Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 нечаканых фактаў пра мастака Шаранговіча — праціўніка савецкага ладу, які маляваў Леніна


Васіль Шаранговіч. Здымак 2000 году
Васіль Шаранговіч. Здымак 2000 году

У Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі праходзіць выстава народнага мастака Васіля Шаранговіча «Гартаю старонкі памяці», прымеркаваная да 80-годзьдзя майстра.

Бабка Мар’я і дзед Канстанцін Шаранговічы. Стаяць маці Ніна Васілеўна, бацька Пётра Канстанцінавіч і дзядзька Лявон. Вёска Качаны. 1937 г.
Бабка Мар’я і дзед Канстанцін Шаранговічы. Стаяць маці Ніна Васілеўна, бацька Пётра Канстанцінавіч і дзядзька Лявон. Вёска Качаны. 1937 г.

Вялікі прыхільнік аўтара «Новай зямлі», мастак Васіль Шаранговіч у сваёй графіцы захоўвае коласаўскую манумэнтальнасьць, якая тонка спалучаецца зь лірызмам і паэтычным успрыняцьцем рэчаіснасьці.

Спадар Васіль асабліва любіць ілюстраваць эпічныя творы беларускай літаратуры. У адрозьненьне ад эмацыйна-абвостранага Арлена Кашкурэвіча, ён пазьбягае экспрэсіўнай экзальтаванасьці. Вялікі ўнутраны спакой, клясыцыстычная ўраўнаважанасьць, заўсёдная сьветлая энэргетыка — вось чым вызначаецца адметны, дзівосны графічны сьвет Васіля Шаранговіча.

1. Імя Васіль яму далі выпадкова, маці хацела назваць Генадзем

«У мамы... была праблема, якое даць імя сыну. Звыклыя вясковыя імёны Мікіта, Іван, Лявон, Міхал ёй не падабаліся, хацелася даць першынцу незвычайнае імя, каб такога не было ва ўсёй акрузе. Зь нейкай кніжкі яна вычытала імя Генадзь, тады не распаўсюджанае ў вёсках, і вырашыла так мяне назваць. Ехаць да царквы было далекавата, імя дзіцяці павінны былі даць па тым часе даволі рэдкае і цяжка запамінальнае, а запісаць яго не дадумаліся... І трэба ж было такому надарыцца, што кум і кума за дарогу яго забылі, аб чым паведамілі бацюшку. Айцец Пятро Пароменскі супакоіў, сказаўшы, што выйсьце ёсьць: сёньняшні дзень, 14 студзеня, па царкоўным календары зьяўляецца днём сьвятога Васіля Вялікага. І прапанаваў даць хлопчыку імя Васіль».

Якуб Колас. «Новая зямля». Ілюстрацыя. 2002 г. Акварэль
Якуб Колас. «Новая зямля». Ілюстрацыя. 2002 г. Акварэль

2. Школьнікам вывучыў на памяць усю «Новую зямлю»

«...Як я пайшоў у школу і мы сталі вывучаць літаратуру, мама, вечарамі седзячы за кроснамі або калаўротам, прасіла мяне пачытаць Янку Купалу, Якуба Коласа альбо нашага земляка Максіма Танка. Найбольш даспадобы ёй была „Новая зямля“. І я так часта чытаў ёй гэтую паэму, што з часам ведаў яе назубок, а гэта было для мяне ня так ужо і цяжка, бо ў школе лічылі, што памяць у мяне фэнамэнальная».

Партрэт Янкі Купалы. З сэрыі па матывах паэмаў Янкі Купалы. Дыплёмная работа (Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут). 1966 г. Лінагравюра
Партрэт Янкі Купалы. З сэрыі па матывах паэмаў Янкі Купалы. Дыплёмная работа (Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут). 1966 г. Лінагравюра

3. Захапляўся вялікай фізычнай сілай і адвагай свайго бацькі-каваля

«Прырода надзяліла яго немалой фізычнай сілай, магутнымі рукамі, стальным здароўем. /.../ Ён быў па-сапраўднаму бясстрашны і рашучы. /.../ Прайшоўшы дзьве вайны зь немцамі, — адну на польскім баку ў 1939 годзе, а таксама Вялікую Айчынную, ён ні разу ня быў паранены. /.../ Напэўна, сьмелых, адчайных людзей і куля не бярэ».

Бацька Пётра Шаранговіч — капрал польскай арміі. 1939 г. Заходняя Беларусь
Бацька Пётра Шаранговіч — капрал польскай арміі. 1939 г. Заходняя Беларусь

4. Першы дзіцячы ўспамін — нямецкі самалёт, які хацеў яго расстраляць

«Першае, што запомнілася, — гэта нямецкі самалёт, які застаў нас з бацькам у чыстым полі... Стаяла восень 1942 году. ...Мне і сёньня незразумела, для чаго немцу так закарцела расстраляць адзінокага чалавека з малым хлапчуком. ...Самалёт кружыў над палеткам, бесьперапынна страляючы. Бацька, схапіўшы мяне, кідаўся туды-сюды, пакуль за невялікім узгорачкам не натрапіў на нейкую яму ці канаву, у якой мы змаглі схавацца. Самалёт, пакружыўшы, зьнік. /.../ Я ўпершыню ўбачыў цуд — вялікую жалезную птушку, якая ляціць у небе, ды яшчэ і страляе. І ніколькі не было страшна, толькі тое незабыўнае ўражаньне, якое адчуваюць у такіх выпадках усе дзеці, — зьдзіўленьне і нават захапленьне».

З сэрыі «Памяці вогненных вёсак». 1979–1985 гг. Каляровая аўталітаграфія
З сэрыі «Памяці вогненных вёсак». 1979–1985 гг. Каляровая аўталітаграфія

5. За свой першы малюнак атрымаў добрую лупцоўку ад бацькоў

Васіль Шаранговіч зь дзедавай люлькай. 1957 г.
Васіль Шаранговіч зь дзедавай люлькай. 1957 г.

«Калі ў мяне пытаюцца, як я пачаў маляваць, я адказваю, што ў гады вайны... Партызан падарыў мне аловак зь зялёным грыфэлем. /.../ Паперы, вядома, не было /.../ Але ў сянях стаяла шафа, зробленая бацькам яшчэ за польскім часам. /.../ Звонку яна была памаляваная чырванавата-карычневай фарбай, а ўнутры дзьверцы чыстыя... Мне падалося гэта прыдатным матэрыялам для маляваньня. І вось, калі дома ні бацькоў, ні дзеда з бабкай не было, я размаляваў гэтыя дзьверцы шафы. ...Намаляваў голых мужыкоў з усімі прычындаламі, якіх бачыў у нашай лазьні. Дзьверцы зачыніў, але празь нейкі час маё „майстэрства“ выявілася, і я атрымаў такую лупцоўку, што надоўга расхацелася займацца гэтай справай».

6. У юнацтве не любіў танцаваць, але дзякуючы настаўніку матэматыкі стаў найлепшым танцорам у вёсцы

«...Генадзь Ігнатавіч Астроўскі, настаўнік матэматыкі... добра ведаў, што я ня ўмею танцаваць. І вось на адным са школьных вечароў Генадзь Ігнатавіч узяў баян і аб’явіў белы вальс для мяне і дзяўчыны, якую ён папярэдне ўгаварыў запрасіць мяне на танец. Мне не было куды падзецца. Вучні сабраліся ў круг, да мяне падышла дзяўчына, а Генадзь Астроўскі з баянам хадзіў вакол нас, каб я ня зьбег. Давялося проста таптацца на месцы, я чырванеў, хацелася плакаць і ўцячы немаведама куды ад сораму. /.../ Тая выхадка Астроўскага так ударыла па маім самалюбстве, што ў хуткім часе я даволі дасканала авалодаў майстэрствам вясковых танцаў і неўзабаве стаў лічыцца найлепшым танцорам».

На абароне дыплёмнай работы «Са сходу. Вёска Зані» ў Менскай мастацкай вучэльні імя А.Глебава. 1960 г.
На абароне дыплёмнай работы «Са сходу. Вёска Зані» ў Менскай мастацкай вучэльні імя А.Глебава. 1960 г.

7. Калі вучыўся ў Менску, то ад заўсёднага пачуцьця голаду траціў прытомнасьць

«Як-ніяк, а маральнае і фізычнае напружаньне было вялікім пры такім напаўгалодным жыцьці. Часам ішоў па вуліцы, а ў вачах цямнела, і я мог, самлеўшы, упасьці. Калі побач былі людзі, мяне падымалі і вялі да бліжэйшай лаўкі, можа, думалі, што перабраў хлопец. А калі нікога блізка не было, празь некаторы час прыходзіў у прытомнасьць і сам шукаў, дзе прысесьці, каб ачухацца. Балюча ўспамінаць той час, усё здаецца сном, які заўсёды праходзіць і становіцца прывідам».

8. У студэнцкія часы працаваў артыстам у Вялікім тэатры опэры й балету

«...Гэта была цікавая старонка ў маім жыцьці, бо, з аднаго боку, можна было зарабіць невялікую капейчыну, а з другога — убачыць, што робіцца за кулісамі. За ўдзел у масавых сцэнах плацілі рубель; калі патрабавалася рэпэтыцыя, яшчэ рубель. ...Калі ў „Карсары“ А. Адана давялося /.../ з адным хлопцам фэхтаваць на шпагах, за гэта плацілі два рублі. У „Дзяўчыне з Палесься“ Я. Цікоцкага, калі быў забіты герой опэры, ад мяне патрабавалася зычна сказаць са сцэны: „Расьцяпа камэндант“ і цягнуць „забітага“ за кулісы. Памятаю, партыю гэтага героя выконваў знакаміты тэнар Ісідар Балоцін, які лаяўся на мяне матам: маўляў, малады ды здаровы, выкручваю яму рукі».

У майстэрні Васіля Шаранговіча. 1970 г.
У майстэрні Васіля Шаранговіча. 1970 г.

9. Нікому не дазваляў умешвацца ў сваю работу

«...Я ніколі не любіў, каб за мяне рабіў нешта хто-небудзь іншы, — толькі я сам. Буду мучыцца, перажываць, але даб’юся свайго. /.../ Падчас пакутлівай працы над натурмортам Леў Маркавіч [Лейтман. — В. Дэ Эм], бачачы мае няўмелыя намаганьні, падыходзіць да мяне, бярэ пэндзлі і палітру і пачынае пісаць нейкі кавалак натурморту. Калі ён закончыў і перадаў мне палітру, я ў яго прысутнасьці ўзяў мастыхін і моўчкі зьняў усё тое, што напісаў выкладчык. Лейтман... не абразіўся, а зразумеў, што да ўсяго я хачу дайсьці сам. Ён быў сапраўдны пэдагог і чалавек! І ў далейшым я ніколі і нікому не дазваляў умешвацца ў сваю працу...»

3 Рыгорам Барадуліным сярод вучняў Сваткаўскай школы. Мядзельскі раён. 1968 г.
3 Рыгорам Барадуліным сярод вучняў Сваткаўскай школы. Мядзельскі раён. 1968 г.

10. Быў выдатным шахматыстам, але кінуў гуляць, бо параўноўваў гэта з алькагалізмам ці наркаманіяй

«Другі курс вучылішча быў адметны ў тым сэнсе, што тады я вельмі захапіўся шахматамі... Аднакашнікі ўжо адмаўляліся гуляць са мною, бо ведалі, што выйграць у мяне немагчыма. [Мяне ўгаворвалі] кінуць вучылішча і сур’ёзна заняцца шахматамі, бо зь мяне зь цягам часу можа атрымацца гросмайстар. ...Пакутлівы роздум — як быць далей? У рэшце рэшт перамагла любоў да выяўленчага мастацтва, а не да шахматнага. Як цяпер памятаю, падняўся рана, спусьціўся да Сьвіслачы... і кінуў шахматную дошку ў ваду, каб навечна разьвітацца з гэтай „хваробай“. Я не памыляюся — гэта сапраўды хвароба, і я ў гэтым упэўніўся. Там жа даў сабе зарок больш ня браць у рукі шахматную фігуру, ведаючы, што, дакрануўшыся да яе, зноў уцягнуся, як наркаман або алькаголік».

З дачкой Наташай на першамайскай дэманстрацыі. Менск, 1975 г.
З дачкой Наташай на першамайскай дэманстрацыі. Менск, 1975 г.

11. Прызнаўся сваёй будучай жонцы ў антысавецкіх настроях і баяўся, каб яго за гэта не арыштавалі

16 Янка Купала. «Адвечная песьня». Ілюстрацыя. 1980 г. Каляровая аўталітаграфія
16 Янка Купала. «Адвечная песьня». Ілюстрацыя. 1980 г. Каляровая аўталітаграфія

«Мы доўга гулялі, я безупынна гаварыў. І ўжо не чытаў вершы, а больш разважаў пра жыцьцё, пра савецкую ўладу, якая давяла да галечы народ, асабліва сялянства, што мы жывём ня так, як павінны жыць людзі. /.../ Мая спадарожніца не пярэчыла, больш слухала, чым гаварыла. Нарэшце апоўначы мы разьвіталіся каля яе дома /.../ Калі я дабраўся да дому, Адольф [студэнцкі сябар В. Шаранговіча — В. Дэ Эм.] ...сваім пытаньнем ашаламіў напавал. Ведаючы мае настроі, ён спытаўся: „Ты сваёй дзяўчыне хоць не нагаварыў якой-небудзь антысаветчыны? Яна ж дачка першага сакратара Дубровенскага райкама партыі“, — як абухом аглушыў... Я схапіўся за галаву. ...дурань, ён і ёсьць дурань! /.../ Заўтра ж мы дамовіліся сустрэцца! Бяссонная ноч. Мне здавалася, што ўжо заказаны ...„варанок“ і назаўтра я адразу пападу ў турму... Надышла раніца... мы пасьпяхова сустрэліся з Галяй, бо „варанка“ ніякага не было... На душы было лёгка і весела: падазрэньні ня спраўдзіліся».

12. Бацька адгаворваў яго жаніцца

«...я неяк сказаў свайму бацьку, што зьбіраюся ажаніцца. А ён мне: „Ты што, дурань? Я ў 34 гады ажаніўся, і ведаеш, як мне надакучыла жыць з тваёй маці! Так што вельмі раю жаніцца пазьней, чым я“. А мне тады ішоў толькі дваццаць чацьвёрты год».

13. Шаранговіча затрымалі спэцслужбы, калі ў Менску зьнесьлі помнік Сталіну

«...даходзілі чуткі, што... здымаюць помнік Сталіну. /.../ Даяжджаю я да Цэнтральнай плошчы... помніка Сталіну не відаць, але бачу на ёй вялікі натоўп, прамоўца пасярэдзіне нешта гаворыць, а ўсё кругом бурліць. /.../ Падыходжу да натоўпу. І не пасьпеў я нават агледзецца, як здаравенныя хлопцы закручваюць мне рукі і вядуць у бок паштовага аддзяленьня... А там ужо стаіць многа схопленых людзей. ...непадалёк стаяць чорныя «варанкі». /.../ Нейкі чмыр мне гаворыць: «Во, камсамолец, студэнт /.../ а выступае супраць савецкай улады».

14. Ганарыцца тым, што быў першым ілюстратарам «Віленскіх камунараў» Максіма Гарэцкага

«Асабліва ганаруся тым, што быў ілюстратарам першага выданьня „Віленскіх камунараў“ М. Гарэцкага. У 1964 годзе выдавецтва „Беларусь“ даручыла мне, студэнту чацьвёртага курса, аформіць і праілюстраваць раман „Віленскія камунары“... Да гэтага я лічыў, што нядрэнна ведаю беларускую літаратуру, але гэты пісьменьнік быў мне незнаёмы, бо ён быў рэпрэсаваны і яго творы доўгі час забаранялі. Даведаўшыся тое-сёе пра жыцьцёвы і творчы лёс Максіма Гарэцкага, зь вялікай цікавасьцю пачаў чытаць і перачытваць рукапіс рамана. Трэба сказаць, што раман мне спадабаўся, уразіў маштабам адлюстраваных гістарычных падзей, дакладна перададзеным калярытам эпохі... Веданьне творчасьці і жыцьцёвага шляху такога чалавека, як Максім Гарэцкі, узбагачае людзей, і я вельмі рады, што ў студэнцкія гады мне пашчасьціла напаткаць гэтую жывую і чыстую крыніцу».

15. Захапляўся Вільняй, дзе маральна і фізычна адпачываў

«Вільнюс і ў тыя 60-я гады быў непадобны на наш шэры стандартны Мінск, ён быў больш цывілізаваным горадам, бліжэйшым да заходніх узораў. Маленькія ўтульныя піўныя бары, арыгінальна аформленыя рэстараны з нацыянальнай кухняй. /.../ Якасьць страў і культура абслугоўваньня выклікала ў нас захапленьне, асабліва ў параўнаньні зь мінскімі звычаямі. /.../ Выклікалі непадробную цікавасьць і Вострая брама, і Базыльянскія муры, і вежа Гедыміна. Мы пакланіліся мэмарыяльнай пліце на месцы пакараньня сьмерцю Кастуся Каліноўскага ў Лукішках, пабывалі ў царкве Пятра і Паўла, Віленскім унівэрсытэце».

16. Будучы праціўнікам савецкай улады, з натхненьнем маляваў Леніна, бо ня ведаў пра яго злачынную сутнасьць

Васіль Шаранговіч быў адным з ілюстратараў паэмы У. Маякоўскага «Уладзімір Ільіч Ленін». Мастак згадвае: «Я пагадзіўся і выканаў шэраг літаграфій. /.../ Партрэт Леніна /.../ лічыўся адным зь лепшых у савецкай графіцы і бясконца рэпрадуцыраваўся. Мае ілюстрацыі /.../ атрымалі вышэйшыя ўзнагароды на ўсесаюзным спэцыяльным конкурсе, чым я, безумоўна, быў узрадаваны. Сёньня можна паставіць справядлівае пытаньне: а чаму ж чалавек, які крытычна ставіўся да савецкай улады, пагадзіўся на такую работу, тым больш што выканаў яе з усёй самааддачай сіл і таленту? Так, я не ўспрымаў існуючую ўладу /.../ але, як ні дзіўна, верыў Леніну! Думаў тады, што калі б ён доўга жыў, такога б жаху ня здарылася, так бы не пакутаваў народ, не было б дзікага рабства /.../ Значна пазьней я даведаўся, што ўсе ГУЛАГі, турмы, рэпрэсіі, зьнішчэньне генафондаў нацый распачаў Ленін, Сталін гэта пасьпяхова прадоўжыў... Каб я тады гэта ведаў, то як грамадзянін наўрад ці ўзяўся б ілюстраваць паэму У. Маякоўскага...»

Ул. Маякоўскі. «Уладзімір Ільіч Ленін». Ілюстрацыя. 1970 г. Аўталітаграфія
Ул. Маякоўскі. «Уладзімір Ільіч Ленін». Ілюстрацыя. 1970 г. Аўталітаграфія

17. Лічыў, што ад архітэктараў зыходзіць разбуральная сіла

Янка Купала. «Адвечная песьня». Ілюстрацыя. 1980 г. Каляровая аўталітаграфія
Янка Купала. «Адвечная песьня». Ілюстрацыя. 1980 г. Каляровая аўталітаграфія

«...калі заглянуць у гісторыю, то, сапраўды, самая разбуральная сіла заўсёды зыходзіла ад саміх архітэктараў, бо на месцы разбуранага яны заўсёды імкнуліся паставіць свой будынак, не турбуючыся пра даўніну. Так было, калі руйнаваліся будынкі Старажытнага Рыма, і, як ні дзіўна, гэты працэс зьнішчэньня старажытных каштоўнасьцяў падтрымліваў нават Рафаэль, што ён і выказаў у пісьмовым пасланьні папу Пію ХІІ».

18. Паводле Васіля Шаранговіча — Янка Купала ў «Адвечнай песьні» прадбачыў узьнікненьне сюрэалізму

«...„Адвечная песьня“ /.../ носіць, на мой погляд, сюрэалістычны характар, хоць такога мастацкага кірунку падчас напісаньня паэмы не было. Геній паэта прадбачыў зьяўленьне сюрэалізму ў розных відах творчасьці».

19. Пасьля стварэньня ілюстрацый да «Пана Тадэвуша» адчуваў сябе, як пасьля пахаваньня

«Работа над паэмай „Пан Тадэвуш“ адабрала ў мяне шмат сіл, і пасьля яе заканчэньня я адчуў спустошанасьць і няздольнасьць цікавіцца чымсьці яшчэ. Калі работы здаў у выдавецтва, стан быў як пасьля пахаваньня».

Ілюстрацыя да паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1985–1998 гг. Акварэль, аловак, шклограф
Ілюстрацыя да паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1985–1998 гг. Акварэль, аловак, шклограф

20. Лічыць, што з таталітарызмам ня варта змагацца рэвалюцыйнымі мэтадамі

Васіль Шаранговіч у майстэрні. 2018 г.
Васіль Шаранговіч у майстэрні. 2018 г.

«Я пераконваў моладзь, што экстрэмальныя ўчынкі не прывядуць да чаго-небудзь слушнага, а нашкодзіць могуць сур’ёзна. Вядома ж, я і сам быў крытычна настроены ў адносінах да многіх дзеяньняў савецкіх улад, успрымаў адмоўна адсутнасьць дэмакратызму і свабоды, падман грамадзкасьці, уціск усяго нацыянальнага. Але лічыў, што змагацца з гэтымі нэгатыўнымі зьявамі, з усім адмоўным, што назьбіралася ў нашым грамадзтве, трэба абачліва, рэвалюцыйных мэтадаў я не падтрымліваў».

Крыніцы

  1. Вялікі дзякуй у падрыхтоўцы матэрыялу Натальлі Шаранговіч.
  2. У аснове артыкула — аўтабіяграфічная кніга Васіля Шаранговіча «Ген жыцьця» (Менск, 2009).
  3. Фатаздымкі і рэпрадукцыі ўзятыя з архіву сям’і Шаранговічаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG