Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар Савету бясьпекі: Адна з асноў нашай ідэнтычнасьці — беларуская мова


Станіслаў Зась
Станіслаў Зась

Дзяржсакратар Савету бясьпекі Станіслаў Зась патлумачыў Tut.by, навошта Беларусі асобны дакумэнт, ці сумяшчальны інфармацыйны нэўтралітэт і саюз з Расеяй і чаму беларуская мова названая фактарам бясьпекі дзяржавы.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў канцэпцыю інфармацыйнай бясьпекі, падрыхтаваную Саветам бясьпекі. Раней найвышэйшае кіраўніцтва краіны ўстрымлівалася ад прапаганды беларускай мовы. Аднак у разьдзеле пра традыцыйныя каштоўнасьці ў згаданай канцэпцыі сказана, што пашырэньне сацыяльных функцый і камунікатыўных магчымасьцяў беларускай мовы зьяўляецца «гарантам гуманітарнай бясьпекі дзяржавы».

«Мова — адна з асноў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі любога народу, — патлумачыў Станіслаў Зась у інтэрвію Tut.by. — Калі мы гаворым пра абарону сваёй ідэнтычнасьці, павінны культываваць адну зь яго асноў — мову. Вядома, няправільна весьці гаворку пра тое, што мы цяпер будзем насаджваць беларускую мову. Але рабіць так, каб яна была папулярнай, моднай. Дарэчы, цяпер наша моладзь пачынае паварочвацца да мовы і больш актыўна яе выкарыстоўваць. Гэты шлях трэба прайсьці, каб мы ўмацоўваліся як нацыя і як народ».

На пытаньне, ці плянуецца ў сувязі з гэтым пашырэньне адукацыі на беларускай мове, чыноўнік сказаў, што такія рэчы павінны рабіцца «з улікам рэальных патрэб людзей».

«Калі мы будзем заахвочваць і культываваць моду на беларускую мову, тады будзе і запыт на адукацыю, дзелавыя зносіны... Праактыўную пазыцыю падтрымалі б, але не сілавую. Не загадным парадкам. Трэба пачынаць у той жа інфармацыйнай прасторы, каб у СМІ гучала беларуская мова, каб нашы песьні, наша мастацтва прапагандаваліся. Каб, напрыклад, людзі, дзеці лічылі модным наш беларускі нацыянальны строй. Мне прыемна бачыць, калі маладыя людзі ідуць на вуліцы ў беларускіх вышыванках. Дзесьці ў гэтым шэрагу стаіць мода і на беларускую мову».

Паводле Станіслава Зася, сёньня трэба даць выразны, пераканаўчы і разгорнуты адказ на запыт, які ёсьць у сучасным грамадзтве: «Хто мы, беларусы?»

Паводле яго, людзі хочуць ведаць, хто яны такія, адкуль узяліся. Таму дзяржава абавязаная агучыць сваю пазыцыю без замоўчваньня нейкіх пэрыядаў гісторыі. Розныя часавыя адрэзкі па-рознаму ацэньваліся, але калі абыходзіць важныя рэчы, гэтую пустэчу запоўніць іншая інфармацыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG