Агітацыйныя перадвыбарчыя газэты і білборды кандыдата ў прэзыдэнты Ўкраіны, дзеючага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі выкарыстоўваюць выяву прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна як ілюстрацыі сілы, якая супрацьстаіць Парашэнку на выбарах.
Яшчэ напярэдадні ў сацсетках зьявіліся фатаграфіі білбордаў, устаноўленых у розных гарадах Украіны, на якіх нанесены выявы Парашэнкі і Пуціна адзін насупраць аднаго і надпіс: «21 красавіка — вырашальны выбар».
21 красавіка мае адбыцца другі тур выбараў прэзыдэнта Ўкраіны. Супернікам Парашэнкі ў ім зьяўляецца шоўмэн і прадусар Уладзімер Зяленскі.
У штабе Парашэнкі патлумачылі, што галоўная ідэя плякатаў з выявай Пуціна — «мы павінны думаць пра краіну. І абараняць яе, абараняць ад Пуціна».
«Усім патрыётам краіны, якія ў першым туры зрабілі іншы выбар — ім варта задумацца і да іх зьвернуты мэсэдж» — напісаў дарадца Парашэнкі Юрый Бірукоў.