Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі каля 27 тысячаў чалавек зь ВІЧ-станоўчым статусам


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Такую лічбу 27 сакавіка назваў журналістам прафэсар Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Сяргей Жаваранак.

Паводле прафэсара, ВІЧ апошнім часам зьмяняе «аўдыторыю»: калі раней вірус быў распаўсюджаны пераважна сярод наркаманаў, то цяпер усё больш перадаецца полавым шляхам; раней «цэнтрам беларускага ВІЧ» лічыўся горад Сьветлагорск, цяпер жа геаграфія робіцца больш разнастайнай.

Сяргей Жаваранак падкрэсьліў, што лячыцца ад ВІЧ-інфэкцыі можна, і лячэньне даволі эфэктыўнае, але дарагое.

У Беларусі арганізаванае ананімнае тэставаньне на ВІЧ. У выпадку выяўленьня ВІЧ-станоўчага статусу, чалавеку трэба абавязкова зьвярнуцца ў мэдычную ўстанову, дзе статус будзе ці ня будзе пацьверджаны, дадаў прафэсар.

У 2017 годзе беларускія мэдыкі агучвалі лічбу 23,5 тысячы чалавек зь ВІЧ-станоўчым статусам, у 2018 годзе — 25 тысяч.

Цяпер Беларусь апынулася на трэцім месцы па ўзроўні распаўсюджаньня ВІЧ у Эўропе. Наперадзе толькі — Расея і Ўкраіна. Найбольш «заражаныя» Гомельская і Менская вобласьці, найбольш «чыстая» ад ВІЧ — Горадзенская вобласьць.

Вірус імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ) паражае жывыя клеткі (лімфацыты) і разьвіваецца ў іх. Жывыя клеткі выкарыстоўваюцца як «інкубатар», у якім вірусы дзеляцца і размнажаюцца. Памеры ВІЧ вельмі малыя: на лініі ў 1 сантымэтар можа разьмясьціцца каля 100 тысяч вірусных часьцінак. Вірус выклікае павольнае захворваньне з доўгім інкубацыйным пэрыядам (ад заражэньня да зьяўленьня прыкметаў хваробы). Могуць прайсьці гады, перш чым разаўецца хвароба СНІД.

Вірус ВІЧ пад электронным мікраскопам на клетцы-лімфацыце
Вірус ВІЧ пад электронным мікраскопам на клетцы-лімфацыце

Тры стадыі хваробы

Падступнасьць ВІЧ якраз у тым, што вірус, трапіўшы ў арганізм, доўгі час ніяк не дае пра сябе знаць, і выявіць яго можна толькі пры лябараторным дасьледаваньні. Хвароба, выкліканая вірусам імунадэфіцыту чалавека, праходзіць некалькі стадыяў.

Першая стадыя — калі няма клінічных праяваў ВІЧ-інфэкцыі. Можа доўжыцца ад 2 да 15 гадоў. Яна называецца асымптомнай інфэкцыяй. Чалавек можа выглядаць і пачувацца здаровым, а пры гэтым перадаваць інфэкцыю іншым людзям.

Другая стадыя — прэ-СНІД. Характарызуецца зьяўленьнем першых сымптомаў хваробы. Гэта павелічэньне лімфатычных вузлоў, страта масы цела, ліхаманка, слабасьць.

Трэцяя стадыя — СНІД. Працягваецца ад некалькіх месяцаў да 2 гадоў, заканчваецца сьмерцю хворага.

Шляхі перадачы ВІЧ-інфэкцыі

ВІЧ не жыве ў арганізьме жывёлін. Для жыцьцядзейнасьці і размнажэньня ён мае патрэбу ў клетках чалавека, таму ад жывёлы чалавеку перадацца ня можа. У экспэрымэнтах на малпах, пацуках, мышах, паўлінах і катах ні разу не ўдалося дабіцца заражэньня. Такім чынам, заразіцца вірусам, які выклікае СНІД, можна толькі ад чалавека — носьбіта ВІЧ-інфэкцыі.

У ВІЧ-інфікаванага чалавека ўтрыманьне віруса ў розных вадкасьцях неаднолькавае. Найбольшая колькасьць віруса, дастатковая для заражэньня іншага чалавека, у ВІЧ-інфікаванага зьмяшчаецца ў крыві, спэрме, вагінальным сакрэце, сьпіннамазгавой вадкасьці, грудным малацэ. Таму мэдыкі кажуць пра тры шляхі перадачы ВІЧ-інфэкцыі:

  1. полавы;
  2. парэнтэральны (калі вірус трапляе ў кроў);
  3. вэртыкальны (ад ВІЧ-інфікаванай маці — дзіцяці падчас цяжарнасьці, родаў, кармленьня).

Шляхі, якімі ВІЧ-інфэкцыя не перадаецца:

  • пры сяброўскіх абдымках і пацалунках;
  • праз поціск рукі;
  • пры карыстаньні школьнымі прыладамі, кампутарам, настольным начыньнем, верхняй вопраткай;
  • пры карыстаньні басэйнам, душам;
  • у грамадзкім транспарце;
  • кузуркамі, у тым ліку і крывасмочнымі;
  • паветрана-кропельным шляхам.

Ад заражэньня ВІЧ-інфэкцыяй засьцерагае наяўнасьць сталага полавага партнэра, прэзэрватыў пры сэксуальным кантакце. Нельга заразіцца, даглядаючы хворага.

Групы рызыкі

Існуюць людзі, імавернасьць інфікаваньня якіх ВІЧ вялікая. Гэта залежыць ад паводзінаў чалавека, якія вызначаюць ступень рызыкі: шмат сэксуальных партнэраў; полавыя кантакты без прэзэрватыву; кантакты пры хваробах, якія перадаюцца полавым шляхам; выкарыстаньне адных і тых жа іголак і шпрыцаў некалькімі людзьмі пры ўнутрывенным уводзе наркотыкаў.

Таму да групаў рызыкі адносяцца наркаманы, прастытуткі, асобы зь бязладнымі полавымі сувязямі.

Прафіляктыка ВІЧ

У сьвеце пакуль яшчэ ня вынайшлі ані лекаў, ані вакцынаў, якія маглі б вылечыць ад ВІЧ-інфэкцыі або папярэдзіць заражэньне. Толькі бясьпечныя паводзіны і адказнае стаўленьне да свайго здароўя абароняць ад заражэньня вірусам імунадэфіцыту чалавека.

Полавы шлях заражэньня

У чалавека, які ня мае выпадковых полавых кантактаў або выкарыстоўвае прэзэрватывы, ня ўводзіць наркотыкі ўнутрывенна, рызыка заражэньня ВІЧ роўная нулю.

Парэнтэральны шлях (калі вірус трапляе ў кроў)

Асноўны шлях перадачы ВІЧ-інфэкцыі — калі ўнутрывенна ўводзяць наркотыкі шпрыцам, які перадаюць адзін аднаму. Заражэньню ВІЧ спрыяюць выкарыстаньне інфікаванага наркотыку або агульных прадметаў пры яго рыхтаваньні (тампонаў, посуду). Як толькі ў групе наркаманаў зьяўляецца хоць адзін заражаны ВІЧ, празь некаторы час большая частка такой групы (каля 70% на працягу 2–3 гадоў) становіцца ВІЧ-інфікаванай.

Вэртыкальны шлях заражэньня — дзіця ад ВІЧ-інфікаванай маці

Нараджаць дзіця ці не, вырашае сама ВІЧ-інфікаваная жанчына. Імавернасьць нарадзіць ВІЧ-інфікаванае дзіця — 30–45%. Мэдыкамэнтозная тэрапія дазваляе значна зьменшыць такую рызыку — да 1–2%.

Зь ВІЧ можна дажыць да глыбокай старасьці

ВІЧ — дыягназ невылечны, але гэта не прысуд. Калі праходзіць рэгулярныя мэдычныя агляды і антывірусную тэрапію, прымаць імунастымуляцыйныя лекі, сачыць за здароўем, правільна харчавацца, весьці здаровы лад жыцьця — можна пражыць доўга.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG