На парлямэнцкіх выбарах у Ізраілі пасьля закрыцьця выбарчых участкаў у 22.00 паводле мясцовага часу абвешчаныя вынікі экзыт-полу, праведзенага публічным тэлеканалам «Кан 11». Наперадзе з 37 мандатамі — цэнтрысцкі альянс «Кахоль-Лаван». На другім месцы — «Лікуд», 36 мандатаў.
Падлік галасоў працягнецца ўсю ноч. Канчатковыя вынікі выбараў стануць вядомыя не раней за 11 красавіка, калі будзе завершаны падлік галасоў, пададзеных вайскоўцамі і дыпляматамі.
Канчатковы вынік выбараў, які вызначыць хто стане прэм’ер-міністрам Ізраілю залежыць ад таго, колькі мандатаў атрымаюць парлямэнцкія кааліцыі. Паводле экзіт-полу, правацэнтрысцкая кааліцыя (пры перамозе якой прэм’ерам прэм’ера на чацьвёрты запар і пяты ў кар’еры тэрмін застаецца Біньямін Нэтаньягу) атрымлівае 64 мандаты, левая-левацэнтрысцкая (прэм’ерам стане кіраўнік цэнтрысцкага блёку «Кахоль-Лаван» былы начальнік Генштабу Біньямін Ганц) — 56.
Паводле экзыт-полу тэлеканалу «Аруц 12», абедзьве кааліцыі маюць па 60 мандатаў.
Для ўдзелу ў выбарах у Кнэсет 21-га скліканьня былі зарэгістраваныя 39 блёкаў і партыяў, аднак разьлічваць на пераадоленьне электаральнага бар’еру (3,25%) і трапіць у Кнэсэт (каля 4 мандатаў) маюць шанцы ня больш за тузін зь іх.
Паводле апытанняў грамадзкай думкі напярэдадні выбараў, асноўнымі прэтэндэнтамі на перамогу былі партыя «Лікуд» цяперашняга прэм’ер-міністра Біньяміна Нэтаньягу і цэнтрысцкі блёк партыяў «Кахоль-Лаван» («Бела-блакітныя», паводле колераў ізраільскага сцяга) на чале з былым кіраўніком Генэральнага штабу ізраільскай арміі Біньямінам Ганцам.
За ўсю гісторыю Ізраілю ніводной партыі не ўдавалася стаць «партыяй улады» і атрымаць большасць крэслаў у Кнэсэце (61 месца з 120). Урад Ізраілю заўсёды фармаваўся на кааліцыйнай аснове.