Увечары 26 сакавіка ў менскай рэстарацыі «Грай» прайшла цырымонія ўручэньня літаратурнай прэміі «Дэбют». У 2019 годзе ўзнагародзілі:
- За прозу — Дар’я Трайдэн, «Крыштальная ноч»;
- За паэзію — Галіна Сіўчанка, «Зоў звычаю»;
- За пераклад — Паўліна Вітушчанка за «Віленскі покер» (Рычардас Гавяліс, зь літоўскай)
Переможцы атрымаюць грашовыя прызы ў 4000 рублёў. На цырымоніі выступіў гурт BarRokka.
На прэмію за паэзію прэтэндавалі таксама Алесь Замкоўскі за кнігу «Наступны прыпынак» і Стась Карпаў за «Канцылярыі розных спраў».
На прэмію за прозу — Алесь Кіркевіч за «Самурай», Стэфан Корф за «Палескі дыярыюш дывізіі Серакоўскага».
На прэмію за пераклад — Юлія Алейчанка за «Вецер у валасах» (пераклады розных аўтараў), Ліда Наліўка за «Ліхія дзевяностыя. Любоў і нянавісьць у Вужгарадзе» (Лэсь Бэлэй, з украінскай).
Прэмію ладзяць з 2011 году. Летась яе атрымалі Зараслава Камінская за кнігу «Русалкі клічуць», Ігар Кулікоў «за маштабнасьць і адвагу ў перакладніцкіх праектах, адкрыцьцё новых магчымасьцяў і вымярэньняў мовы» ў кнізе «Рыгведа. Кола І», а таксама Ганна Комар, Юля Цімафеева і Натальля Бінкевіч за кнігу Чарльза Букоўскі «Сьвятло, і паветра, і месца, і час». Два гады таму прэміі атрымалі Міхал Бараноўскі за кнігу «VOLUMEN 1», Андрусь Горват за кнігу «Радзіва «Прудок». Дзёньнік» і Адэля Дубавец за пераклад кнігі Вітальда Шаблоўскага «Танец мядзьведзяў».