Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода абвясьціла аб пачатку прыёму заявак на журналісцкую стыпэндыю імя Вацлава Гаўла на 2019-2020 акадэмічны год.
ПАДАЦЦА
Заяўкі будуць прымаць да 2 чэрвеня 2019 году праз пададзены вышэй лінк. Заяўка складаецца са зьвестак аб удзельніку, матывацыйнага ліста, трох узораў работ, двух рэкамэндацыйных лістоў, рэзюмэ і «Ліста да Вацлава Гаўла». У свой час Вацлаў Гавэл, знаходзячыся ў зьняволеньні, пісаў сваёй жонцы лісты. Пазьней яны былі выдадзеныя як кніга «Лісты да Вольгі».
Узяць удзел у праграме могуць журналісты зь Беларусі, Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Малдовы, Расеі і Ўкраіны. Стыпэндыяты, якія пройдуць адбор, атрымаюць магчымасьць стажавацца ў рэдакцыях галоўнага офісу РСЭ/РС у Празе, супрацоўнічаючы з дасьведчанымі журналістамі. Стажаваньне будзе доўжыцца ад 18 лістапада 2019-га да 26 чэрвеня 2020 году.
Мэта стыпэндыі імя Вацлава Гаўла — падтрымка пэрспэктыўных журналістаў з краінаў, дзе ёсьць праблемы з вольнымі і незалежнымі сродкамі інфармацыі. «Стымулам да стварэньня праграмы стала вера былога прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла ў ролю журналістыкі як трансфарматара рэпрэсіўных рэжымаў», — адзначаюць ініцыятары прэміі.
- У 2011-2012 гадах стыпэндыятам прэміі імя Вацлава Гаўла ад Беларусі быў Франак Вячорка, які цяпер працуе на Радыё Свабода.
- У 2014-2015 гадах стыпэндыятам стала Ганна Любакова, якая працавала на тэлеканале «Белсат».
- У 2015-2016 гадах стыпэндыю атрымаў блогер, экспэрт у сацыяльных мэдыя Ігар Лосік.
- У 2017-2018 гадах стыпэндыю атрымаў журналіст і блогер Раман Пратасевіч.
Больш падрабязная інфармацыя пра заяўку на стыпэндыю імя Вацлава Гаўла ТУТ.