Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрываем Беларусь. Куды зьезьдзіць і што паглядзець у красавіку


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Што і дзе варта паглядзець у мясьцінах, дзе віруе беларускае жыцьцё? Свабода дапамагае арыентавацца ў багацьці выбару.

30 дзён на ровары: круцім пэдалі ўвесь красавік

Менскае роварнае таварыства і Цэнтар экалягічных рашэньняў пачынаюць акцыю #30daysofbiking «30 дзён на ровары». Яна мае прапагандаваць і пашыраць гарадзкі роварны рух у Менску і рэгіёнах: кожны красавіцкі дзень хоць крыху езьдзіць на двух колах.

Шпацыр-адкрыцьцё заплянаваны на 1 красавіка. Старт а 19-й гадзіне ад сядзібы Менскага роварнага таварыства (вул. Смалячкова, 14а). Як удакладняюць арганізатары, маршрут кальцаваты і зойме прыблізна 60 хвілін. Паездка ў спакойным тэмпе (прыблізна 15 км/г).

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Стаць удзельнікам можа кожны ахвочы на спраўным ровары, абсталяваным ліхтарамі. Гэтаксама запрашаюць уладальнікаў іншых экалягічных відаў транспарту — самакатаў, скейтбордаў, ролікаў, монаколаў, сыгвэяў.

Імпрэза ладзіцца пры фінансавай падтрымцы Эўразьвязу і праграмы малых грантаў Глябальнага экалягічнага фонду.

Камаедзіца пад Менскам: сустрэць веснавога мядзьведзя

«Камаедзіца» — старадаўні абрад, водгалас пакланеньня мядзьведзю, калі намагаліся яго ўлагодзіць, задобрыць. Сьвята спраўлялі ў пачатку вясны, калі заканчвалася сьпячка зьвера і ён вылазіў зь берлагу. Продкі гатавалі гарохавую кашу — так званыя камы, сушаны рэпнік, аўсяны кісель, якія лічыліся любімай ежай мядзьведзя.

6 красавіка акунуцца ў атмасфэру старажытнага абраду можна ў сэктары «Падняпроўе» Дзяржаўнага музэю народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы (Строчыцы) пад Менскам.

Дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы
Дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы

Некалі Падняпроўе было густа пакрытае спрадвечнымі лясамі, у якіх вялося шмат мядзьведзяў. Здаралася, драпежнік паляваў на людзей і свойскую жывёлу, чым наводзіў страх на жыхарства.

Наведнікі абрадавай дзеі ў Азярцы змогуць паслухаць казкі і паданьні пра мядзьведзя і, натуральна, пачаставацца аўтэнтычнай гарохавай кашай. Таксама плянуюцца майстар-кляса ў народных танцах і продаж арыгінальных сувэніраў ад майстроў.

«Мора Герадота»: экскурсія на разьлівы Прыпяці

У антычнасьці «Морам Герадота» называлі Палесьсе — празь вялізныя разьлівы падчас паводкі.

Паводка Прыпяці на Палесьсі
Паводка Прыпяці на Палесьсі

13 красавіка экскурсійнае агенцтва «Краіна Замкаў» запрашае ахвочых палюбавацца разьлівамі Прыпяці — якраз у гэты час рака найбольш паўнаводная і дэманструе свой дзікі нораў.

Маршрут праляжа праз адно з старажытных паселішчаў Беларусі — Тураў. Спакон вякоў тут захаваліся гарадзішча, замкавыя руіны, рэшткі храмаў. Адзін зь мясцовых цудаў — Тураўскі каменны крыж, які, паводле легендаў, нібыта штогод незразумелым чынам «падрастае». Шмат хто прыяжджае сюды адмыслова, каб дакрануцца да рэліквіі, у тым ліку спадзеючыся вылечыцца ад хваробаў.

Паводка на Палесьсі
Паводка на Палесьсі

​З Турава заплянаваны пераезд у Ляскавічы і 2-гадзіннае падарожжа катэрам па Прыпяці. Арганізатары вандроўкі абяцаюць фантастычныя карціны палескай прыроды.

«Запаведны кадар»: птушкі Бацькаўшчыны ў аб’ектыве

19–21 красавіка Бярэзінскі біясфэрны запаведнік і арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ладзяць спаборніцтвы ў фотапаляваньні на птушак «Запаведны кадар». Такі від актыўнага адпачынку, папулярны ва ўсім сьвеце, на тэрыторыі запаведніку арганізуецца ўпершыню.

Рабіць цікавыя падарожжы ў сьвет натуры заклікаюць арганізатары. Блізкае знаёмства з птушкамі дапаможа ўбачыць прыгажосьць і глыбіню запаведнае прыроды.

Што патрэбна для ўдзелу? Каманда з 2 чалавек альбо адзін удзельнік; лічбавы фотаапарат ці мабільны тэлефон з камэрай; ноўтбук або пляншэт для апрацоўкі фота; вызначальнік птушак (дадатак у смартфоне або друкаванае выданьне); сухая ссабойка і тэрмас з гарачай гарбатай; гумовыя боты і сродак ад кляшчоў.

Пераможцаў і прызэраў чакаюць дыплёмы і падарункі. Заяўкі на ўдзел прымаюцца на электронны адрас tourism@berezinsky.by да 18 красавіка.

«Сядзіба музаў»: аўтобусам па Старавіленскім тракце

20 красавіка кампанія «Віаполь», запрашае скарыць старавіленскі шлях на маршруце Залесьсе — Смаргоні — Солы — Астравец — Гервяты.

Міхаіл Кляофас Агінскі на вокладцы кнігі Ўладзімера Садоўскага «1813»
Міхаіл Кляофас Агінскі на вокладцы кнігі Ўладзімера Садоўскага «1813»

​У Залесьсі правёў 20 гадоў свайго бурнага жыцьця Міхал Кляофас Агінскі — дзяржаўны і грамадзкі дзяяч, дыплямат, кампазытар, аўтар знакамітага палянэзу «Разьвітаньне з Радзімай». 250-годзьдзе з дня яго нараджэньня было ў календары UNESCO 2015 году. Адрэстаўраваны палац у атачэньні пэйзажнага парку стане сцэнаю анімацыйнага шоў «Сядзіба музаў».

Побач — старыя Смаргоні, вядомыя кальвінісцкім зборам XVII стагодзьдзя і захаванай інфраструктурай Першай усясьветнай вайны. Далей прыпынак у Солах, дамінантай тут постмадэрнісцкі касьцёл пачатку XX стагодзьдзя. Працягнецца вандроўка ўспамінамі пра «белага консула» у Японіі — Язэпа Гашкевіча, пахаванага ў Астраўцы пад касьцёльнымі мурамі.

У вядомых яшчэ з XIII стагодзьдзя Гервятах уражвае найперш сваім вялізным і адначасова вытанчаным абрысам касьцёл Сьвятой Тройцы — каменны харал Сярэднявечча, адзін з манумэнтальных храмаў Беларусі.

Чарнобыльскі маршрут: сьцежкамі сталкераў

26 красавіка — гадавіна катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Апошнім часам сярод аматараў экстрыму запатрабаваныя паездкі ў гарады і вёскі, адселеныя пасьля аварыі.

Цяпер у Беларусі зьявіліся пасярэднікі, якія арганізуюць падобныя выезды празь мяжу з Украінай. Аднадзённае падарожжа з Гомля ад фірмы «Прыпяць-тур» абыдзецца ў 250 рублёў, на два дні — 400 рублёў.

Праграма ў зоне адчужэньня (30-кілямэтровая зона) прадугледжвае агляд цэнтру адселенага гораду Чарнобыль: старой царквы, рачнога порту з закінутымі баржамі, пляцоўкі зь відам на «Саркафаг», аб’екту «Сховішча-2».

Адтуль пераезд у «мёртвы горад» Прыпяць: цэнтральная плошча, дом культуры, шпіталь, крамы, школы, дзіцячы парк з колам агляду, нават гарадзкая турма. Колькасьць аб’ектаў залежыць ад арганізаванасьці групы і ўмоваў надвор’я.

Манюшка-200: дзіцячыя мясьціны кампазытара

Сёлета 200-гадовы юбілей Станіслава Манюшкі — аднаго з самых славутых кампазытараў Беларусі і Польшчы. Аўтар шматлікіх песень, опэраў, апэрэтаў, балетаў зьявіўся на сьвет 5 траўня 1819 году.

27 красавіка кампанія «Колар-Лэнд» запрашае на супольную экскурсію мясьцінамі Манюшкі — на яго малую радзіму ў Убель Чэрвенскага раёну, а таксама ў Сьмілавічы, Ляды, Дукору, Ігумен (цяпер Чэрвень). Тут зьберагліся самабытная архітэктура і прырода, якія натхнялі ў дзяцінстве Станіслава. Апроч Манюшкі, гэтыя адрасы зьвязаныя зь дзяржаўным дзеячом Міхалам Казімерам Агінскім, мастаком Хаімам Суцінам, шляхотным родам Ваньковічаў ды іншымі.

Раней у межах юбілейных захадаў кіраўнік «Беларускай капэлы», заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў ініцыяваў стварэньне памятнай шыльды ў гонар першага публічнага гучаньня беларускай мовы з прафэсійнай тэатральнай сцэны — ідзецца пра першую беларускую опэру «Ідылія» Манюшкі і Дунін-Марцінкевіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG