«Таварышу Лукашэнку я вельмі ўдзячная, — кажа старая друйская цыганка Надзя. — Я за ўсё жыцьцё ані дня не працавала, а ён мне даў сацыяльную пэнсію! Я магу за гэта жыць, плаціць за сьвятло, тэлевізар, Zala — за ўсё».
Напярэдадні міжнароднага дня цыганоў 8 красавіка карэспандэнты Свабоды зьезьдзілі ў мястэчка Друю, дзе жывуць цыганы-каталікі.
Будная Друя бязьлюдная і ціхая. Мясцовыя лічаць, што ад тых паўтары тысячы жыхароў, якія налічылі тут пры перапісе ў 2006 годзе, засталася хіба палова. На гэтыя некалькі соцень ёсьць і трохі цыганскіх каталіцкіх сем’яў, пра якія нам расказаў мясцовы сьвятар Сяргей Сурыновіч.
«У цыганоў ёсьць місія ад Бога»
Сёстры Надзея і Марыя якраз са старажылаў.
«Я тут нарадзілася, вырасла і састарэла, — сьмяецца Надзея. — А жывём мы вельмі добра! Таварыш Сталін даў указ, каб мы ня шляліся, не бадзяліся, а жылі б на месцы, як цывілізаваныя людзі. Я ўжо не пасьпела ў табары пабыць і зусім не шкадую. Ніколі б не хацела ўзімку на канях езьдзіць!»
Пра Надзею кажуць, што яна ўмее варажыць і здымаць сурокі. «Ды цыганам паўсюль добра, бо яны на самым нізе! Улада на іх не зьвяртае ўвагі, — кажа яна і тут жа дадае: — Я закуру, вы ня супраць?» Надзея кажа, што ці ня ўсе цыганы кураць. Некаторыя — зь дзяцінства.
Марыя вельмі просіць яе не фатаграфаваць, але запрашае ў хату на гарбату з пачастункам. Нарадзіліся сёстры ў шматдзетнай сям’і. «Бацька ў партызанскім атрадзе быў, удзельнік вайны», — кажа Надзея.
«У нас раней Друя была — працы валам! — наперабой расказваюць сёстры пра сваё мястэчка. — У нас была бальніца, школа, санаторый саюзнага значэньня. Цягнік быў! А цяпер нічога няма. Саўгас наш ледзьве дыхае, людзі ня хочуць працаваць, ім там грошай ня плацяць. Усе на заробкі езьдзяць. А калі б межы адкрылі, то палова Беларусі напэўна зьехала б».
Сёстры добра адвучыліся ў школе, але, хоць і добра ім жылося ў Савецкім Саюзе, у інстытуты з запісам «цыган» у графе нацыянальнасьць ня бралі.
«У каго было знаёмства, то рабілі сабе ў пашпарт любую іншую нацыянальнасьць. Валасы фарбавалі, каб ня быць да цыганоў падобнымі. — распавядае Надзея. — Бо з пазнакай «цыган» у пашпарце білет на самалёт ты ня купіш і ў гасьцініцу ня трапіш. Але ў міліцыю абавязкова загрыміш».
Пра савецкую міліцыю Надзея пры нагодзе магла б расказаць шмат.
«Чым раней цыганы займаліся? Купіў у адным месцы, прадаў у іншым. Тады называлася «спэкуляцыя», а цяпер як называецца? Прадпрымальніцтва!» — сьмяецца яна. Прымружваючы вочы, успамінае, як аб’езьдзіла ўвесь Савецкі Саюз, купляла сабе адзеньне ў валютных крамах «Бярозка» і ведала, што калі пры табе рэчаў больш як на 50 рублёў, то гэта крымінальны артыкул, а калі на 49, то толькі штраф.
Паводле яе, цыганоў моцна сапсавала «перабудова».
