Просяць не называць Кіеўскі сквэр «нягоднай пляцоўкай».
На прэс-канфэрэнцыі 25 сакавіка арганізатары менскага мітынгу-канцэрту на Дзень Волі, які прайшоў днём раней у Кіеўскім сквэры, заявілі, што «бяруць на сябе» адказнасьць за тое, каб у 2020 годзе Менск не застаўся безь сьвяткаваньня.
Былі два вялікія канцэрты. Што за спрэчкі?
Менскі мітынг-канцэрт за чатыры дні арганізавалі Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, рух «За свабоду» і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).
Арганізатары леташняга «Сьвята Незалежнасьці» зьбіраліся рабіць канцэрт #БНР101 у Менску, але ўлады не дазволілі гэтага на аніводнай з пляцовак, якіх яны прасілі. Дазвол далі толькі на Кіеўскі сквэр, парк Дружбы народаў і іншыя пляцоўкі для мітынгаў паводле «заяўнага прынцыпу». Тады канцэрт #БНР101 перанесьлі зь Менску ў Горадню (сказаўшы, што ў Менску не далі «годных пляцовак»), а палітычныя партыі вырашылі ладзіць у Менску свой канцэрт, хоць пачаткова заяўлялі толькі пра мітынг.
Як растлумачыў Віталь Рымашэўскі, сустаршыня БХД і адзін з арганізатараў менскага канцэрту, яны прасілі не рабіць заяваў аб тым, што Кіеўскі сквэр або плошча Бангалор — гэта «нягодныя месцы». Такія паведамленьні дэмаралізавалі людзей, але на канцэрт усё роўна прыйшлі гледачы.
Што плянуюць на 2020 палітычныя партыі?
«Мы бяром на сябе адказнасьць за сьвяткаваньне 102-х угодкаў БНР, — тлумачыць Рымашэўскі. — І мы ўжо цяпер заклікаем далучацца ўсіх, хто гэта пачуе, ствараць агульны аргкамітэт. Калі хтосьці зь нейкіх прычынаў гэтага ня хоча, калі хтосьці хоча ладзіць няўзгодненае мерапрыемства, то прынамсі мы заклікаем не паўтараць памылак гэтага году і не дыскрэдытаваць таго, што робяць іншыя».
Ён пацьвердзіў, што заклікае далучацца і арганізатараў #БНР101, якія перанесьлі канцэрт зь Менску ў Горадню, — «ня трэба толькі супрацьпастаўляць і ганьбіць».
Арганізатары менскага канцэрту казалі яшчэ 24 сакавіка ў Кіеўскім сквэры, што мерацца адзначаць Дзень Волі прынамсі у шасьці абласных цэнтрах. Цяпер яны зьбіраюцца ладзіць конкурс сцэнароў для Дня Волі.
З ужо агучаных прапановаў — ладзіць «больш фальклёрны фэст з вышыванкамі» або рабіць у Менску адразу шэсьць канцэртаў на кожнай з пляцовак, дзе можна ладзіць акцыі без дазволу ўладаў (і «сабраць на кожнай па 10 тысячаў людзей»).
«Паўтару за Зьмітром Дашкевічам: кожнае месца годнае, калі там зьбіраюцца годныя людзі і адбываюцца годныя рэчы, — сказаў Рымашэўскі. — Гэты фармат важна ўтрымаць. Але мы накіраваныя на тое, каб у наступным годзе замаўляць цэнтральную плошчу, Кастрычніцкую».
Што кажуць на гэта арганізатары #БНР101?
Адзін з арганізатараў менскага канцэрту #БНР100 і горадзенскага канцэрту #БНР101 блогер Антон Матолька растлумачыў Свабодзе: іхнае сьвяткаваньне яшчэ не завяршылася. Маўляў, «скончыцца праца, падвядзем вынікі — будзем думаць далей», але што казалі на менскім мітынгу, яны чулі.
На 25 сакавіка сёлета яны заклікалі да «дэцэнтралізаванага» сьвяткаваньня: вывешваць бел-чырвона-белыя сьцягі на вокны, ускладаць кветкі да дому, дзе абвясьцілі незалежнасьць БНР (Менск, вул. Валадарскага, 9), і запускаць фаервэркі а 21-й гадзіне.
Што важна ведаць пра Дзень Волі — 2019
- 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
- 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
- 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
- 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
- 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
- 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
- 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
- 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
- 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
- 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.
Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР
- Праект Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» (тэкст + аўдыёпадкасты) і аднайменная кніга (PDF)
- 10 малавядомых месцаў на мапе Беларусі, зьвязаных з БНР
- Беларускае «Слова 2018 году» — БНР
- Дзень Волі — 2018 стаў самым масавым у 21 стагодзьдзі. ІНФАГРАФІКА