Да 10-й гадзіны раніцы ў менскім мэтрапалітэне трансьлююць аўдыёпаведамленьне, у якім пасажырам зычаць добрага дня па-беларуску.
Як перадае дзяржаўны тэлеканал СТВ, такія вітаньні зьбіраюцца неўзабаве запусьціць на чыгуначным вакзале і ў электрычках, у гарадзкіх аўтобусах і тралейбусах.
«Водгукі вельмі пазытыўныя мы бачым ня толькі ў сацыяльных сетках, але і проста падыходзяць людзі, дзякуюць нашым супрацоўнікам на станцыях», — сьцьвярджае прэс-сакратар мэтро Андрэй Дроб.
Звычайныя паведамленьні ў мэтро гучаць па-беларуску, перад буйнымі міжнароднымі спартовымі спаборніцтвамі пачынаюць дублявацца на ангельскай мове. Надпісы ў мэтро зробленыя па-беларуску кірыліцай і трансьлітаравана на блізкую да клясычнай беларускую лацінку.