«Тады ўжо цыганы сталі вельмі шмат наркотыкамі займацца. Бо ўсе любяць грошы. Адукацыі ў іх няма, каб на добрую працу пайсьці, фірму сваю адкрыць. А тут жывыя грошы», — разважае яна. — Для мяне хто наркотыкамі гандлюе – гэта забойцы. Гэта ж сярод моладзі ўсё распаўсюджваецца. І сярод цыганоў цяпер шмат наркаманаў. А раней алькаголікаў было мала. Раней была вялікая герархія ў цыганоў, сацыяльная лесьвіца, як цяпер кажуць. Было вельмі строга, зь якой ты сям'і. А цяпер як гэтыя наркотыкі, то ўжо нічога добрага няма».
Па ўсім відаць, навінавыя каналы сёстры глядзяць розныя. Надзея моцна любіць Сталіна і наракае на зламысную Эўропу.
«Эўропа да нас у сябе ставіцца, як тут да цыганоў! — пераконвае яна. — У іх свой клюб элітны. Дык чаму нашы ўлады глядзяць на Эўропу? Мне гэта не падабаецца. У нас свае каштоўнасьці мусяць быць. Мы пераможцы, мы вайну выйгралі, усю Эўропу вызвалілі. А яны нам цяпер указваюць, як нам жыць!».
— Ой, табе на трыбуне трэба выступаць! — пацьвельвае сястру Марыя.
— Маша, вось у нас у Беларусі цыганоў не чапаюць. А ва Ўкраіне нацыяналісты цыганоў пабілі і забілі і спалілі. А ў Беларусі цыганам добра жыць, ніхто іх не чапае.
Нават пільная ўвага міліцыі да цыганоў, паводле Надзеі, не такая і бяда.
«Ну праверыць міліцыянт у цыгана па сто разоў дакумэнты, але яны на яго не крыўдуюць. Яны ведаюць: ён робіць сваю справу — яму трэба прычапіцца. А нам ня крыўдна! Вось калі б цыган цыгану штосьці зрабіў, тады ого. А калі хтосьці збоку нешта сказаў, для нас гэта ўвогуле нічога ня значыць».
У палітыку цыганы ня лезуць, кажа Надзея, а ад беларусаў адрозьніваюцца свабодалюбствам. І ў іх ёсьць місія.
— Ад Бога місія. Няма сваёй зямлі ў цыганоў, толькі мова. Няма пісьменства свайго. Пакуль людзі будуць да цыганоў ставіцца добра, датуль будзе сьвет стаяць. А цыганам такое наканаваньне – пакутуйце, пакуль сьвет стаіць, — прамаўляе яна. — Бо лягчэй жа даваць, чым прасіць. А цыганы ўсё жыцьцё прасілі і гэтым жылі. І ніхто так не чакае другога прышэсьця, як цыганы. Бо яны ведаюць, што ім будзе дараваньне. А цяпер ва ўсіх краінах цыганы самыя апошнія, якую ні вазьмі.
— Зразумела, нічога жня хочуць рабіць: ані працаваць, анічога. Толькі хадзіць, прасіць і жыць цудоўна, — уступае ў размову Марыя.
Яшчэ з гадзіну сёстры са сьмехам і сьлязьмі ўспамінаюць старое жыцьцё. «А памятаеш, як ты мне зь першага заробку залатыя завушніцы купіла? — пытаецца Надзея ў Марыі. — Я тады ў сёмай клясе вучылася».
«Сумна мне, — раптам кажа Надзея. — Раней я магла ў любы горад паехаць, у які захачу. А цяпер сядзіш і сядзіш у гэтай хаце. Ідзіце да Зосі, яна вам яшчэ што раскажа».
«Старэйшых не паважаюць, у шортах ходзяць»
— Ня крыўдзяць вас тут? — пытаемся ў Зосі Лявіцкай.
— Мяне не пакрыўдзіш, дык я сама пакрыўджу, — ці то жартам, ці то ўсур’ёз кажа Зося. — Мы нікога не чапаем, то і нас не чапаюць.
У Лявіцкіх вялікая гаспадарка — карова, конь, баран з авечкай, каза, куры. Можа, і яшчэ што. Жывуць яны ў Друі 30 гадоў. Калісьці пераехалі сюды з суседняй Латвіі, бо Зосіна маці была мясцовая.
«Шкадуем, вядома, бо там лягчэй жыць, — кажа Зося. — Там і праца ёсьць, цэны меншыя, усё прасьцей. Але што цяпер ужо зробіш. Беларусь бедная. У Расеі нават багацейшыя людзі».
Разам з Зосяй жыве дачка Марына са сваімі дзецьмі — Лексам і Кансуэлай. Дома ўсе размаўляюць па-цыганску.
— Праўда, крута размаўляць на мове, якую ніхто вакол не разумее?
— Так! — з энтузіязмам адказвае Кансуэла.
Дзеці ходзяць у чацьвёртую клясу мясцовай школы. Лекса кажа, што ў школе мае шмат сяброў, а настаўнікі там добрыя і ня сварацца. «Толькі адна», — хутка дадае ён. Але ў школе яму не падабаецца, бо «нудна».
У Зосінай дачкі Марыны год таму памёр муж. Яна атрымлівае 300 рублёў пэнсіі па страце карміцеля. Разам з Зосінай пэнсіяй і вялікай гаспадаркай ім, па друйскіх мерках, «ёсьць за што жыць».
«А рабіць тут што? — абураецца Марына. — Тут і старым няма чаго рабіць, а маладым?.. Няма ж нічога! Куды дзяцей выправіць? На вуліцу на арэлі, ну і ў школу. Аніякай кавярні, аніякіх гульняў!»
Зося наракае, што цяперашнія цыганы не выконваюць цыганскіх законаў, не прытрымліваюцца традыцый. Марына згодная. Лічыць, што правільна, калі дзяўчаты рана выходзяць замуж і слухаюцца мужа.
«Жонка мусіць быць законная, а не гуляшчая. Каб была верная мужу, — тлумачыць яна. — Каб спадніца доўгая была. Бо такія законы ў нас. Вось мая сястра ў Літве жыве, дык там такі закон, каб ног з-пад спадніцы не было відаць, рукі каб былі цалкам закрытыя. А цяпер ужо і зусім законаў не трымаюцца. Старэйшых не паважаюць, у шортах ходзяць».
Марына кажа, што дачку будзе вучыць, каб была сапраўднай цыганкай. Сама расказвае, што замуж выйшла па каханьні, за каго хацела. Але дагэтуль ёсьць у цыганскіх сем’яў традыцыя сватаўства. Так адбылося зь ейнай сястрой у Літве.
«Яна свайго мужа і ня ведала, і ня бачыла. Сваты прыехалі, тры дні пілі, на чацьвёрты — вясельле. І яны нават на вясельлі ня бачылі адно аднаго, — кажа Марына. — І жывуць добра цяпер, чацьвёра дзяцей».
«Ідзіце да Калмыка, там зьнізу ў яго вялікі чырвоны дом. Ён стары, качаваў, шмат чаго ведае», — раяць Лявіцкія.
«Ну як цыганы раней жылі? Не працавалі, качавалі, па лясах, па вёсках езьдзілі, — кажа Аляксандр Іванавіч Чубарэвіч. — Народ іх, праўда, ня вельмі любіў. Дык а за што? Яны не працавалі, дома ня мелі, прапіскі не было. Думаю, таму».
Аляксандру Іванавічу 79 гадоў. Прыехаў у Друю з Латвіі 5 гадоў таму на радзіму сваёй жонкі, бо яна так захацела. Пасьля пераезду яна памерла, і ён застаўся адзін у двухпавярховым драўляным доме. Тут жа ў Друі жывуць ягоныя дочкі і сын.
«Бацькі мае качавалі, але я ня памятаю ўжо гэтага, — кажа ён. — Што цыганоў ня любяць, то ёсьць такое дагэтуль. У Дзьвінску зусім іначай цыганы жылі. Працавалі, жылі на адным месцы, мелі свае дамы. А тут цыган як нерабочы чалавек, большасьць езьдзілі па вёсках, сноўдаліся».
У Беларусі Аляксандар Іванавіч атрымлівае 230 рублёў пэнсіі. «У Латвіі, безумоўна, лепш жыць. Але назад ужо пераяжджаць – гэта шмат справаў.
Я суседзяў паважаю, і да мяне нармальна ставяцца. Я нічога кепскага не раблю. А калі сам з рагамі, то хто цябе будзе любіць ці паважаць?»
«Шмат пра што марым, але сэнсу ў гэтых марах…»
Сям’я Ліды Лявіцкай, дачкі Зосі, кожны вечар у сваім доме запальвае сьвечкі. Не дзеля цыганскай рамантыкі, а таму, што электрычнасьць ім адключылі ўжо год як. Жыве Ліда ў сьпісаным калгасным доме. Кажуць, што трапілі сюды пасьля таго, як іхны дом згарэў.
Жанчына распавядае, што працавала ў калгасе даяркай, але заробак не плацілі па 4-5 месяцаў. Кажа, давалі каўбасой, мукой і цукрам. Нібыта таму і назьбіраліся пазыкі за электрычнасьць у 300 рублёў.
Яе сыну Косьцю 21 год. Ён скончыў 9 клясаў і паступіў на кіроўцу ў Відзы, але недавучыўся. Айцец Сяргей часам дае яму працу пры касьцёле, бо сталай працы ў Косьці няма. Затое ёсьць маладая жонка Насьця.
«Мы па інтэрнэце пазнаёміліся, — кажа Косьця. Насьці неўзабаве будзе 18. Яна сірата, выхоўвалася ў інтэрнаце, а пасьля вучылася ў Менску на цырульніка-візажыста. Але ня скончыла, паехала ў Друю выходзіць замуж.
«Хай жывуць, адно аднаго палюбілі, што паробіш, — кажа Ліда. — Першым часам сварылася на яе. То ня так падмяце, то ня так посуд памые, то доўга сьпіць». Вясельле маладыя хацелі, але не было за што зрабіць. У Ліды вясельля таксама не было.
«Я свайго мужа ў вочы ня бачыла. Прыехалі сваты — і ўсё, пажанілі. Раней строга замуж выходзілі, а цяпер ужо за каго хочаш, за таго ідзеш, — кажа яна. — Калі цнатлівая дзяўчына, то гэта ўсё (доказы цнатлівасьці. — РС) усім на вясельлі паказваюць. А калі не, то проста «стол», і ўсё».
Працы ў Друі Наста для сябе не знайшла. «У калгас я не хачу ісьці працаваць, а апроч калгаса тут і няма нічога», — кажа Насьця. – Дзяцей у нас няма, рана яшчэ».
«Усё дарагое цяпер, каб дзяцей гадаваць, а адкуль жа грошы браць? — рэагуе на размову пра дзяцей Ліда. Мы пачынаем гутарку пра тое, што ёсьць жа недзе і заможныя цыганы.
«Хто там багаты? Хто наркотыкі прадае, той і багаты!” — абураецца Ліда.
«Як жа просты чалавек разжыўся б так, каб коней купляць, машыны купляць. Вядома, за наркотыкі. А колькі пералавілі цыганоў у Менску за наркотыкі? — далучаецца да матчынага абурэньня Косьця.
«Я ў інтэрнэце глядзела, як цыганка наркотыкамі гандлявала, і яе дом міліцыя штурмам брала, дык у яе і дом як замак, а ў гаражы карэта залатая стаяла, — распавядае Ліда. — Калі б я прадавала наркотыкі, то ясна, што ў такой халупе не жыла б, ужо б у Менску жыла. Але я ж не хачу, нашто мне ў турму сядаць на 25 гадоў?!»
Лявіцкія на адносіны да сябе ня скардзяцца. Але кажуць, «як што ні зробіцца — крадзеж там ці што — то цыганы заўжды вінаватыя». Косьця ўжо пасядзеў 2 месяцы ў віцебскай турме. Нібыта «падставілі яго», а гэтых месяцаў яму хапіла, каб «усё зразумець пра жыцьцё».
Але і цыганы на сваіх у міліцыю скардзіцца ня пойдуць. Лявіцкія ахвотна ўспамінаюць, як аднойчы іхная сям’я зьвярталася да цыганскага суду, калі ў Расеі іх сваякам ня выплацілі абяцаны заробак.
«Гэта так адбываецца. Прыяжджаюць старэйшыя людзі, якія ня ведаюць ані таго, хто пакрыўдзіў, ані таго, каго пакрыўдзілі. І тады сядаюць за стол і пачынаюць разьбірацца, — расказвае Косьця. — І робяць тады высновы. Дык вось нашай сваячцы тады прысудзілі на тры гады кабылу іхную ўзяць за гэта».
У сям’і размаўляюць па-цыганску. У Ліды была свая гаворка, але тут яна яе ўжо забыла, бо малады муж забараніў на ёй размаўляць.
«Раз замуж выйшла, мусіш мужа слухаць, а як іначай?» — кажа Ліда.
Кніг і падручнікаў па-цыганску, кажуць, няма. «О, калі б на цыганскай мове вучыцца! Мы б выдатнікамі былі, — кажуць Косьця і Насьця, хоць сьцьвярджаюць, што і бяз гэтага вучыліся някепска. Яшчэ яны вельмі любяць песьні Аляксандра Марцінкевіча. «Гэта цыганскі Стас Міхайлаў», — кажа Косьця.
«Шмат пра што марым, але сэнсу ў гэтых марах…» — кажа то ўсьміхаючыся, то робячыся сур’ёзнай Наста.
Паводле перапісу, у 2009 годзе ў Беларусі пражывала каля 7 тысяч цыганоў. Зь іх толькі 28 мелі вышэйшую адукацыю.
«Мне даводзіцца вельмі часта кантактаваць з цыганамі ў Друі, — кажа каталіцкі сьвятар Сяргей Сурыновіч. — Большасьць зь іх каталікі, многія тут нарадзіліся, былі ахрышчаныя ў друйскай сьвятыні».
Айцец Сяргей распавядае, што цыганы прыходзяць у касьцёл, і там ён ніколі не заўважаў грэблівага стаўленьня да іх.
«Але ў іхным жыцьці пагарды з боку іншых хапае, — працягвае ён. — Першае, што вельмі ясна відаць, – недавер да гэтых людзей, які робіць вялікі ўплыў на іх саміх у іх рэалізацыі і функцыянаваньні як у соцыюме ўвогуле, так і пры зносінах зь людзьмі ў штодзённым жыцьці. Такое ўражаньне, што сваёй паставай, позіркам, словам беларусы выказваюць ім сваю пагарду, асуджэньне, прыніжэньне».
І цыганы, мяркуе сьвятар, вельмі добра разумеюць такое стаўленьне да сябе.
«Яны не разьлічваюць на падтрымку, разуменьне, дапамогу, хутчэй перакананыя ў тым, што іх зь цяжкасьцямі возьмуць на працу, будуць першымі падазраваць і вінаваціць, калі здарыцца надзвычайная падзея любога ўзроўню, засумняваюцца ў іхнай шчырасьці і чалавечнасьці», — кажа айцец Сяргей Сурыновіч. — Яны жывуць, абапіраючыся часьцей на прадстаўнікоў свайго народу, у сваім «цыганскім гета», у якое заганяе іх нашая славутая «беларуская талерантнасьць», закрываючы ім дарогі і пэрспэктывы «быць нармальнымі людзьмі».