Міністэрства надзвычайных сытуацый паведамляе, што пажар на Альманскіх балотах лякалізаваны, працягваецца тушэньне асобных ачагоў узгараньня.
На сайце ведамства ўдакладняецца, што лясны пажар на тэрыторыі Вільемскага лясьніцтва прадпрыемства «Палескі лясгас» каля вёскі Альманы Столінскага раёну верталёты МІ-8 авіяцыі МНС зрабілі больш за 70 скідаў вады.
Тушэньне ўскладняецца адсутнасьцю пад’язных шляхоў і забалочанай мясцовасьцю. Для маніторынгу і ацэнкі надзвычайнага становішча рэгулярна ажыцьцяўляецца паветранае патруляваньне. На раніцу 26 красавіка плошча пажару складае прыкладна 200 га.
«Гэта транспамежны пажар. Украіна прасіла дапамогі, была пагроза жыцьцю жыхароў вёскі Дразды», — паведаміў Свабодзе галоўны лясьнічы Палескага лясгасу Дзьмітры Бакунец.
Зь беларускага боку ніякія населеныя пункты не былі ў небясьпецы, бо пажар распаўсюджваўся ў аддаленых месцах, дзе не жывуць людзі.
Па словах Бакунца, такіх раньніх пажараў ня могуць прыгадаць мясцовыя старажылы. Сёлета была вельмі сухая вясна, не было паводкі і ў балотах няма вады.
Што справакавала пажар, пакуль невядома. Дзьмітры Бакунец мяркуе, што гэта магло быць альбо неасьцярожнае абыходжаньне з агнём, альбо сельскагаспадарчыя падпалы травы ва Ўкраіне.
«Ужо напісалі хадайніцтва аб забароне наведваньня лясоў. Раней такія абмежаваньні ўводзілі не раней за сярэдзіну лета», — сказаў Дзьмітры Бакунец.