачы хабару.
Расейскі бок накіраваў запыт аб доступе консульскіх супрацоўнікаў да затрыманых грамадзянаў Расеі.
У паведамленьні не гаворыцца, ці зьвязанае затрыманьне расіянаў зь нядаўнімі гучнымі затрыманьнямі гендырэктара РУП «Белтэлекам» Сяргея Сівадзедава і Андрэя Ўцюрына, які да нядаўняга часу займаў пасаду намесьніка дзяржсакратара Рады бясьпекі Беларусі.
4 траўня КДБ разьмясьціў на сваім сайце інфармацыю пра затрыманьне гендырэктара РУП «Белтэлекам» Сяргея Сівадзедава за атрыманьне хабару ад грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі «за спрыяньне ў пастаўках тэлекамунікацыйнага абсталяваньня ў памеры 15.000 эўра». Той, хто даваў хабар, таксама затрыманы.
Акрамя таго, на сайце КДБ было разьмешчанае паведамленьне пра затрыманьне Андрэя Ўцюрына, якога абвінавачваюць у атрыманьні хабару ад прадстаўніка расійскай камэрцыйнай структуры.
Згодна з інфармацыяй КДБ, Уцюрын быў затрыманы за руку «пры атрыманьні 148.600 долараў ЗША ад прадстаўніка расейскай камэрцыйнай структуры „Г“ за садзейнічаньне ў прасоўваньні яе інтарэсаў у Рэспубліцы Беларусь». Адзначаецца, што абодва абвінавачаныя прызналі віну па дадзеным эпізодзе ў поўным аб’ёме. Да іх ужытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту.