Дзяржаўную падтрымку з інавацыйных фондаў прадпрыемствы павінны будуць вяртаць, — заявіў падчас прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас.
«Асноўны аб’ём дзяржаўнай фінансавай падтрымкі за кошт інавацыйных сродкаў павінен аказвацца на льготнай аснове, але разам з тым зь вяртаньнем. Адпаведны мэханізм ужо створаны — Беларускі інавацыйны фонд», — цытуе Сяргея Румаса прэс-служба ўраду.
Паводле прэм'ера, у 2018 годзе асваеньне сродкаў цэнтралізаванага інавацыйнага фонду склала 94% ад плянавых значэньняў, а мясцовых — толькі 74%.
«Выдзеленыя рэсурсы не асвойваюцца ў тэрмін, а ўрад у канцы году ў аўральным рэжыме вымушаны прымаць рашэньні аб іх пераразьмеркаваньні. Тыя прадпрыемствы, якія ўзялі на сябе абавязаньні ў рэалізацыі праекту з прыцягненьнем сродкаў інавацыйных фондаў і ня выканалі іх, павінны завяршаць рэалізацыю праектаў не за кошт сродкаў бюджэту», — адзначыў Румас.
Кіраўнік беларускага ўраду наракаў на адсутнасьць праектаў, накіраваных на фармаваньне высокатэхналягічных сэктараў эканомікі. Менскі гарвыканкамам летась выдаткаваў сродкі на рэалізацыю 11 праектаў, Менскі аблвыканкам — трох, Берасьцейскі і Віцебскі — па адным, а Гомельскі, Горадзенскі і Магілёўскі не фінансавалі іх наогул.
«Замест гэтага значная частка рэсурсаў часьцяком накіроўваецца на праблемныя прадпрыемствы традыцыйных галін. Зразумела, іх таксама неабходна мадэрнізаваць, але не на шкоду разьвіцьцю новых сэктараў эканомікі. Таму прыярытэт павінен аддавацца найбольш эфэктыўным праектам», — сказаў прэм’ер-міністар.
Згодна зь праграмай інавацыйнага разьвіцьця Беларусі летась выконваліся 94 праекты, але на плянаваную магутнасьць выйшлі толькі 10.