Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці мусяць плаціць міліцыі арганізатары рэлігійных і дабрачынных мерапрыемстваў


АМАП на Дні Волі, ілюстрацыйнае фота, 2015 год
АМАП на Дні Волі, ілюстрацыйнае фота, 2015 год

Сёньня Цэнтральны суд Менску аштрафаваў заяўнікаў мітынгу-канцэрту да 101-х угодкаў БНР за тое, што яны не заплацілі міліцыі 250 базавых велічынь (6375 рублёў) за ахову імпрэзы.

Рашэньне не плаціць за паслугі міліцыі палітыкі зьвязвалі зь незаконнымі дзеяньнямі праваахоўнікаў.

Свабода высьвятляла, ці павінны аплачваць паслугі міліцыі і іншых службаў арганізатары рэлігійных, спартовых і дабрачынных масавых мерапрыемстваў згодна з пастановай Савету Міністраў № 49.

Колькі трэба плаціць міліцыі?

Новы парадак аплаты паслуг міліцыі па ахове грамадзкага парадку, выдаткаў на мэдычнае абслугоўваньне і прыбіраньне тэрыторыі пасьля правядзеньня масавых акцый зацьверджаны пастановай Савету Міністраў ад 24 студзеня 2019 году № 49.

Згодна з пастановай, пасьля атрыманьня дазволу (або пры адсутнасьці забароны) на правядзеньне акцыі арганізатар не пазьней як за два дні да заплянаванай даты павінен заключыць дамовы:

  • аб ахове грамадзкага парадку,
  • мэдычным абслугоўваньні,
  • прыбіраньні тэрыторыі.

За ахову грамадзкага парадку арганізатар мусіць заплаціць:

  • 76,5 рубля — калі ў акцыі бяруць удзел да 10 чалавек;
  • 637,5 рубля — ад 11 да 100 чалавек;
  • 3825 рублёў — ад 101 да 1000 чалавек;
  • 6375 рублёў — больш за 1000 чалавек.

Калі акцыя праводзіцца ў месцы, не аднесеным мясцовымі ўладамі да сталых месцаў правядзеньня масавых мерапрыемстваў, названую суму трэба памножыць на 1,5.

«Мы нічога не плацілі»

Кіраўнік Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу БПЦ Сяргей Лепін сказаў, што яму невядомыя такія выпадкі, каб сьвятары плацілі міліцыі за правядзеньне масавых мерапрыемстваў.

Сяргей Лепін
Сяргей Лепін

«Мой прыход яшчэ не арганізоўваў такіх мерапрыемстваў, якія б патрабавалі ўдзелу міліцыі. Таму я пакуль нічога не магу сказаць наконт гэтага».

Падчас велікодных сьвятаў супрацоўнікі міліцыі дзяжурылі каля цэркваў.

«Мы нічога не плацілі за гэта. Каля майго прыходу таксама дзяжурыла міліцыя, і мы нічога за гэта не плацілі. І, дарэчы, асабіста мы яе не запрашалі. То бок яны самі патэлефанавалі нам, даведаліся расклад нашых набажэнстваў, час, калі яны будуць адбывацца, і ўсё».

«Сытуацыя няпростая»

Прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юры Санько кажа, што Рыма-каталіцкая царква зьвярнуўся да прэм’ер-міністра з пытаньнем, што рабіць у гэтай сытуацыі — і пакуль адказу няма.

Ксёндз Юры Санько
Ксёндз Юры Санько

«Гэта велізарныя грошы трэба будзе плаціць. Але пакуль цяжка камэнтаваць, бо няма адказу з Савету Міністраў. Магчыма, адкажуць пазытыўна, што рэлігійныя мерапрыемствы ня будуць абкладацца гэтым падаткам».

Паводле ксяндза Юр’я Санько, пакуль не было зьвестак ад сьвятароў, каб іх прымушалі плаціць.

«Але пакуль і мерапрыемстваў такіх не было. Праз два месяцы працэсія „Божага Цела“, распачынаюцца пілігрымкі. Думаю, што да гэтага часу будзе адказ з Саўміну, і тады будзем думаць пра далейшыя крокі. Сытуацыя няпростая і ў бліжэйшыя тыдзень-два высьветліцца».

Крыжовы шлях напярэдадні Вербнай нядзелі ў Горадні 13 красавіка, як паведамілі ў курыі, адбыўся «па старых правілах, як і раней гэта было».

Крыжовы шлях у Горадні
Крыжовы шлях у Горадні

«Спартовыя мерапрыемствы трапілі пад гарачую руку»

Кіраўнік камэрцыйных спэцпраектаў TUT.BY Аляксандар Дземідовіч сказаў, што якраз цяпер з уладамі Менску ўзгадняецца правядзеньне Анкамаратону ў ліпені ў парку Перамогі.

Паводле папярэдніх падлікаў, згодна з пастановай № 49 за Анкамаратон, у якім плянуецца ўдзел каля 3000 бегуноў, трэба было заплаціць 250 базавых велічынь (6375 рублёў). Аднак, як стала вядома, гэты маратон узгаднілі без усялякай аплаты.

«Зразумела, для чаго ўлады рабілі гэтую пастанову: каб пазьбегнуць палітычных шэсьцяў напярэдадні парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. А ўсе спартовыя мерапрыемствы трапілі пад гарачую руку. Але, уласна, як яны трапілі, такі іх і вывелі, як бы пакуль негалосна».

Паводле Аляксандра Дземідовіча, улады ўзгаднiлi мерапрыемства без усялякiх пытаньняў.

«Ніякіх пытаньняў адносна аплаты не было. І не было ніякіх тлумачэньняў наконт таго, чаму не была выстаўленая аплата».

Магчыма, справа ў тым, што гэта дабрачыннае мерапрыемства. Сэнс Анкамаратону ў тым, што чым больш людзей выходзіць на старт, тым больш грошай пераводзіцца ў дабрачынны фонд, кажа Дземідовіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG