Трох віцяблянаў аштрафавалі на 102 рублі кожнага. Глыбоцкага журналіста за бел-чырвона-белы сьцяг і відэа, паказанае на «Белсаце», аштрафавалі на 1020 рублёў.
Тры штрафы за адзін сьцяг
У Віцебску ў судзе Кастрычніцкага раёну асудзілі Мікалая Качурца і братоў Уладзімера і Яраслава Кійко.
24 сакавіка яны сфатаграфаваліся зь бел-чырвона-белым сьцягам, чым і прыцягнулі ўвагу міліцыянтаў. Судзьдзі Сьняжана Кіндзеева, Уладзімер Царыкаў і Ільля Белавус вынесьлі аднолькавыя пастановы — прызнаць вінаватымі ў парушэньні заканадаўства аб масавых акцыях (арт.23.34 ч.1 КаАП) і аштрафаваць на 102 рублі кожнага (4 базавыя велічыні).
Два штрафы на адным працэсе ў Глыбокім
У Глыбокім журналісту-фрылансэру Зьмітру Лупачу прысудзілі адразу два штрафы.
- За відэа «Баімся гаварыць, быццам вы ня ведаеце», паказанае на «Белсаце» ў сакавіку (парушэньне парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ, арт. 22.9 КаАП).
- За незаконнае пікетаваньне. На Дзень Волі ў Глыбокім актывісты ўсклалі кветкі да магілаў дзеячоў беларускага руху. Зьміцер Лупач тады трымаў бел-чырвона-белым сьцяг.
Сума двух штрафаў, якія прысудзіў судзьдзя Станіслаў Трапук, склала 1020 рублёў (40 базавых велічыняў).