Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэстоўцы ў Інгушэтыі перакрылі фэдэральную трасу, раней паліцыя выцясьняла іх з плошчы ў Магасе


Пратэст у Магасе, сталіцы Інгушэтыі, супраць пагадненьня аб абмене тэрыторыямі з Чачнёй, 29 сакавіка 2019
Пратэст у Магасе, сталіцы Інгушэтыі, супраць пагадненьня аб абмене тэрыторыямі з Чачнёй, 29 сакавіка 2019

Паліцыя раніцай 27 сакавіка тры разы паспрабавала разагнаць удзельнікаў бестэрміновага пратэсту на галоўнай плошчы ў Магасе, дзе людзі патрабавалі адмяніць зьмены ў закон аб правядзеньні рэферэндумаў у Інгушэтыі.

У выніку пратэстоўцы дамовіліся, што адкладуць пратэсты на пяць дзён. Пазьней пратэстоўцы перакрылі фэдэральную трасу «Каўказ».

«Цяпер супрацоўнікі праводзяць тлумачальную гутарку, спрабуюць угаварыць людзей сысьці з дарогі і дазволіць аднавіць рух, — паведаміла паліцыя. — Сілавога разгону пратэстоўцаў няма, затрыманых таксама няма».

Атакаў паліцыі на ўдзельнікаў пратэстаў у Магасе раніцай 27 сакавіка было тры, распавяла сайту «Кавказ. Реалии» актывістка Зарыфа Саўціева.

Паліцыя ў Інгушэтыі разганяе пратэстоўцаў на галоўнай плошчы Магасу

Паводле яе словаў, паліцыя ўдарыла дубінкамі некалькі мітынгоўцаў, якія атрымалі лёгкія цялесныя пашкоджаньні. Мітынгоўцы, паводле актывісткі, спрабавалі адбівацца ад сілавікоў крэсламі і нават голымі рукамі, але беспасьпяхова.

Бестэрміновыя мітынгі пратэсту пачаліся ў Інгушэціі напярэдадні, 26 сакавіка. Незадаволенасьць выклікаў законапраект «Аб рэфэрэндуме Рэспублікі Інгушэтыя», які быў прыняты дэпутатамі Інгушэтыі ў першым чытаньні. На 28 сакавіка было прызначанае другое чытаньне закону з улікам паправак і дапаўненьняў.

Новы закон фактычна адмяняе усеагульныя рэфэрэндумы ў рэспубліцы. У прыватнасьці, з закону зьнік абзац, што ў абавязковым парадку на рэфэрэндум выносяцца «пытанні аб зьмене статусу, назьве рэспублікі, яе падзеле або аб’яднаньні зь іншымі суб’ектамі Расейскай Фэдэрацыі, а таксама аб зьмене яе тэрыторыі або межаў у адпаведнасьці з заканадаўствам РФ».

Закон быў унесены пасьля таго, як кіраўнік Інгушэтыі падпісаў пагадненьне з кіраўніком суседняй Чачні аб абмене тэрыторыямі. Пагадненьне выклікала пратэсты ў Інгушэтыі, і шмат хто ў рэспубліцы патрабаваў рэфэрэндуму на гэтую тэму. Але ўлады рэспублікі, а затым і Канстытуцыйны суд РФ адмовілі ім у гэтым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG