Больш за 200 ракет у суботу, 4 траўня, былі выпушчаныя ў бок Ізраілю з сэктара Газы. Некалькі дзясяткаў зь іх перахапіла сыстэма супрацьракетнай абароны «Жалезны купал». Пра гэта паведамляе Армія абароны Ізраілю.
Ізраільскія СМІ пішуць пра трапленьне некалькіх ракет у жылыя дамы. Двое ізраільцян атрымалі раненьні ў выніку абстрэлаў. Некалькі дзясяткаў чалавек атрымалі траўмы падчас пошуку прытулку.
У адказ ізраільская армія атакавала больш за 70 пазыцыяў радыкальнага руху ХАМАС у сэктары Газыа, уключаючы падземны тунэль, пракапаны, як сьцьвярджаецца, групоўкай «Ісламскі джыгад». Ізраіль таксама закрыў два памежныя пераходы на мяжы з Газай. Вайскоўцы не выключаюць прызыву рэзэрвістаў.
Міністэрства аховы здароўя Палестынскай аўтаноміі паведамляе пра траіх загінулых, у тым ліку адно дзіця, і дваццаць параненых у выніку ізраільскіх удараў.
Цяпер у Ізраіль прыбываюць удзельнікі і госьці музычнага конкурсу «Эўравізія». Паводле дадзеных СМІ, падрыхтоўка да мерапрыемства ў Тэль-Авіве ідзе паводле раскладу.
Чарговае абвастрэньне на мяжы сэктару Газы пачалося ў пятніцу, 3 траўня. Тады палестынскі снайпэр параніў двух ізраільскіх салдатаў. У адказ на гэта ізраільская авіяцыя атакавала пазыцыі ХАМАСу ў сэктары Газы. У выніку авіаналёту загінулі двое палестынцаў.