Зьмітра Дашкевіча 25 сакавіка не прывезьлі ў суд. Увесь дзень Наста Дашкевіч, жонка экс-старшыні Маладога фронту, прачакала мужа каля суду Цэнтральнага раёну.
«У суд Зьмітра гэтак і не прывезьлі. Дакладна ведаю, што яго трымаюць у ізалятары часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна. Гэта пацьвердзілі ўчора ўвечары ў ІЧУ. Сёньня затрыманыя, якіх прывозілі ў суд, таксама сказалі, што Дашкевіч там у камэры, але да суду яго не давезьлі. Чаму -- ня ведаю. Нават ня ведаю, за што на яго склалі пратакол. Не выключаю, што будуць некалькі дзён трымаць, як месяц таму Паўла Севярынца, каб потым асудзіць на “суткі”», – сказала карэспандэнту Свабоды Наста Дашкевіч.
Актывіста і абаронцу Курапатаў Зьмітра Дашкевіча затрымалі 24 сакавіка на канцэрце да Дня Волі ў менскім Кіеўскім сквэры. Актывіст зьвярнуўся з прамовай да ўдзельнікаў сьвята і пасьля гэтага быў затрыманы.
25 сакавіка каля суду Цэнтральнага раёну Дашкевіча чакалі актывісты. У канцылярыі суду ў канцы працоўнага дня журналістам сказалі, што дакумэнтаў на Зьмітра Дашкевіча зь міліцыі не прывезьлі.
Таксама невядома, дзе знаходзіцца актывістка Натальля Гарачкі, якую затрымалі 24 сакавіка пры ўваходзе ў Кіеўскі сквэр.
Дзяжурны ІЧУ на завулку Акрэсьціна адмовіўся казаць, ці знаходзяцца ў ізалятары Зьміцер Дашкевіч і Натальля Гарачка.
Сталічная міліцыя пацьвердзіла затрыманьне падчас мітынгу-канцэрту 24 сакавіка двух чалавек. Прозьвішчы затрыманых не паведаміла. Пра аднаго з затрыманых было сказана, што ён падазраецца ў абразе супрацоўнікаў міліцыі.
Што важна ведаць пра Дзень Волі — 2019
- 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
- 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
- 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
- 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
- 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
- 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
- 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
- 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
- 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
- 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.
Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР
- Праект Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» (тэкст + аўдыёпадкасты) і аднайменная кніга (PDF)
- 10 малавядомых месцаў на мапе Беларусі, зьвязаных з БНР
- Беларускае «Слова 2018 году» — БНР
- Дзень Волі — 2018 стаў самым масавым у 21 стагодзьдзі. ІНФАГРАФІКА