Уладзіміру Мікалаевічу Губенку 86 гадоў. Да 1941 году ён жыў у Берасьці, але за два дні да пачатку Вялікай Айчыннай вайны зьехаў на лета да бабулі. Яму было дзевяць гадоў. Пасьля вайны Валодзя Губенка вярнуўся ў Берасьце і слухаў апавяданьні суседзяў і аднаклясьнікаў пра тое, як жыў горад у гады нацысцкай акупацыі.
Праз шмат гадоў, калi выйшаў на пэнсію, Уладзімір Мікалаевіч са школьным таварышам зноў абышоў увесь горад, аднаўляючы ў памяці падзеі вайны. Успаміны пэнсіянэр зарысоўваў. На многіх рысунках — Берасьцейскае гета, у якім у першы год вайны зьнішчылі каля 20 тысяч габрэяў. Гісторыя Ўладзіміра Губенкі — у матэрыяле «Настоящего времени».
Габрэйская грамада ў Берасьці вядомая яшчэ з XIV стагодзьдзя. У XV стагодзьдзі габрэі Берасьця наладзілі гандлёвыя сувязі з Вэнэцыяй. У пачатку ХХ стагодзьдзя ў горадзе былі дзьве яўрэйскія гімназіі, чатыры сынагогі, каля 30 малітоўных дамоў, габрэйскія прафсаюзы, жаночыя і моладзевыя арганізацыі.
28-29 чэрвеня 1941 году ў Берасьці расстралялі ад 4 да 5 тысяч габрэяў, іх маёмасьць разрабавалі, каштоўнасьці канфіскавалі. 16 сьнежня ў горадзе зьявілася габрэйскае гета: у ім закатавалі і забілі, паводле розных ацэнак, ад 17 да 20 тысяч габрэяў.
Да вайны ў Берасьці было каля 25 тысяч габрэяў — каля 40% насельніцтва. Пасьля вызваленьня гораду 28 ліпеня 1944 году з усёй габрэйскай грамады ў жывых засталіся 19 чалавек.
Даваеннае Берасьце
Габрэі ў даваенным Берасьці працавалі ў асноўным у сфэры абслугоўваньня, успамінае Уладзімір Мікалаевіч: «У нас было такое абслугоўваньне, зь якім я [нідзе больш] не сутыкаўся: з раніцы мог прыйсьці разносчык мяса і прынесьці на выбар мяса, якое вы маглі ўзяць у крэдыт, як заўгодна, атрымаць заказ. Пасьля гэтага прыходзіў шавец, зьбіраў, калі ёсьць, абутак на рамонт. Кравец такі ж прыходзіў».
Амаль на кожным скрыжаваньні стаялі дыхтоўна скалочаныя будкі. У будцы сядзеў пажылы габрэй і прадаваў канцылярскія рэчы. «Я там купляў пісьмовыя прылады, пёры, пэнал — усё для школьнікаў. Сшыткі. Усё ў іх прадавалася».
Уладзімір Губенка да вайны пражыў у Берасьце ўсяго каля году: ён нарадзіўся ў Канатопе Сумскай вобласьці ў 1932 годзе, а ў Берасьце сям’я перабралася ў 1940-м. 19 чэрвеня 1941 году хлопчыка адправілі на лета да бабулі, і ў горад, дзе жылі ягоныя бацькі, ён вярнуўся толькі пасьля вызваленьня Берасьця восеньню 1944 году.
Вяртаньне дадому
«Я праехаў праз усю зруйнаваную краіну, па якой прайшла вайна. Вакол руіны, руіны... Яны суправаджалі мяне на ўсім шляху. Я бачыў Менск пасьляваенны ў тыя часы, калі з вакзала можна было ўбачыць другі канец гораду — адны руіны былі».
У Берасьці Ўладзіміра Губенку, тады дванаццацігадовага, сустракалі разруха і запусьценьне, пустыя кварталы і спаленыя дамы. «Плюс да гэтага насельніцтва ж было вельмі мала. Пры вызваленьні тут было насельніцтва каля 20 тысяч, таму што вайна разагнала ўсіх па розных мясьцінах».
У дамах, зь якіх у 1942 годзе, пасьля стварэньня ў Берасьці гета, выгналі габрэяў, ужо жылі іншыя людзі. У горадзе казалі пра расстрэлы, зьнішчэньне людзей, і нават пісалі ў газэтах.
У школе Валодзя Губенка пазнаёміўся з Алексам Садоўскім і Мішам Корзам — і яны сталі ягонымі сябрамі на доўгія гады.
Масквіч Алекс трапіў у Берасьце ў 1940 годзе: прыехаў у госьці да бабулі. Тут і перажыў акупацыю. Алекс і Ўладзімір жылі на адной вуліцы. Сябар расказваў Губенку, што тут адбывалася падчас акупацыі.
«У адзін зь першых нашых паходаў ён павёў мяне на вуліцу (цяперашняя вуліца Куйбышава) паказаць пахаваньні расстраляных габрэяў. Цяпер на месцы гэтых магілаў дзесяціпавярховікі стаяць. А тады гэта былі звычайныя аднапавярховыя домікі жыхароў Берасьця. Але гэта была тэрыторыя гета: там проста перад вокнамі былі аселыя ямы — магілы расстраляных габрэяў».
У студзені 2019 году на рагу вуліцы Куйбышава і праспэкта Машэрава пры капаньні катлавана выявілі фрагмэнты парэшткаў больш як 600 чалавек.
«Тады гэтых месцаў, сумна зьвязаных з габрэйскім гета, было вельмі шмат. У бок бульвара Касманаўтаў гета, і туды далей да Махаўцоў — гэта таксама ўсё гета, пачынаючы ад Гогаля. Быў вельмі вялікі ўчастак цэнтру гораду».
«Другі мой таварыш Міша Корза, які жыў насупраць гета, апавядаў, як забівалі проста там, на вуліцах, знойдзеных пасьля вывазу габрэяў на Бронную гару — тых, хто хаваўся і спрабаваў пазьбегчы расстрэлу. Іх вылоўлівалі і вялі на месца збору. А некаторых расстрэльвалі проста на месцы за парушэньне загаду зьявіцца на зборны пункт».
«Прынцып у катаў быў адзін — каб гэта было эфэктыўна, хутка і танна. Гэта галоўныя крытэрыі. Але калі трэба захаваць тайну, то дамагаліся, каб гэта было непрыкметна. Самы галоўны момант: яны трымаліся правіла, каб да апошняй хвіліны асуджаныя ня ведалі, што іх чакае. Толькі ў самы апошні момант, калі асуджаныя нічога не маглі зрабіць, яны паміралі».
«Што нам было дорага па памяці». Як зьявіліся рысункі
Апавяданьні сяброў і ўбачанае на вуліцах уразіла Уладзіміра. Але малюнкі зьявіліся нашмат пазьней.
«Мая прафэсія ніяк не зьвязаная з гэтымі рысункамі. Больш за 25 апошніх гадоў я працаваў на Берасьцейскім электрамэханічным заводзе. Пайшоў на пэнсію, як усе пэнсіянэры; трэба было чымсьці займацца. Сустрэў маіх аднаклясьнікаў-пэнсіянэраў, якія вярнуліся ў горад. Успаміналі, як было да вайны, што было ў час вайны і што стала пасьля. Так зьявіліся першыя рысункі».
«Яны былі выкананыя па-рознаму, я ня ведаў, чым і як гэта ўсё рысаваць. Але нам спадабалася, што нашы ўспаміны фіксаваліся ў гэтых выявах. Наглядна давалі нам адлюстраваньне таго, пра што мы гаварылі, што мы ўспаміналі, што нам было дорага па памяці».
На кожную такую сустрэчу Уладзімір Мікалаевіч прыносіў малюнкі, якія нарадзіліся па ўспамінах папярэдняй сустрэчы. Сябры іх абмяркоўвалі, удакладнялі, нешта перарысоўвалася. «Так паступова назапашваліся гэтыя рысункі, зусім не прызначаныя ні для якой публікацыі, ні да чога. Гэта былі ўспаміны двух старых, якія сядзелі, размаўлялі, і потым гэта ўсё зарысоўвалі».
«Ёсьць рысункі, як рулён доўгі. Таму што ўвесь час працягваў, працягваў — падаўжаліся яны. Яны, вядома, вельмі нязручныя для дэманстраваньня, для публікацыі. Але астатняе ўсё на адным фармаце засяродзілася. Я стараўся паказаць і графічна зафіксаваць усё, пра што мы казалі. Вось і ўсё».