Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольгу Мікалайчык аштрафавалі амаль на 900 рублёў за допіс пра малебен у Курапатах. Статкевіча ў суд не прывезьлі


Вольга Мікалайчык, архіўнае фота
Вольга Мікалайчык, архіўнае фота

Суд Першамайскага раёна аштрафаваў Вольгу Мікалайчык на 35 базавых велічыняў «за заклік на несанкцыянаванае мерапрыемства ў сацыяльных сетках».

Грамадзянскую актывістку Вольгу Мікалайчык затрымалі 5 красавіка каля 20-й гадзіны. Яна пасьля вечаровай малітвы засталася ў Курапатах, каб пасадзіць кветкі. Па дарозе дадому на выхадзе з падземнага пераходу яе закінулі ў мікрааўтобус, забралі тэлефон.

«Міліцыянты паводзілі сябе агрэсіўна, зьдзекаваліся, пагражалі пасадзіць на ланцуг. Павезьлі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушэньняў на Акрэсьціна. Я адразу ж абвясьціла, што буду трымаць галадоўку. У камэры першую ноч не магла спаць, мяне спрабавалі разьмясьціць на верхняй шконцы. Потым ужо перавялі на ніжнюю шконку. Пратакол я не падпісала», — распавяла Свабодзе пасьля вызваленьня Вольга Мікалайчык.

У панядзелак, 8 красавіка, яе прывезьлі ў Першамайскі суд Менску. Справу разглядаў судзьдзя Юры Гарбатоўскі. Асудзілі яе за «заклік на несанкцыянаванае мерапрыемства ў сацыяльных сетках». Вольга настойвала, што гэта быў ня заклік на мерапрыемства, а інфармаваньне пра малебен за Курапаты.

Прысуд — 35 базавых велічыняў (892,5 рубля).

Паводле Вольгі Мікалайчык, невядома, дзе ўтрымліваюць Арцёма Чарняка, якога апошні раз бачылі ў Аляхновічах — ён сядаў у маршрутку на Менск.

Па стане на 17:15 8 красавіка, Міколу Статкевіча з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў не вывозілі — магчыма, у суд яго ў панядзелак не прывязуць.

На думку жонкі Статкевіча Марыны Адамовіч, Міколу могуць пратрымаць на Акрэсьціна трое сутак, то бок, да серады.

«Я дапускаю, што яго могуць асудзіць заўтра, пасьлязаўтра. А таксама могуць знайсьці неадбытыя суткі і пакінуць на Акрэсьціна нібыта адбываць ранейшае пакараньне», — выказала меркаваньне Марына Адамовіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG