Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжысэр Пінігін анасаваў дзьве прэм’еры ў Купалаўскім і патлумачыў, чаму адклаў трэцюю


Тэатар імя Янкі Купалы ў Менску, ілюстрацыйнае фота
Тэатар імя Янкі Купалы ў Менску, ілюстрацыйнае фота

Наступныя прэм’еры Купалаўскага тэатру — «Шляхціц Завальня» і «Кароль Лір» у перакладзе Юркі Гаўрука, былога вязьня сталінскіх лягераў.

Мікалай Пінігін, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы, напярэдадні Сусьветнага дня тэатру, які адзначаецца 27 сакавіка, падзяліўся з журналістамі творчымі плянамі.

«27 сакавіка мы паказваем чэхаўскую „Чайку“. Не таму, што аж тры яе героі, зьвязаныя з тэатрам. Проста так атрымалася. Для нас кожны спэктакль — гэта сьвята».

Пра прэм’еры

Найбліжэйшая прэм’ера купалаўцаў заплянаваная на 8-9 ліпеня. Гэта будзе інсцэнаваньне кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях». Затым — шэксьпіраўскі «Кароль Лір». Пінігін так сказаў пра пастаноўку п’есы ангельскага клясыка:

Мікалай Пінігін
Мікалай Пінігін

«Цудоўны пераклад на беларускую мову зроблены Юркам Гаўруком, былым вязьням сталінскіх лягераў. Гаўрук выдатна ведаў літаратурную ангельскую мову, і гэта адбілася найлепшым чынам на перакладзе».

Яшчэ адна задумка — аднавіць на купалаўскай сцэне ранейшую пастаноўку Купалаўскага тэатру, «Ідылію» Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча.

Пра «Яблычак» Пясецкага

Летась Пінігін казаў пра жаданьне паставіць спэктакль паводле рамана «Яблычак» Сяргея Пясецкага, польска-беларускага пісьменьніка, жыцьцё якога поўнілася экстрэмальнымі прыгодамі і незвычайнымі авантурамі, у тым ліку шпіянажам і кантрабандай. Тады мастацкі кіраўнік Купалаўскага нават сказаў, што ён перарабіў назву і спэктакль будзе называцца «Блатныя фраеры». Называўся і час прэм’еры — студзень 2019-га.

Сёньня Мікалай Пінігін патлумачыў, чаму прэм’ера затрымліваецца.

«Я вельмі люблю раманы Сяргея Пясецкага. Зусім нядаўна выйшаў і трэці раман зь ягонай „Менскай трылёгіі“. Гэта цудоўнае апісаньне Менску, Залатой горкі... Я зьбіраўся ставіць першы раман з трылёгіі. Але чалавек, якому я даручыў зрабіць інсцэніроўку рамана (прозьвішча не пытайцеся), зрабіў яе дрэнна. Таму Пясецкі пакуль адкладзены ўбок. Як гэта надоўга, я і сам ня ведаю», — сказаў мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG