Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада бясьпекі ААН заклікала Хафтара спыніць наступ на Трыпалі


 Халіфа Хафтар у Маскве
Халіфа Хафтар у Маскве

Рада бясьпекі ААН на экстраным пасяджэньні ў ноч на 6 красавіка заклікала камандуючага так званай «Лібійскай нацыянальнай арміі» Халіфу Хафтара спыніць наступ на Трыпалі, дзе знаходзіцца лібійскі ўрад, прызнаны ААН.

Паседжаньне праходзіла за зачыненымі дзьвярыма. Прадстаўнік Германіі, якая старшынюе ў Радзе заявіў, што ўсе ўдзельнікі пасяджэньня пагадзіліся з тым, што гвалт у Лібіі неабходна спыніць, а тыя, хто працягне зьвяртацца да яго — панесьці адказнасьць.

Раней міністры замежных спраў краін «Вялікай сямёркі» на сустрэчы ў Францыі заклікалі спыніць баявыя дзеяньні ў Лібіі.

Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў у інтэрвію эгіпэцкай прэсе заявіў, што Расея падтрымлівае «сумленныя і свабодныя ўсеагульныя выбары» у Лібіі, а не ваенны шлях вырашэньня праблем.

Халіфа Хафтар у апошнія гады неаднаразова наведваў Маскву і праводзіў перамовы з міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу, апошні візыт адбыўся ў лістападзе 2018 года.

На яго сустрэчы з кіраўніком Міністэрства абароны Расеі прысутнічаў бізнэсовец Яўген Прыгожын, якога шэраг расейскіх СМІ зьвязваюць з так званай «ПВК Вагнэра». Сьцьвярджалася, што на ўсходзе Лібіі прысутнічаюць байцы гэтай ПВК.

Хафтар загадаў сваім войскам наступаць на Трыпалі 4 красавіка. Паведамлялася, што яны захапілі міжнародны аэрапорт лібійскай сталіцы, які не выкарыстоўваецца цяпер, аднак былі спыненыя праўладнымі сіламі.

Пасьля зьвяржэньня ў 2011 годзе рэжыму Муамара Кадафі ў Лібіі пачалася вайна паміж разнастайнымі сіламі паўстанцаў, якія раней выступалі адзіным фронтам.

Войскі Хафтара кантралююць усходнюю частку Лібіі. У апошнія некалькі месяцаў яны змаглі прасунуцца на захад, да мяжы з Альжырам.

Яны ўзялі пад кантроль шэраг нафтавых радовішчаў. Хафтар карыстаецца сакрэтнай падтрымкай з боку Эгіпта, ААЭ і Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG