Ва Ўкраіне абнародавалі вынікі апошніх сацыялягічных дасьледаваньняў электаральных сымпатый грамадзян напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 31 сакавіка — згодна з заканадаўствам, з 29 сакавіка забаронена публікаваць перадвыбарчыя рэйтынгі кандыдатаў.
Паводле апытаньня, якое супольна праводзілі фонд «Дэмакратычныя ініцыятывы» і Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі з 20 па 26 сакавіка, прэзыдэнцкі рэйтынг, як і раней, узначальвае актор і бізнэсовец Уладзімір Зяленскі — яго гатовыя падтрымаць 28,5 % грамадзян з тых, хто ўжо вызначыўся з выбарам і прыйдзе на ўчастак для галасаваньня.
За дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнку гатовыя прагаласаваць 18,8 %, за лідэрку партыі «Бацькаўшчына» Юлію Цімашэнку — 13,3 %. Далей ідуць Юры Бойка (11,5 %), Анатоль Грыцэнка (8,6 %), Алег Ляшко (5,4 %), Ігар Сьмяшко (4,5 %), Аляксандар Вілкул (4,1 %) і Руслан Кашулінскі (1,8 %). Усе іншыя кандыдаты набіраюць менш за 1 % галасоў.
Сацыёлягі сьцьвярджаюць, што Ўладзіміра Зяленскага найбольш падтрымліваюць на поўдні Ўкраіны — 26 % сярод тых, хто мае намер узяць удзел у выбарах. Аднак і ў іншых рэгіёнах ён мае дастаткова вялікую падтрымку: 19 % на ўсходзе, 18 % — у цэнтры, 16 % — на захадзе.
Прыхільнікаў Пятра Парашэнкі найбольш на захадзе (17 %) і ў цэнтры (15%), а найменей — на поўдні (10 %) і ўсходзе (5 %).
Юлія Цімашэнка мае аднолькавую падтрымку ва ўсіх рэгіёнах Украіны — на ўзроўні ад 9 да 11 %.
Паводле сацыёлягаў, сярод прыхільнікаў Уладзіміра Зяленскага найбольш моладзі ва ўзроставай групе да 30 гадоў (45 %). Пятра Парашэнку ў гэтай групе падтрымліваюць толькі 7 % рэспандэнтаў, і яшчэ менш Юлію Цімашэнку — 3 %.
Сацыёлягі апыталі 1600 рэспандэнтаў ва ўсіх абласьцях Украіны, апроч анэксаванага Расеяй Крыму і акупаваных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей.
Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне
- Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
- Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
- У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
- Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
- Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
- Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
- Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
- Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
- Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.