Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэпартэры бязь межаў»: Беларусь па-ранейшаму ўнізе рэйтынгу свабоды слова


«Ўсясьветны індэкс свабоды прэсы» 2019
«Ўсясьветны індэкс свабоды прэсы» 2019

Няўрадавая праваабарончая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» апублікавала штогадовую справаздачу аб парушэньні свабоды слова ў сьвеце.

Сёлета Беларусь заняла 153-ю з 180 пазыцый ва «Сусьветным індэксе свабоды прэсы» і трапіла ў лік краінаў, дзе сытуацыя са свабодай прэсы ацэньваецца як складаная. Летась Беларусь знаходзілася на 155-м месцы.

У справаздачы адзначаецца, што напярэдадні «выбараў» у Беларусі «небясьпечны час для незалежнай журналістыкі», а перасьлед журналістаў, якія працуюць у незалежных СМІ, дасягнуў беспрэцэдэнтнага ўзроўню ў 2018 годзе, калі было накладзена каля 100 штрафаў.

Згадваецца так званая «справа БелТА», падчас якой аб’ектамі перасьледу сталі партал Tut.by і незалежнае навінавае агенцтва БелаПАН, арышты «крытычных журналістаў і блогераў», блякаваньне вядучых навінавых сайтаў і закон «Аб СМІ», які стаў яшчэ больш жорсткім.

«Пазыцыя Беларусі ў Сусьветным індэксе свабоды прэсы 2019 году, падобна, сьведчыць аб паляпшэньні, але на самай справе яна адлюстроўвае той факт, што сытуацыя значна пагоршылася ў многіх іншых краінах, а таксама той факт, што рэкордная колькасьць арыштаў у Беларусі ў 2017 годзе не была паўтораная ў 2018-м», — гаворыцца ў справаздачы.

Першыя тры пазыцыі ў рэйтынгу «Рэпартэраў бязь межаў» занялі:

  • Нарвэгія (1-е месца),
  • Фінляндыя (2-е),
  • Нідэрлянды (3-е).

Найгоршая, паводле дадзеных складальнікаў справаздачы, сытуацыя са свабодай слова ў:

  • Туркмэністане (180-е месца),
  • Паўночнай Карэі (179-е),
  • Эрытрэі (178-е).

Суседзі Беларусі займаюць наступныя месцы ў рэйтынгу:

  • Расея —149-е,
  • Украіна — 102-е,
  • Польшча — 59-е,
  • Літва — 30-е,
  • Латвія — 24-е.

Самай небясьпечнай краінай для журналістаў за мінулы год прызналі Аўганістан (121-е месца). З 84 прадстаўнікоў СМІ, якія загінулі па ўсім сьвеце ў сувязі са сваёй прафэсійнай дзейнасьцю, там загінулі 16.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, «складаная» або «вельмі сур’ёзная» сытуацыя са свабодай слова назіраецца амаль у кожнай другой дзяржаве сьвету. У кожнай трэцяй краіне становішча ацэньваецца як «праблематычнае». Толькі ў 24% выпадкаў нацыянальны ўзровень свабоды прэсы лічыцца «здавальняючым» ці «добрым».

«​Рэпартэры бязь межаў»​ — міжнародная няўрадавая арганізацыя са штаб-кватэрай у Парыжы. Сусьветны рэйтынг свабоды слова арганізацыі штогод складаецца з 2002 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG