Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь у новых кнігах з Будапэшту: «патэрналісцкая», «рускамірская», «завязлая ў мінулым»


Будынак Цэнтральнаэўрапейскага ўнівэрсытэту ў Будапэшце
Будынак Цэнтральнаэўрапейскага ўнівэрсытэту ў Будапэшце

Кнігі выключна пра Беларусь выходзяць за мяжою выключна рэдка. Эўрапейскія ці амэрыканскія аўтары, калі і згадваюць Беларусь, наогул устаўляюць яе ў нейкі шырэйшы кантэкст: постсавецкі, посткамуністычны, усходнеэўрапейскі, цэнтральнаэўрапейскі, расейскі, польскі, а цяпер ужо і ўкраінскі.

Тры сьвежыя кнігі, якія выйшлі ў выдавецтве Цэнтральнаэўрапейскага ўнівэрсытэту (Central European University Press) у Будапэшце, не выключэньне з гэтага правіла.

Stubborn Structures. Reconceptualizing Post-Communist Regimes. Edited by Balint Magyar. 2019.

Загаловак гэтай кнігі можна перакласьці як «Непадатлівыя структуры». Падзагаловак жа інфармуе чытача, што кніга — зборнік 19 палітычных эсе пад агульнай рэдакцыяй вугорскага сацыяляга і актыўнага палітыка Балінта Мадзяра — нясе з сабою спробу «новай канцэптуалізацыі» палітычных працэсаў у посткамуністычных краінах. Маюцца на ўвазе наступныя краіны: Азэрбайджан, Беларусь, Вугоршчына, Грузія, Кіргізстан, Малдова, Польшча, Расея і Ўкраіна.

Дзьве цытаты датычныя Беларусі:

«Лукашэнку можна акрэсьліць як гарадзкога жыхара ў першым пакаленьні, зь іншай сыстэмай каштоўнасьцяў, чым у гарадзкіх жыхароў іншых эўрапейскіх краінаў. Гэтыя гарадзкія беларусы ў першым пакаленьні прывязаныя да патэрналізму і адносінаў тыпу патрон-кліент».

«Шушкевіч страціў маральнае права ачоліць дэмакратычныя сілы ў 1992 годзе, калі, як сьпікер парлямэнта, ён адмовіўся падтрымаць ініцыятыву правядзеньня рэфэрэндуму аб роспуску Вярхоўнага Савету».

Aliaksei Kazharski. Eurasian Integration and the Russian World. Regionalism as an Identitary Enterprise. 2019.

Гэтую кнігу пра ідэі эўразійскай інтэграцыі і «рускага міру» напісаў аўтар, народжаны ў Беларусі, выпускнік ЭГУ.

Як кажа нам выдавец у анатацыі, кніга «разглядае расейскія дыскурсы рэгіяналізму ў якасьці крыніцы канструяваньня ідэнтычнасьці палітычнага і інтэлектуальнага істэблішмэнту краіны». Якія дыскурсы маюцца на ўвазе? «Трыадзіная Сьвятая Русь». «Усе мы рускія», то бок, няма ніякіх беларусаў і ўкраінцаў, а ёсьць «заходнія рускія» і «паўднёвыя рускія», а да таго яшчэ «рускія за мяжою». Кажучы канкрэтна, кніга аналізуе ідэі «рускага міру», якія мусіраваліся ў публічнай прасторы Расеі ў 2007—2013 гг.

Roman Adrian Cybriwsky. Along Ukraine’s River. A Social and Environmental History of the Dnipro. 2018.

Гэтая кніга — своеасаблівы расповед пра эпізоды з украінскай гісторыі і сучаснасьці, зьвязаныя зь Дняпром. Аўтар сьцьвярджае, што Дняпро і сельгасугодзьдзі ўздоўж ракі зьяўляюцца галоўнымі прыроднымі рэсурсамі Ўкраіны, і што будучыня краіны залежыць ад таго, наколькі разумна гэтыя рэсурсы будуць выкарыстаныя.

Паколькі, аднак, Дняпро на даўжыні 700 кілямэтраў працякае празь Беларусь, дык у кнізе ёсьць і беларускія тэмы ды матывы. Але аўтар, відавочна ўкраінскага паходжаньня, ня надта ўпадабаў сабе Сінявокую.

Дзьве цытаты з кнігі пра Дняпро:

«Усходняя Беларусь — гэта чароўная сельская мясцовасьць, але не асабліва заможная і крыху завязлая ў мінулым. Асфальтаваныя дарогі, якія перасякаюць раку або бягуць уздоўж яе, як правіла, у калдобінах і слаба абазначаныя, многія іншыя дарогі — пасыпаныя жвірам або проста грунтавыя».

«Беларусь робіць свой уклад у забруджаньне верхняга басэйну Дняпра. Ачыстка сьцёкавых водаў на беларускіх жывёлагадоўчых фэрмах ганебна недастатковая, і паверхневыя ды падземныя воды забруджаныя злучэньнямі гною».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG