Абраны прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў прызначыць інаўгурацыю на 19 траўня. Пра гэта ён паведаміў у фэйсбуку.
Калі Вярхоўная рада не прызначыць інаўгурацыю новага прэзыдэнта да 27 траўня, то Зяленскі ня зможа выдаць указ аб роспуску парлямэнта. Паводле ўкраінскіх законаў прэзыдэнт мае права распусьціць Раду не пазьней чым за паўгода да заканчэньня яе паўнамоцтваў.
Паўнамоцтвы цяперашняга ўкраінскага парлямэнту мінаюць 27 лістапада. Сьпікер Вярхоўнай рады Ўкраіны Андрэй Парубій заявіў, што падставаў для роспуску парлямэнту няма, а нават калі яны і зьявяцца, то новы прэзыдэнт усё роўна не пасьпее гэтага зрабіць.
Раней 4 траўня Зяленскі сустрэўся з Парубіем і кіраўнікамі фракцыяў і дэпутацкіх груп. Ён сышоў ад адказу на пытаньне, ці зьбіраецца ён распускаць парлямэнт. Пасьля сустрэчы СМІ паведамілі пра тое, што парлямэнт хоча прызначыць інаўгурацыю на 28 траўня. Найбліжэйшае пленарнае пасяджэньне, на якім могуць зацьвердзіць дату інаўгурацыі, адбудзецца 14 траўня.
Паводле закону Вярхоўная рада можа прызначыць інаўгурацыю новага прэзыдэнта Ўкраіны ў любы дзень на працягу 30 дзён з моманту абвяшчэньня афіцыйных вынікаў. Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны афіцыйна абвясьціла вынікі галасаваньня 30 красавіка. У другім туры выбараў Зяленскі набраў больш за 73% галасоў, за дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнку прагаласавалі амаль 24,5% выбарнікаў.