Змагаемся ня з тымі, з кім трэба, кажа Лукашэнка пра інтэрнэт — трэба ня з «дохлай апазыцыяй» #agl19 https://t.co/pAREQaBjNK
— Радыё Свабода (@svaboda) 19.4.2019
Пра інфармацыйныя атакі супраць Беларусі
Турбуюць Аляксандра Лукашэнку інфармацыйныя атакі, скіраваныя супраць Беларусі. Але размовы пра «асобны, унутраны інтэрнэт», як у Расеі, ён назваў «поўнай бязглузьдзіцай».
«Дохлая апазыцыя», падкрэсьліў Лукашэнка, яго не палохае, але ўсім іншым «змагарам» заклікаў даваць адэкватны адпор.
Лукашэнка згадвае, што зь першых дзён прэзыдэнцтва заклікаў змагацца за справядлівасьць, а людзі дагэтуль зьвяртаюц… https://t.co/NXHnhAjxkE
— Радыё Свабода (@svaboda) 19.4.2019
Трусаў: Лукашэнка не вытрымлівае націску Масквы па моўным пытаньні
Ганаровы старшыня Таварыства Беларускай мовы Алег Трусаў пракамэнтаваў Свабодзе заяву Лукашэнкі, дзе ён з раздражненьнем выказаўся пра моўнае пытаньне.
«Бачна, што кіраўнік дзяржавы не вытрымлівае націску Масквы па моўным пытаньні, які вельмі абвастрыўся ў апошнія месяцы. У Расеі добра разумеюць, што калі ўплыў беларускай мовы ў нашай краіне будзе пашырацца, то ніякай анэксіі не адбудзецца. Таму цяпер у іх ёсьць важная задача — зьнішчыць культурна-моўныя прыкметы на нашай тэрыторыі. Той факт, што міністар культуры Расеі ўмешваецца ў культурную палітыку незалежнай дзяржавы, шмат пра што сьведчыць.
Я ўпэўнены, у Маскве цудоўна ведаюць пра высокі рост папулярнасьці беларускай мовы апошнім часам. І менавіта ў гэтым яны бачаць самую вялікую пагрозу для сваіх плянаў паглынаньня Беларусі», — заявіў Алег Трусаў.
Лукашэнка кажа, яшчэ ідзе прапрацоўка прапановаў па тым, як мяняць Канстытуцыю. Пра тое, навошта, зусім ня кажа… https://t.co/XTh8xJrfyO
— Радыё Свабода (@svaboda) 19.4.2019
Кажа, трэба проста нагружаць паўнамоцтвамі іншых #agl19 https://t.co/IIoPu0EFcV
— Радыё Свабода (@svaboda) 19.4.2019
Гэта ўраду трэба езьдзіць на фэрмы! #agl19 https://t.co/o96cM8MpNA
— Радыё Свабода (@svaboda) 19.4.2019
З кім змагацца ў інтэрнэце, сваімі ці чужымі?
Ня з тымі змагаемся ў інтэрнэце. Трэба змагацца ня з нашай апазыцыяй. А зь кім? Было сказана — з тым, хто прыехаў. Гэта пра каго? Днямі зьявілася аналітыка пра тое, як за пару гадоў у Беларусі паўстала сетка расейскай прапаганды ва ўсіх абласьцях краіны. Завяршылася станаўленьне гэтай сеткі летась. Летась таксама ў Беларусь прыехаў новы амбасадар РФ Міхаіл Бабіч. Ці яго і гэтую сетку меў на ўвазе Лукашэнка? Аднак сказана занадта завуалявана.
Пра выбары прэзыдэнта ў 2020 годзе
Лукашэнка сказаў, што не зьбіраецца «падладкоўвацца» пад розных аналітыкаў, прэзыдэнцкія выбары адбудуцца ў 2020 годзе. Сёлета пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў — 7 лістапада, на дзень Кастрычніцкую рэвалюцыю.
Пра зьмены Канстытуцыі
Судзьдзі Канстытуцыйнага суду цяпер займаюцца пытаньнямі карэктываў у Асноўны закон, — пацьвердзіў Лукашэнка, прызнаўшыся, што не хацеў бы аддаць «пераемніку» Канстытуцыю і цяперашнім выглядзе.
«Я ўжо наўладарыўся, таму разьбяромся, якой яна павінна быць. Мы ня будзем секчы Канстытуцыю на галіны ўлады. Разам сядзем за парты, возьмем асадкі і пачнем пісаць — каб было добра ўсім».
Калі «выплёскиваем политику на улицы», гэта небясьпечна, кажа Лукашэнка. А ў парлямэнце павінна быць моладзь, кажа… https://t.co/BvkS6Z5vJf
— Радыё Свабода (@svaboda) 19.4.2019
Ці возьме Лукашэнка прыклад з Нурсултана?
Зь сюжэту пра Канстытуцыю адзінае новае палягае ў тым, што Лукашэнка не зьбіраецца мяняць Канстытуцыю паводле мадэлі Назарбаева. То бок ён не зьбіраецца сабе ствараць пасаду, якая будзе раўназначная пасадзе прэзыдэнта.
Першае пытаньне пасьля прамовы Лукашэнкі — ад дэпутата Марзалюка пра Полацкае княства #agl19 https://t.co/mHrBNacHa4
— Радыё Свабода (@svaboda) 19.4.2019
Гаварыў амаль дзьве гадзіны
«Беларусь як сувэрэнная і незалежная дзяржава адбылася. Гаворачы на дзьвюх дзяржаўных мовах, мы адна нацыя. Мы народ моцнай і квітнеючай краіны», — завяршыў прамову Лукашэнка. Яна доўжылася 1 гадзіну 55 хвілін.
Лукашэнка пачаў адказваць на пытаньні
Пытаньне ад дэпутата Ігара Марзалюка пра магчымасьць увядзеньня Дня беларускай дзяржаўнасьці ў гонар Эўфрасіньні Полацкай.
Лукашэнка як «гісторык» паабяцаў разам падумаць, каб «не патрапіць пад крытыку». Трэнд правільны, адзначыў ён, але разважаць пра нешта канкрэтнае лічыць дачасным.
Пра помнікі кіраўнікам БССР
Дэпутатка Алена Анісім спытала пра помнікі дзяржаўным дзеячам БССР, сёлета якраз адзначалася 100 гадоў савецкай Беларусі.
Лукашэнка сказаў, што ён праціўнік узьвядзеньня новых помнікаў, таму хай пра гэта падумае «новы прэзыдэнт». Асабіста ён ня будзе падтрымліваць такую ініцыятыву, бо хапае іншых праблемаў.
Новую Канстытуцыю варта чакаць да 2023 году
Новы парлямэнт будзе прымаць новую Канстытуцыю. Гэта значыць, што яна павінна зьявіцца да 2023 году. Яшчэ адно даручэньне: дапамагчы вэтэранам. То бок, можна меркаваць, што ў новым складзе Палацы прадстаўнікоў будзе вялікая фракцыя вэтэранаў. То бок, упырснуць кансэрватыўную кроў.
Упершыню за шмат гадоў пытаньні дэпутатаў паказваюць у жывым эфіры. Перадвыбарчая пара шмат што мяняе.
У краіне павінен быць адзін герой
Лукашэнка сказаў: я супраць новых помнікаў. І зразумела чаму. Новыя помнікі — гэта новыя героі ў палітычнай і інфармацыйнай прасторы. А ў краіне павінен быць адзін герой. І ўсе ведаюць ягонае прозьвішча.
Пра цану Беларускай АЭС і будаўніцтва АЭС-2
Дэпутатка Ганна Канапацкая папрасіла ўдакладніць заяву расейскага амбасадара Міхаіла Бабіча, ці сапраўды расейскі бок зьнізіў на 3 мільярды даляраў кошт АЭС для Беларусі?
Лукашэнка адказаў, што амбасадар «дрэнна лічыць». Станцыя, па яго совах, будзе таньнейшай таму, што над усім ёсьць «жорсткі кантроль». Таксама працуе шмат беларусаў, якія меней «каштуюць». Канчатковую лічбу не назваў, але сказаў, што, мабыць, каля 7 мільярдаў даляраў (першапачаткова называлася сума 10 мільярдаў).
Пры гэтым Лукашэнка ня выключыў у пэрспэктыве ўзьвядзеньня другой АЭС на ўсходзе краіны, каб зрабіць даступнымі тарыфы для насельніцтва.